Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Ды не, уважліва слухаю. І работа, здаецца, ідзе на лад. Выбіваюся на сцежку. “Сынам Ізрайлевым...”
– І ў раздзеле трыццаць першым дадаецца: “І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы: глядзі, Я прызначаю менавіта Весялііла, сына Урыева, сына Орава, з калены Іўдзіна; і Я выканаў яго Духам Божым, мудрасцю, разуменнем і ўсялякім мастацтвам, працаваць з золата, срэбра і медзі, (з блакітнай, пурпуровай і чырвлёнай шэрсці і з кручонага віссона), рэзаць камяні для ўстаўлення і рэзаць дрэва для ўсялякай справы; і вось, Я даю яму памочнікам Агаліява, сына Ахісамахава, з калена Данова, і ў сэрца ўсялякага мудрага ўкладу мудрасць, каб яны зрабілі ўсё, што Я загадаў табе: скінію збору і каўчэг адкрыцця і вечку на яго, і ўсе прыстасаванні скініі, і стол і (усе) прыналежнасці яго, і свяцільнік з чыстага золата (999-й пробы?) і ўсе прыналежнасці яго, і ахвярнік курэння, і ахвярнік
усёспалення, і ўсе прыналежнасці яго, і ўмывальнік і падножжа
яго, і апранахі службовыя і адзенне свяшчэннае Аарону свяшчэнніку, і адзенне сынам яго, для свяшчэннаслужэння, і ялей памазання і курэнне благавоннае для свяцілішча: усё так, як я загадваў табе, яны зробяць”. Гэта ў Зыходзе, у трыццаць першым вершы. І гэта паўтор ранейшага, але гэта неабходна таксама. І для чаго ўсё гэта, спытаеш ты ў мяне. А я адкажу – а для таго, браце мой, каб узяцца за асноўнае – за разлікі.
– За разлікі... – паддакваю, і рука ліхаманкава пачала наносіць новыя і новыя абрысы. Падалося, што ўхапіў, злавіў нечаканы сэнс вобраза, яго галоўную сутнасць. Адначасова слухаў, пра што баяў субяседнік, усё больш і больш паглыбляючыся ў яго разважанні. Калі ён чытаў ці расказваў, у мяне нараджаліся свае асацыяцыі – я бачыў яскрава тое вечка, пра якое гаварыў Ной, самога дзеда Ноя, яго дзяцей і нявестак, звяроў, якіх ён загнаў у каўчэг па загадзе Бога...
– Тады мы давай думкава прыступім да чаканкі. Бярэм метал, памеры якога – даўжыня 2,5 локця, шырыня – 1,5. Патрабаванні – два херувімы на абодвух канцах вечка: адзін – з аднаго краю, другі – з другога. Вызначым перыметр (развернем, так бы мовіць) вечка. Р=4 (1,5+2,5)2=8 локцяў. А плошча вечка з чыстага золата 999-й пробы – S=2,5х1,5; S=3,75 (локцяў у квадраце). Разумееш мае лічбы?
– Разумею. № 8 і 3,75.
– Наступнае дзеянне матэматычна трохі і няправільнае, але ўсё ж, адкінуўшы ўмоўнасці, тэкст Пісання таго патрабуе, зробім яго. Бо калі інакш, то стане незразумела, да чаго тут такія велічыні: № 8 з яе атамнай вагой – 15,999 адзінак...
– І я пакуль не разумею, – прызнаюся, водзячы ўсё яшчэ кавалкам крэйды – ужо вымалёўваўся капялюш, твар, губы, вочы...
– Згодзен, згодзен... Я таксама вельмі доўга ламаў над гэтым галаву, пазбіваў не адну пару рагоў і капытаў, парваў сасуды галаўнога мозгу, але ж дапетрыў, што да чаго. Давай з табой адкладзем велічыны – S 3,75 – такім чынам: 3+7+5=15 энергетычных адзінак. І тады я пераканаўся, што вобразы херувімаў на вечку каўчэга гэта і ёсць адухоўленая форма матэрыі, натуральна, хімічны элемент кісларод да месца нашых разважанняў пра велічыню 999 – чыстае золата. Бо ўпамянёны метал раней належыць самому вечку, роўна як і каўчэгу, пакрытаму звонку і ўсярэдзіне такім жа металам і, такім чынам, чыстае золата належыць самой плошчы вечка. І велічыня яе (заўважу, матэматычна мо і не зусім дакладна): 15 энергетычных адзінак. Значыць, у тэксце пад Адкрыццём раскрываецца восьмы хімічны элемент – кісларод з атамнай вагой 15,999 (16,0).
– Ты глядзі... хмыкнуў я здзіўлена і крутануў галавой. – Нават такія дакладныя падрабязнасці закадзіраваны ў Бібліі!
– І не толькі такія... На гэтую тэму апошнюю вытрымку напомню табе. Першае пасланне Пятра, верш трэці: “Таму што, калі заўгодна волі Божай, лепш пакутаваць за добрыя справы, чым за злыя; таму што і Хрыстос, каб прывесці нас да Бога, аднойчы пакутаваў за грахі нашы, праведнік за няправедных, некалі нескароным чаканаму іх Божаму доўгацярпенню, у дні Ноя, пад час пабудовы каўчэга, у якім нямногія, а дакладней, восем душ, выратаваліся ад вады. Так і нас цяпер, падобнае таму вобразу, хрышчэнне, ні плоцкага бруду абмыццё, а абяцанае Богу добрага сумлення, ратуе уваскрашэннем Іісуса Хрыста, Які, узышоўшы на неба, правіць праваруч Бога і Якому скарыліся Анёлы, і ўлады, і сіл”.
Я адарваўся ад працы, адчуў, што пара зрабіць перапынак, ды і Ной задоўга ўжо сядзеў, пазіруючы.
– Перакур? Я так зразумеў? Ці на сёння мо і зусім хопіць?
– Так, першы сеанс адбыўся.
– Некалі ж будзе і апошні.