Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
...Мама ўмела і любіла выпякаць хлеб.
Да сённяшняга дня памятаю яго пах – непаўторны, смачны і прыгожы . Калі яна чаравала каля печы, то гэта быў цэлы таямнічы абрад – яна і малітвы шаптала, і песні спявала, калі саджала на гарачы чарэнь круглыя боханы. Мо ад яе пяшчоты і кулідкі атрымліваліся такія незвычайныя і прыцягальныя.
Калі ж хлеба назбірвалася некалькі мяхоў, бацька запрагаў каня, і мы ехалі ў Бабруйск. Каб за той хлеб выручыць якую капейчыну, каб купіць льга было якога абутку для дзяцей, сітчыку на сарочкі...
Бацька ў той дзень быў у добрым настроі – купляў усё, што прасіла маці.
А ў мяне папытаўся:
– Пятрусь, а ты хочаш на чырвоным кані пакатацца?
– А дзе ён, той чырвоны конь?
– Перад табой. Выглянеш у акенца, што над канём, а дзядзька і сфатаграфуе цябе.
Мне падставілі табурэцік, паказалі, як трэба паглядаць і куды глядзець.
Калі мы праз нейкі час атрымалі фатаграфію, радасці не было мяжы. Маці паглядзела на кавалерыста Петруся, сказала сур’ёзна:
– Ну, выліты Будзённы. І шашка збоку.
Я, прыехаўшы дадому, з адваротнага боку напісаў: “Чэмпіёнам краіны па канькабежцы з’яўляецца Пётр Сіліч...”
То было ўжо ў сорак восьмым годзе...
...У нашай хаце пасялілася гора.
Не ўбераглася мая сястрычка Вера – падхапіла ў вайну тую хваробу. Ад бежанкі. Памерла сястрычка, і яе пахавалі ў Забалацці.
Спахапіліся ды позна – хвароба была ў самым разгары. А было ж сястрычцы трошкі больш за дзесяць гадоў.Да мяне часта падступалася слабасць, кружылася галава і балела ў грудзях. Калі я паскардзіўся маці пра тое, вельмі занепакоілася, спалохалася за мяне, баялася, каб і я не захварэў той страшнай хваробай. На той час з’явіліся рэнтгены, і калі мяне аднойчы прасвяцілі ім, то доктар адразу вызначыў маю хваробу – туберкулёз лёгкіх закрытай формы.
Тады ж не было ні пініцыліну, ні стрэптаміцыну, яно было, канечне ж, ды не ўсім дастаць выпадала, асабліва нам, вяскоўцам...Маці не ведала, што рабіць...Старэйшы брат Анатоль служыў на флоце. Сем гадоў праплаваў ён на тральшчыку. Расказваў потым мне, што шмат мін было на моры – і іх прыходзілася збіраць.Калі памерла Верка, яго выклікалі на пахаванне. Не заспеў. Пахавалі без яго. Вельмі перажываў, што не развітаўся з сястрычкай. Калі ж даведаўся, што і мяне падцікавала тая страшная хвароба, не на жарт захваляваўся і пра маё жыццё.
Адразу ж падаўся ў бальніцу – да галоўнага ўрача. Расказаў пра бяду, прасіў даць накіраванне ў які-небудзь санаторый.
– Нічым памагчы не магу! – катэгарычна адмовіў галоўны ўрач Кацнельсон. – Хай ваш брат тут лечыцца.
– Дык у вас жа тут няма неабходных лекаў! – Толя як не крычаў на яго, бачачы, што таму да лямпачкі дзіцячы лёс нейкага вяскоўца.
Прыехаў дадому раззлаваны, але ні пра што не расказваў. Цэлую ноч думаў, не спаў, вырашаў, як паступіць, як знайсці выхад з тупіковага становішча...
Раніцай, папярэдзіўшы маці, што адлучыцца на дзень-два, знік. У Менск падаўся. У Міністэрства аховы здароўя. Не ведаю, у якія ён там дзверы стукаўся, каго прасіў і умольваў, але адтуль прыехаў радасны і задаволены.
Паклаў на стол паперчыну і абвясціў:
– Во, Пятрусь, трэба ехаць у Наваельню. У дзіцячы санаторый. На лячэнне. Праз два тыдні трэба выязджаць...
Потым расказваў, што сустрэўся з чэрствасцю чыноўнікаў. Але калі пачаў грукаць корцікам па стале, абяцаючы даць тэлеграму ў Маскву, нарабіць шуму, яго пачалі супакойваць:
– Добра, добра, супакойцеся... Атрымае ваш брат пуцёўку ў санаторый.
Тры з паловаю месяцы прабыў я ў тым санаторыі.Хлапчукі прыязджалі з розных мясцінаў, але ў асноўным з гарадоў. Тыя, хто быў з горада, грэбліва крывіліся ад поснай кашы ці бульбы, супу ці баршчу. Я ж падмятаў усё, што давалі – яшчэ і дабаўкі прасіў. Як за сябе выкідваў усё...
Пасябравалі мы з хлопцамі, больш таго, парадніліся. Фатаграфаваліся на памяць. Кожны з хлопцаў падпісаўся на тым фота. На той жа першай фатаграфіі стаіць дата – 23 ліпеня 1950 года.Гляджу на твары хлапчукоў, успамінаю той нялёгкі час, а ведаю – у жывых з іх не засталося нікога. Ні-ко-га! Скасіла хвароба. Выжыў толькі я. Як з поля бою выйшаў...Нарадзіла мяне маці, даўшы жыццё.Выратаваў ад галоднай смерці Курт Венцэль.Вярнуў да жыцця мой брат Толік.
За гэты час я паправіўся, і ўжо больш не кружылася галава, цвёрда і ўпэўнена я хадзіў па зямлі. Галоўны ўрач дзіцячага санаторыя здзівіўся, гледзячы на рэнтгенаўскія здымкі, пільна паглядзеў на мяне, узнёсла прамовіў: