Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Ляжы ціхенька, а тое я паказычу цябе крышачку гэтай цацачкаю. Ціхенька, бы мярцьвяк, а тое я й на загад магу забыцца. Трасца на тых ізенградцаў! Углуку багронк ша пушдуг Саруман-глоб бубхаш шкай! – і замармытаў доўга на ўласнай мове, а потым шэптам яшчэ кляў ды бурчэў.
Зьляканы Піпін ляжаў нерухома, хоць боль у сьціснутых лытках ды пясьцях мацнела й камяні ўпрост праціналі сьпіну. Каб забыцца, прыслухоўваўся да ўсяго, што робіцца навокал. Чулася шмат галасоў, і хоць оркава гаворка заўсёды падаецца поўнай нянавісьці й злосьці, відочна, цяпер пачалося нешта падобнае да сваркі, дый хутка ператварылася ў сапраўдную свару.
На Піпінава зьдзіўленьне, ён разумеў большасьць прамоўцаў – шмат хто з оркаў карыстаўся Агульнай мовай. Відавочна, тут зьмяшаліся оркі двух ці болей плямёнаў, якія не разумелі гаворак адзін аднаго. Спрачаліся цяпер, што рабіць: куды рушыць далей ды што ўчыніць з палоннымі.
– I часу ж няма пазабіваць іх адпаведна, – казаў адзін. – I пагуляцца зь імі часу няма.
– А што ж зробіш? – спытаў другі. – Такая дрэнь. А вось чаму ж папросту ня кончыць іх, хоць бы зараз жа, ну? Цягнуць іх – халера дурная, а трэба ж сьпяшацца. Во й сутонее ўжо, і пабяжым неўзабаве.
– А загад? – прагырчэў трэці голас, глыбокі й нізкі. – Забіць усіх, АКРАМЯ паўросьлікаў, а тых прынесьці ЖЫЎЦОМ як мага хутчэй! Вось мой загад!
– А навошта жыўцом? – спыталі адразу некалькі галасоў. – Навошта яны патрэбныя? Зь імі што, можна выдатна пагуляцца?
– Не! Я чуў, у аднаго зь іх нейкая драбяза, нейкая рэч, істотная для вайны. Эльфскія нейкія хітрыкі ці што. Так ці інакш, абодвух трэба грунтоўна дапытаць.
– Няшмат ты чуў. А чаму самім не абшукаць ды ня высьветліць: мо й для сябе нешта карыснае прыдбаем?
– Цікавая думка, цікавая, – абвесьціў новы голас, не такі грубы, але больш злосны й пагрозьлівы за астатнія, – мо данесьці пра яе каму трэба, га? Палонных НЕЛЬГА абшукваць, і тым больш рабаваць. Такі мой загад.
– Мой таксама, – пацьвердзіў басісты голас, – жыўцом і менавіта ў тым стане, у якім захапілі. Не рабаваць.
– Гэта вашыя загады, ня нашыя! – завыў адзін з ранейшых галасоў. – Мы ўвесь шлях ад гор беглі, каб забіць, каб адпомсьціць за нашых. Дык заб'ем – і назад, на поўнач.
– Хацець ня шкодна! – гыркнуў басісты. – Я – Углук! Я тут бацька. I мы пакрочым да Ізенградку найкарацейшым шляхам!
– Ці ўжо Саруман гаспадар Вялікаму Воку? – вымавіў злосны голас. – Адразу ж вяртаемся ў Лугбург!
– А, каб мы празь Вялікую раку перабраліся! – віснуў ранейшы голас. – Дык нас надта мала, каб прабіцца да мостаў!
– Я ж перабраўся, – вымавіў злосны. – Крылаты назгул чакае нас на поўначы на ўсходнім беразе.
– Можа й чакае, так! Цябе чакае, каб ты ляцеў разам з палоннымі ды каб у Лугбургу ўсе ўзнагароды й пашаны былі твае, а нас пакінеш дабірацца пешма праз гэныя конскія закрайны. Не, разам трэба. Тут краі недарэчныя, бандытаў ды бунтаўнікоў процьма.
– Так, разам трэба, – прагырчэў Углук. – Таму што вам аніякага даверу няма, сьвінюкі недарослыя. Як павыбіраецеся зь бярлогаў, дык і сэрца ўжо ў пятках. Калі б ня мы, вы ўсе паўцякалі б. Мы – урук-хаі, мы – ваяўнічая кроў! Мы забілі вялікага ваяра! Мы ўзялі палон! Мы – дружына Сарумана Мудрага, Белай Рукі: Рукі, якая корміць нас чалавечынаю. Мы прыйшлі зь Ізенградку, і туды вас павядзем тым шляхам, які абярэм самі. Я – Углук, бацька над вамі. Я вам сказаў.
– Ці не зашмат Углук гаворыць, га? – пакпіў зласьлівы голас. – Цікава, ці даспадобы прыйдзецца гэткае ў Лугбургу? А мо там палічаць, што галава Ўглукава ўжо надта цяжкая для ягоных плячэй? Дый папытаюць, адкуль прыйшлі такія думкі, што ягоны нос гэтак задраўся? Мо ад Сарумана? I кім жа ён сябе ўяўляе, га, каб маляваць сабе ўсялякія паскудныя пазнакі? А адказы яны пачуюць, дый павераць ім, ад Грышнаха, даверанага, іхняга выведніка й пасланца, а Грышнах скажа: дурань Саруман, здрадлівы дурань. Але ж Вялікае Вока ўжо над ім!
– Сьвінюкі, так? Хлопцы, як вам падабаецца мянушка "сьвінюкі" ад сьмецяроў здурнелага ведзьмачука? Хлопцы, ці ж ня оркава мяса яны жаруць?
Шмат выгукаў па-орцку пачулася ў адказ, забразгаталі лёзы, вылятаючы з похваў. Піпін асьцярожна перакуліўся на бруха, спадзеючыся пабачыць, што ж адбудзецца. Вартаўнікі пакінулі яго, далучыўшыся да сваркі. У паўзмроку паўстаў вялізны чорны орк, напэўна Углук, насупраць Грышнаха, невысокай крываногай істоты, шырачэзнай у плячох ды з рукамі такой даўжыні, што яны амаль краналі зямлю. Вакол тоўпілася мноства меншых гоблінаў. Піпін падумаў, што яны, верагодна, і ёсьць паўночнікі. Яны павыцягвалі нажы ды мечы, але на Ўглука напасьці, відавочна, не адважваліся.