Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
Плюсы: высокая верагоднасьць атрымання жаданага выніку, цеплыня, спакой у апошнія хвіліны... і як эстэтычна!
Мінусы: многія з нас не выносяць выгляду крыві, а яна, выклікаючы агіду, яшчэ й гіпнатызуе, як кобра. І, безумоўна, у самім акце прысутнічае спачатку боль, хаця напраўду працэс ня больш балючы, чы узяцьце крыві на аналіз.
Музыка: Земфіра, БИ-2, наагул — расейскі рок.
І ўрэшце — скачок з вышыні. Тут ад цябе патрабуецца толькі тваё цела, прыладаў працы навокал хапае зь лішкам. Асабліва прыдатнымі мне падаюцца новыя чатырнаццаціпавярховікі ў Гопаўцы і „кукурузіна” на вуліцы Троцкага. Праўда, там кодавыя замкі, але ж на тое ты й жанчына, каб адмыкаць усе дзьверы сваёй абаяльнасцю.
Скончыць жыцьцё самагубствам падобным чынам найлепш усё ж у чыжым раёне, бо хіба задавальняе цябе гэткая карціна: ля твайго распасцёртага цела шчыруюць тыя ж самыя бабулькі, якія штодня, гніючы на лавачках ля твайго па'езду, гнусавяць табе ўсьлед рознае паскудзтва?
Самае цяжкае — зрабіць гэты вызначальны, рашучы крок у пустату. Так што альбо заплюшчы вочы, альбо скоч з разьбегу, або стань да пустаты сьпіной. Разьбег, праўда, пазбаўляе твой скачок трагічнай стыльнасці, але пры палёце дапамагае ня ударыцца галавою аб гаўбец і ўпасьці на зямлю падобнай да ахвяры аўтакатастрофы. Добра аглядзі мейсца будучага прызямленьня — пажадана, каб яно было заасфальтаваным або забэтонаваным, бяз дрэваў, дроту, хмызоў, іншых гарадзкіх расьлінаў. Вядомыя выпадкі, калі самагубцаў ратавала нават павешаная сушыцца бялізна.
Плюсы: галоўны плюс — адчуваньне вольнага падзеньня, незнаёмае нават парашутыстам. Ці не пра гэта марыў Ікар?
Мінусы: відавочна, што цела тваё, мякка кажучы, страціць пасьля прызямленьня частку сваёй прыгажосці. Ня вельмі чысты, але надзейны спосаб.
Музыка (у плэеры): ад Індастрыелу да Бэтховэну.
Удачы табе. Вазьмі на той сьвет „Баў” — ён і там дапаможа табе ў цяжкую хвіліну. Пішыце мне на адрэсу: вул. Каплан, 9, Дары Малярыі.
10
Ногі, якія без супынку варушыліся, геніталіі, угадваемыя пад шырокімі нагавіцамі ды купаламі спадніцаў — Дыктатар выразна ўяўляў, як яны, нібы кветкі, выдзяляюць свой ні на што не падобны пах у цёплым паўзмроку майткоў; рукі, што, нібы засланяючыся, трымалі перад сабой кайстры й пакеты... так, ад ног да пупка, яшчэ можна было трываць членаў гэтай рэлігійнай сэкты — пасажыраў аўтобуса нумар 36. Галоўнае — ня бачыць твараў. „... разьбіць шкло. Малаток у кіроўцы”. Дыктатар сядзеў, гледзячы на свае калені, яму здавалася, што яго толькі што моцным ударам зьбілі з ног і цяпер зьбіраюцца дабіваць, падымі вочы — і пачнецца расправа. Галасы наверсе сінхронна вялі самыя розныя размовы, сярод якіх можна было вылучыць тры найлепш чутныя: пра сына, які зьехаў у Галяндыю й ня піша, пра тое, дзе лепей прабіць брыво ды абмеркаваньне заўтрашняй зарплаты й гэткай жа немінучай расплаты.
Дыктатар вынуў сшытак і пачаў грызьці аловак. Урэшце той быў даведзены да патрэбнага стану, Дыктатар шчодра пасьлініў яго, схіліўся над аблытаным лініямі скруткам:
„Дзень — кропля, якая дрыжыць На Столі Яна Надзімаецца Яна Таўсьцее Яна Дрыжыць Рыхтуецца Да Скачку Яна ў Нецярпеньні Падбірае Пад Сябе Хвост Яна Кінецца Яна Ўпадзе Кропля”.
— Гэта ня кропля, гэта нейкая сапля. Добры дзень, пане Дыктатару! — ціха вымавіў нехта па-над галавою, удала абраўшы момант, калі дымавая завеса галасоў наверсе дасягнула чарговага найніжэйшага пункту празрыстасці й схавала прамоўленае ад чуйнага слыху суседзяў.
Як не брыдка было падымаць угору вочы, Дыктатар паглядзеў на тых, хто стаяў вакол — але па-над ім узвышаўся толькі няроўны частакол твараў, бясстрасных або заклапочаных, і ён не знайшоў аніводнага, хто выдаў бы сябе якім-небудзь рухам або зьзяньнем зрэнак. Толькі хваравіта падрыгвала цела аўтобуса, распухлае, злое, — ён рабіў кола па плошчы і дамы, сабраныя ў гурт пастушым зрокам пасажыраў, выгіналіся, прыціскаючыся адзін да аднаго. Размовы перасякаліся, дзяліліся, патаналі ды ўсплывалі, па-над самай стольлю вісела, як нябачны смог, напружанне зацеклых рук. Было душна, дыктатар зноў схіліўся над сшыткам. Нейкая жанчына з агідай паглядзела на яго й пачала праціскацца да дзьвярэй.