Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Памятаю, як ты перепалохаў усю школу, надзеўшы кіцель і фуражку з чэшкай, што пакінуў табе Венцэль, і зайшоў у клас, крыкнуў на ўвесь голас: “Хэндэ хох!” Ваенрук, які любіў паздзеквацца над табой, збялеў і не ведаў, што рабіць – так напалохаўся... А потым завуч школы Мікалай Фёдаравіч Дзятлаў, твой далёкі родзіч, адлупцаваў цябе дзягай за такія выхадкі... Правільна адлупцаваў, сам ведаеш, і згодзішся са мной, ці не так? Бо тады які час быў – адно слова ў органы, і твайго бацькі, а то і ўсёй сям’і не было б у жывых..
А памятаеш, як з нас здзекваўся дурань-пераростак Якаў – на сем гадоў старэйшы? А ты аднойчы гваздануў яму ў лоб ручкай з пяром-“зорачкай”... То ж Дзятлаў тады смяяўся і нават радаваўся тваёй смеласці – меншы большага перамог, правучыў нават. Ён болей і не падыходзіў да цябе. Нездарма ж цябе называлі камендантам Белагорскай крэпасці...
Шмат і шмат чаго яшчэ можна ўспамінаць, але пісьмо ёсць пісьмо, тут усяго і не ўспомніш, а калі і ўспамінаць, то кніга цэлая атрымаецца – то ж колькі захапляльнага, цяжкага, горкага і цікавага прыйшлося на нашую долю!
А якія мы з табою пісьменнікі, сам ведаеш: не да таго было – усё аддавалі працы, сям’і, і нешта ж, дзякуючы Богу, дасягнулі ў гэтым жыцці, здзейснілі, не сорамна будзе перад нашчадкамі...Я рады тваім поспехам – расказваюць сябры і знаёмыя пра твае поспехі ў энергетыцы. Хай у цябе стае энергіі на доўгія-доўгія гады, мой дарагі дружа Пятрусь!Адно засмучае, калі даведаўся пра цябе, што ты паклаў сваё здароўе у Чарнобыльскай зоне. Што пасля хваробы ў дзяцінстве ты ніколі не хварэў, а тут столькі нагарнулася на цябе... І ты не захацеў нават атрымаць інваліднасць, якую прыпісвалі табе дактары ад камісіі... Колькім пакалечыў жыццяў той Чарнобыль!
Прашу цябе, выстай, вытрывай, перамажы і на гэты раз сваю хваробу. У цябе ж і прозвішча якое – Сіліч, а, значыць, корань ад слова “сіла”...
Абдымаю цябе, твой назаўсёды сябар – Віктар Дударэнка...”
15.
“Віцька, дарагі мой дружбачок, добры дзень, маё табе вітанне! – адказваў на ліст сябра гомельскі энергетык Пятро Сіліч. – Так, дзяцінства стукаецца ў нашы сэрцы, напамінае пра той нялёгкі час... А там жа былі Васіліха і Курт, нашы сябры і бацькі – маладыя і прыгожыя. Таму аніяк мы не можа вырвацца з таго непрымусовага палону, а яно і добра, што не можам, – бо яно нас жывіла і будзе жывіць доўгія гады, даваць моц і энергію...
Так, дарагі Віцька, да драбніц памятаю дні ў Забалацці – дні акупацыі, галадоўку, нішчымніцу, Курта Венцэля і бабу Васіліху... Усё тое ўспамінаецца светла і хораша. Памяццю, дзякуй Богу, я надзелены цудоўнаю, і таму мне навукі даваліся лёгка і хутка.Колькі прайшло дзесяцігоддзяў, а памятаю як не да хвіліны кожны дзень – дзе мы былі, што рабілі, калі прыйшло вызваленне, калі я апошні раз бачыў свайго Курта...
Так распарадзіліся абставіны, так наканаваў пражыць нам жыццё Усявышні, пра Якога так таленавіта і мудра нам даводзіла лекарка і шаптуха...
Каб не Дранік, то наш Колька хоць які гадочак пажыў бы дома, сярод нас, сярод таты і мамы... Дранік, каб на яго, хацеў займець сабе сябручка ў яго чорных справах, і для гэтага выбраў нашага Міколку... Таму і падаўся ў партызаны раней часу. Потым яго цяжка параніла. Ляжаў у шпіталі пад Бабруйскам. Меркаваў так: трошкі паправіцца і адпусцяць яго камандзіры на колькі дзён дадому. Паправіўся збольшага – і нечакана яго часць, і яго разам з усімі, пагналі далей, на захад. А ён праязджаў ад Забалацця усяго сем кіламетраў. І не ўдалося заехаць да нас. Дык жа здагадаўся перадаць вяскоўцамі кароценькае пісямцо бацькам...
Пісаў, што вельмі шкадуе, што не змог пабачыцца, бо вельмі спяшаліся рухацца наперад. Шкадаваў, што вельмі паранены бацька. Колька ведаў, што ён быў у шпіталі пад Нарвай... Загінуў пад Кёнігсбергам...
Нешта няма сігналаў ад Васіля Бандарчука – як ён там, таксама ж некалі разам з намі вайной загартоўваўся. Шкадую, вельмі шкадую, што своечасова не схаваў тое пісьмо, якое пакінуў мне Курт. Калі раніцай палез у кішэню кіцеля, канверта таго, што трымаў у руках, што мне прызначаўся, не было. Колькі потым не дапытваўся ў бацькі, ён катэгарычна адмаўляўся, што браў яго. Канечне ж, хлусіў. Такі быў тады час, што бацька ўсяго асцерагаўся. Таму і пабіў кувалдай наган, пазнішчаў усё, што было звязана з немцамі, – мусіць, каб не абвінавацілі яго ўлады ў хаўрусе з імі...
Дарэчы, я памятаю, які лёс спасціг нашага старасту Несцера Бандарчука, які выратаваў жыццё не толькі мне і матулі, а і многім-многім вяскоўцам. Шкада чалавека, ой як шкада... Для нас ён быў абаронай і засцярогай, але, на вялікі жаль, для ўлад ён быў ворагам народа, здраднікам... Не, ён нам не здраджваў, гэта мы яму здрадзілі, аддаўшы яго на здзекі законнікам, якія не былі пад акупацыяй...