Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Давай.
На вялізнай тканіне, неабдымнай шырыні і вышыні, высвеціўся пейзаж. Я адразу пазнаў бераг сваёй Прыпяці – рыбакі сядзелі ў чоўнах і вудзілі рыбу. Рука Алкепава вяла нябачны аб’ектыў па палях і лугах, па бярозавым гаі... А потым за шырокім возерам, дзе густа раслі трыснягі, адкрывалася панарама той мясціны, якая хвалявала маё ўяўленне...
Поле-дарога да вяршыні ўзвышша. А дарогай служылі кветкі з макаў і рамонкаў... Макі – між рамонкаў. Як быццам бел-чырвона-белы штандар апусціўся з неба і лёг на зямлю. Холад і дрыжыкі прабеглі па маім целе: “І ён ведаў пра гэты пейзаж?”
Рух камеры спыніўся. Ад пейзажа дыхнула прахалодай, пачуліся спевы птушак, а потым і глухія ўдары царкоўнага звону...
Перасохла ў горле, здранцвеў язык.
– Твой пейзаж?
У знак згоды кіўнуў галавой.
– Ты патраціў месяц на стварэнне, а я зраблю ўсё за пятнаццаць секунд. Глядзі...
Ён націснуў клавішу.
Паветра пачало ператварацца ў неба, поле з макамі – у дарогу... Пачуўся пах фарбаў, ільнянога алею, лаку... Нябачны мастак вадзіў нябачным пэндзлем па палатне. Але мастак не копіраваў прыроду. Уносіў свае карэктывы і штрыхі ў малюнак. Мяне здзівіла і ўразіла тое, што рабілася гэта маёй рукой... Я ж памятаю, як даводзіў да канца “Дарогу”, самыя нязначныя кропачкі адзначаў мой пэндзаль... Адзінае, што хуткасць была павялічана шматкроць.
Падышоў да палатна, пакратаў яе. На пальцах засталася свежая зялёная фарба – дакрануўся да травы, і яе фарба мела свой пах.
– Анатас, даруй, але я нічога не разумею... Адкажы мне на такое пытанне. Скажы, калі ласка, навошта мяне трэба было цягнуць сюды, прасіць, каб я маляваў цябе, а ты толькі адным націскам кнопкі можаш стварыць любы пейзаж... І не толькі пейзаж, а мільёны сваіх партрэтаў. Лепей мне не зрабіць...
Ён пахітаў галавой.
– Гэта непасільна кампутару... Ён творыць логікай. А ў цябе – інтуіцыя. Тое, што ты бачыў – кампутарная графіка, кампутарны жывапіс... Яна ніколі не можа замяніць талент сапраўднага мастака, чалавека, яго душу. Найперш – душу. Таму я і бяру яе ў палон. Калі я параўнаю тваю “Дарогу” і гэтую, перавагу аддам, безумоўна ж, той, якую стварыў ты. У ёй твая душа, а тэхніка душы не мае. Няхай яна і звышвытанчаная...
Мне за лепшае выпадала маўчаць. Захацелася яшчэ пільней прыгледзецца да імгова створанага шэдэўра. Адышоў на крокаў трыццаць. Прымружыўшы вочы, пачаў напружана ўглядацца ў “анатасаўскі” пейзаж... Плылі спаважна аблокі. Ляталі буслы над полем. Зумкалі пчолы, сядаючы на кветкі. Пейзаж жыў сваім жыццём, па сваіх законах.
Усё быццам бы здавалася дасканалым і праўдзівым, і прапушчана праз таленавітае ўспрыняцце і бачанне, але, на мой погляд, шмат чаго і не ставала... Я ведаў, чаго. Быццам бы і дробязь. Але ў той дробязі і ўтойваўся моц пейзажу. Пра тое я нічога не сказаў “плагіяту”...
– Уражвае! – прамовіў без асаблівага пафасу. – Фантастыка! Вось бы нам такую тэхніку туды, у мой свет...
– Зайздросціш, Антон?
– Шчыра прызнаюся, не. Мастакам гэта не паможа, а паліграфіі асвоіць такі прагрэс яшчэ не пад сілу.
– Во-во... Усё ты разумееш.
Мне заставалася толькі ўздыхнуць.
– Мой камандор! Анатас, а мы дзе будзем працаваць? Тут?
Ён паглядзеў вакол, падумаў, мне ж сказаў:
– Не. Тут, мусіць, задужа прасторна, а ты прывык да камернасці, утульнасці, ці не так?
І, не чакаючы майго адказу, павярнуўся, пайшоў, запрашаючы мяне, тым самым, крочыць следам:
– У майстэрні ўсё ёсць, што ты ні пажадаеш... У нас ніколі не існавала дэфіцыту. Ёсць усё заўсёды.
– Камуністычны рай?
– А хаця б і так... Алкепаўскі рай. Чым кепска?
– Але адзін наш пісьменнік, так сабе, пасрэдны пісьменнік Антон Крушня, назваў яго “Пекла ў раі”, хаця потым назву ў выдавецтве, з яго ж згоды, памянялі на “Пякельны рай”. Рэдактар пабаяўся, што расейцы падумаюць, што “пекла у Раі”, принялась печь пироги у Раи…
– У кожнага творцы свой погляд, – адмахнуўся ад мяне капітан. – Хаця і ў рэдактараў здараюцца заскокі…
Мы пераступілі парог, спусціліся на дзве прыступкі ніжэй. Я ледзьве не войкнуў ад здзіўлення – гэта ж мая майстэрня! Усё да драбніц выглядала так, як і ў мяне – і сцены, і падрамнікі, і шафа, на якой стаялі Ясь і Яніна...
– Ну, як табе тут? Такое табе падыходзіць?.. Гэта, бадай, адзіны куточак, які мае камерны памер. Каб ты адчуваў сябе ўтульна.
Сціснуўшы зубамі верхнюю губу, кіўнуў моўчкі ў адказ.
І тэлефон тут стаяў – ламаны-пераламаны, біты-перабіты. Гэта ж я чапляўся за шнур, і ён процьму разоў бразгаўся вобзем... Падкацілася жаданне тут жа пазваніць жонцы, ды сказаць, каб прыйшла да мяне. Але спужаўся сваёй жа думкі: паклікаць можна, але як яе потым выбаўляць адсюль?!