Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Падышлі да акна, за якім бачылася мая Навабеліца, і да якой, мусіць, тысячы і трыльёны кіламетраў, нейкі момант маўчалі.
– І што ж адкрылася шаноўнаму Анатасу? Якая зашыфраваная інфармацыя для чалавецтва адкрылася – тайна стала зразумелай?
Ужо сам падахвочваў яго да размовы, бо і сапраўды сталі цікавымі вынікі даследванняў, якім ён прысвяціў усё сваё жыццё. А ў падсвядомасці круцілася – а ці не пярэчыць усё гэта святым запаветам Бога, ці не бяру на сябе грэх, спрычыньваючыся да доследаў-эксперыментаў Анатаса?
– Што? Скажу так: нясучыя элементы кампазіцыі двух херувімаў, выкананых на “вечцы каўчэга” ў адпаведнасці з Тэкстам, я маю на ўвазе перасячэнне іх крылаў, падобны шкілетамі... на літару “Х” (ха) ці – “Х” (ікс). Альбо яшчэ – па кірыліцы – нумару 600 – хэр “Х”. А далей, ужо кіруючыся ўказаннем, устаноўкай ад апостала Пятра: “Адно тое не павінна быць схавана ад вас, закаханыя, што ў Госпада адзін дзень, як тысяча год, і тысяча год, як адзін дзень”. Гэта ўжо ў другім пасланні Пятра, у трэцім раздзеле.
– Далей... – мне ўжо нецярпелася пачуць яго канчатковыя вывады.
– Выкарыстоўваючы маштаб памяншэння (М1:1000), паглядзім на “косці” шкілета нясучай канструкцыі. Ці, іншымі словамі, паглядзім на выяву з вышыні палёту арла. Што мы ўбачым? А ўбачым сілуэт значэнняў, знакаў, якія абазначаюць... што б ты думаў, браце Антон? Хро-ма-со-мы! Структурныя элементы ядра клеткі, якія ўтрымліваюць ДНК, нашчадкавую інфармацыю арганізма. У “Х” (храмасомах) лінейна ўпарадкаваны гены. Самападваенне і заканамернае размеркаванне храмасомаў, па даччыных клетках пры клетачным дзяленні, забяспечваюць перадачу нашчадкавых уласцівасцей арганізма – ад пакалення да пакалення.
– Нават так? – усміхнуўся я, падзівіўшыся з яго адкрыцця.
– І толькі так, і не інакш! – У выглядзе гэтых структур Х-мы можна адрозніць, вызначыць (пры мікраскапіі) толькі пад час дзялення клетак. Кожная х-ма мае спецыфічную форму, памер. У клетках арганізмаў з недыферынцаваным ядром, значыць, бактэрыі, маецца адзіночная двухспіральная малекула ДНК, якая часцей і называецца Храмасома. Пры дапамозе яе і нараджаецца, размнажаецца ўсё жывое. Адкрыюся да канца ўжо. У маёй лабараторыі, у Антланцідзе, даследуюцца храмасомы чалавека, распачата расшыфроўка іх. У прыватнасці, трэцюю па ліку. У склад храмасомы, якая мае дваццаты парадкавы нумар, уваходзіць больш як 727 генаў. Акрамя таго, што веданне іх дапаможа чалавецтву знайсці новыя метады лячэння хваробаў, я магу падпарадкаваць само чалавецтва сваёй волі, майму жаданню і весці яго туды, куды пажадаю… Усе хромасомы ў маім падпарадкаванні.
Я толькі пахітаў галавою – не згаджаючыся, але і не адмаўляючы пачутае.
– А я і забыўся сказаць, на тым вечку выявы чатырох жывых арганізмаў – твар чалавека, галава ільва, земнаводнае стварэнне і лятаючае... Што скажаш на тое, спадар Антон?
– Не ведаю. У Быцці Бог зрабіў ці пасадзіў дрэвы і зеляніну. У трэці дзень. Стварыў чалавека па вобразе сваім, па вобразе Бога стварыў яго. Мужчыну і жанчыну. І сказаў, каб пладзіліся і размнажаліся. Флора, фаўна, біясінтэз, навакольная прастора... Усё мае свой сэнс, сваё прызначэнне...
Спыніліся каля мальберта. Ной толькі імгова кінуў позірк на першыя абрысы. Не цікавіўся нават тым, што атрымлівалася?
– Што я магу табе сказаць, мой капітан? Аб узнікненні жыцця на зямлі напісана шмат і шмат, можа больш аб’ёмам чым сама Біблія, і яшчэ будзе напісана тысячы і тысячы тамоў. Будуць мільёны вопытаў пры высокіх і нізкіх тэмпературах. Гіпотэзы то растуць як на дрожжах, здзіўляючы свет сваёй сенсацыйнасцю, а то вянуць пад першымі промнямі прасвятлення. Думаю, што верагоднасць наяўнасці ўмоў у Сусвеце, для зямных формаў жыцця даволі вялікая. Нават самыя разумныя і мудрыя людзі Планеты, тысячу разоў зноў і зноў, перачытаўшы збор Свяшчэнных кніг, – Бібліі, – так і не разумеюць, Кім складзены ці напісаны гэтыя тэксты.
– Разумна! – пахваліў мае словы Анатас, але падобна, адразу і адмахнуўся ад іх, паглыбіўся зноў у свае думкі.
Мяне ўжо нельга спыніць::
– Хто ж гэта мог быць? Папярэдняя цывілізацыя? Амерыканскія вучоныя выказалі гіпотэзу, што на зямлі ўжо два разы быў канец свету – некалькі дзесяткаў мільёнаў год таму. Гэта калі дождж астэроідаў абрыньваўся на зямлю і знішчаў усё жывое. Можа гэта тая цывілізацыя, ведаючы пра такія непазбежныя катаклізмы і разбурэнні, і пакінула нам папярэджанне і свой вопыт? А, можа, гэта чые-небудзь снобачанні, аб чым не гаворыцца адкрыта ў тэксце? А мо то інфармацыя для разумных істот, дасланая праз тоўшчу прастораў часу ад іншых, нашмат удасканаленых, чым мы? У такім выпадку недзе Там, далёка-далёка, што і фантазія наша не можа дасягнуць да таго берага Галактыкі, існуюць фантастычна цывілізаваныя віды жыцця матэрыі. Яны здольны навучаць нас, настаўляць, прапаведаваць, памнажаць у нас веру ва Ўсемагутнага Адзінага Бога і Ўсяленскі розум, а самі пры гэтым адсутнічаць... Але як бы яно ні было, скажу так – Біблія з’яўляецца адным з самых інфармацыйна насычаных твораў на планеце Зямля!