Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
А бургамістр Вінарскі? Ці можна ацаніць па высокай шкале дабрыні ўсё тое, што ён зрабіў для людзей? Усё наша Забалацце пацвердзіла б і даказала б, што гэта былі тыя людзі, якія застануцца ў памяці кожнага забалацянца – ды і не толькі забалацянца! – як самыя добрыя і спагадлівыя землякі. Смелыя і адважныя, яны рызыкавалі, хадзілі штодня па лязу нажа...
Паліцая Драніка будуць успамінаць па-іншаму. Але Бог яму, як кажуць, суддзя...
Дзякуй табе, што першы напісаў мне, што сабраўся з сіламі і духам, і паклікаў мяне туды, у далёкі сорак першы-другі-трэці-чацвёрты і іншыя пазней гады... Яны з намі, неадчэпна з намі, і нікуды іх не выкінеш, не забудзеш, – яны будуць стукацца ў нашыя сэрцы і напамінаць пра самыя простыя ісціны, пра якія казала баба Васіліха: “Любіце ворагаў сваіх, чыніце дабро нават тым, хто ненавідзіць вас, абражае вас, хто праклінае вас. І маліцеся за тых, хто крыўдзіць і робіць вам балюча...”
Як проста і як геніяльна сказана: “І калі вы хочаце, каб з вамі абыходзіліся па-людску, то самі будзьце людскімі; добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу сэрца свайго выносіць благое...”Мела рацыю Васіліха, калі казала нам, што з гадамі мы тое зразумеем і ўсвядомім. Так яно здарылася і насамрэч. І я рады гэтаму. Яе мудрасць, ды яшчэ матуліна пяшчота і любоў памаглі мне ў жыцці. Мне ўдалося, дзякуючы ім, пазбегнуць шмат якіх недарэчнасцяў і памылак, абысці іх бокам, – і я не параніў, не апёк сваю душу благім і непрыгожым, не выпэцкаўся ў чорным брудзе быцця... Я вынес добрае з добрага скарбу свайго сэрца.І ўсё жыццё буду ўдзячны майму старэйшаму сябру – Курту Венцэлю. І ён таксама, як і ўсе, навучыў мяне дабрыні і спагадлівасці.
Дарагі дружа! Чакаю цябе ў госці. Нашы сэрцы б’юцца ў такт, нашы думкі пераклікаюцца на адлегласці, і таму недарэмна мы часта з табою бачым адны і тыя ж сны...
Абдымаю. Чакаю. Твой – Пятрусь, сябар Курта і твой найлепшы сябрук...
16.
Хлопчык маўкліва глядзіць у маўклівае зорнае неба...
Хлопчык застанецца хлопчыкам да тае пары, пакуль ён будзе яскрава і выразна помніць той далёкі час, калі ўпершыню нешта пачне запамінаць убачанае вачыма і пачутае вушамі – пра першыя запамінальныя і значныя падзеі, што адбываліся каля яго і вакол яго...
Пятрусь узіраўся ў неба... Пятрусь знаходзіў там зоркі нябожчыка – свайго бацьку і матулю, Верку і Валодзьку, Міколу і бабу Васіліху. Там жа знаходзіў сляды і сваіх сябрукоў, якіх па волі злога лёсу некалі сілком павезлі ў Нямеччыну, і якія не вярнуліся адтуль – прапаў іх след на зорных сцежках чалавечага існавання...Малы-дарослы чалавек пільна ўглядаўся ў прасторнае зорнае неба, углядаўся да тае пары, пакуль не пачуў голас свайго сябра – Курта Венцэля... Быццам той стаяў недзе непадалёку, а то і зусім побач, датыкаючыся плечуком да малодшага сябра...
– Як жывеш, Петрусь? Як жывеш, Пятро Сяргеевіч?
Сіліч не спалохаўся голасу свайго сябра, які даляцеў да яго з небыцця, наадварот, абрадваўся гэтаму чаканаму-нечаканаму пытанню. Нейкі час раздумваў, як ужо – па-даросламу – адказаць даросламу сябру.
– Ды як табе адказаць, дарагі мой сябра Курт, на тваё пытанне? Жыву, цябе ўспамінаю з удзячнасцю, снішся ты мне часта, і не толькі мне, а і маім сябрам. Ці жывы ты хоць, ці ўдалося табе вырвацца тады з тае Сталінска-Гітлераўскай чалавекадрабілкі?
– Навошта табе тое ведаць, Петрык? Памятай мяне такім, якім і запомніў. Я ж табе адрас і месцажыхарства напісаў у пісьме, а ты служыў у мяне на радзіме матросам, – зусім непадалёчку ад маіх мясцінаў – чаму не пацікавіўся хоць, ці жывы я, і не пазнаёміўся з маім Пэтэрам?
Пятро адчуў ніякаватасць, падумаў пра сябе: “Прызнавацца ці не?” Але хлусіць у такім выпадку не мог – ніколі ён не хлусіў Курту:
– Знікла тое пісьмо, Курт, і сам я павінен у тым, – не збярог я яго, не схаваў адразу, як убачыў. Мо бацька ўзяў, ды спаліў, ці хто іншы, – да сённяшняга дня не ведаю, за што караю сябе няшчадна ўсё жыццё.
– Не карай... Не вінаваты ты. Але калі будзеш на маёй радзіме па справах сваёй працы, абавязкова раскажы пра мяне маім суайчыннікам. Яны абавязкова зразумеюць цябе. Не ўсе мы былі такія, якія сеялі смерць і гора тваёй радзіме Беларусі. І мой народ павінаваціцца перад вашымі людзьмі – жывымі і нябожчыкамі. Табе з Віцькам пра тое казала баба Васіліха...
– Добра, Курт, абяцаю. Праз месяц я буду на тваёй радзіме. Будуць сустрэчы з немцамі, будзем гаварыць пра энергетыку. Абавязкова раскажу пра цябе. І пра сябе. Пра нас з табою. Раскажу, як ты выратаваў мяне ад галоднай смерці. А ім, тваім суайчыннікам, скажу такую фразу: