Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Ту-ту-ту!.. Та-та-та!...
На тую бяду той жа афіцэр заўважыў, як па ім страчыў з аўтамата Пятро Сіліч, успрыняў тое сур’ёзна ці палічыў за абразу, невядома, але, не раздумваючы, скінуўшы з пляча аўтамат, узвёў затвор і скіраваў рулю ў бок хлапчука, прыцэліўся нават...
Амаль адначасова з ім заўважыў “дыверсанта” і Курт Венцэль. І калі Гюнтэр амаль дакрануўся пальцам да спускавога кручка, крыкнуўшы на ўсю моц сваіх лёгкіх “на-аайн!”, коршакам кінуўся на яго, падштурхнуўшы рулю ўверх...
І аўтаматная чарга расстраляла... неба.
Праз колькі імгненняў Курт пераскочыў высокі плот (потым Пятрусь і сам будзе здзіўляцца, як можна было пераскочыць яго адным махам), падбег да “дыверсанта”, ухапіў за каршэнь, зцягнуў з даху, – і панёс, як шкадлівага ката, у падвал.
Ды ад дзікай ярасці не разлічыў і Пятрусь зачапіўся галавой за вушак дзвярэй, – аж іскры заскакалі ў вачах, і ён адразу страціў прытомнасць...Але гэтага не заўважаў Венцэль, кінуў яго на мяшкі з рыззём. І яшчэ раз балюча ўдарыўся аб сценку...Чаго-чаго, а такога ён ад Курта не чакаў. Ён жа за яго помсціў таму Гюнтэру, за свайго лепшага сябра – чаму ж ён так узлаваўся на яго?!
– Шайзэ! Кіндэр – думкопф! Гаўнюк! Дурань!
Абзываў хлапчука рознымі словамі, стараючыся ўтаймваць сваё хваляванне і злосць.
А потым нечакана ўхапіў дзягу, што вісела на цвіку, і на вачах усіх пачаў лупцаваць Алену Сіліч, гнучы пры гэтым нейкія свае мацюкі і абразлівыя словы.
Хацеў уступіцца, не ведаючы сітуацыі, за жонку гаспадар, дык на яго так бліснуў Курт азвярэлымі вачыма, што Сіліч не пасмеў і слова сказаць... Ніводнага разу ён не бачыў такім раз’юшаным нямецкага афіцэра, не ведаў, што было таму прычынай...Потым Курт сеў на тапчан і заплакаў, абняўшы галаву. Потым апамятаўся, прытуліў да сябе хлопчыка, шаптаў нешта няўцямнае, як прасіў даравання за такую жорсткасць да яго...
Бачыла ўсё бежанка – Зоя. Сказала гаспадару – шапнула на вуха. Сяргей Сіліч пахітаў галавой, збялеў тварам. І ў яго часаліся рукі ўзяць дзягу ды правучыць сына за яго безразважлівасць і дурноцтва...
Колькі разоў потым будзе сніцца Пятру Сілічу той эпізод – вочка рулі нямецкага аўтамата і чарга, якая расстраляла неба. А тыя ж кулі прызначаліся для яго... І ён кожны раз будзе прахоплівацца ад страху ў сне, і доўга яшчэ не будзе верыць, што тое яму толькі прыснілася.
Каб зняць хваляванне і калатун у целе, Курт Венцэль зноў закурыў – рабіў глыбокія зацяжкі і не мог утаймаваць у сабе прыкрую горыч перажывання. Кідаў пад ногі цыгарэты, і тут жа прыпальваў новую ад запальнічкі...
Рукі ў яго трэсліся, і ніяк не мог знайсці душэўную раўнавагу. Усе, хто знаходзіўся ў цесным падвале, маўчалі, не маглі нічога зразумець, не здагадваліся, чаго так раз’ятрыўся нямецкі афіцэр.
А немцы абшукаліся яго – клікалі і гукалі. А ён і не адгугваўся – як усё роўна хацеў застацца сярод вясковых людзей. Растварыцца сярод іх, стаць непрыкметным, незаўважным...Потым нехта здагадаўся зазірнуць у падвал і, схапіўшы яго пад рукі, зноў пацягнулі да машыны.
Курт вырываўся, крычаў адно і тое ж:
– Сталін – шайзэ! Гітлер – шайзэ!..
Потым, калі ўсё аціхла, калі перасталі раўці рухавікамі машыны, а ў яго перастала гудзець у галаве, асмеліўся выйсці у двор. Не вытрымаў, пайшоў у тую палавіну хаты, дзе жыў Курт.
Пятрусь заўважыў на сцяне кабуру. У ёй быў наган. І тут жа, каб не ўбачыў тое бацька, хуценька схаваў яго за грубку – пад праломленую падлогу...
За “праяўленае геройства” бацька дабавіў сыну па азадку некалькі разоў дзягай, ды нашмат мацней, чым Курт, – сын доўга не мог сесці на лаўку.
– Каб надалей разумнейшым быў і не падстаўляў сваю галаву пад нямецкія кулі, – як бы апраўдваўся бацька перад ім, тым самым тушачы сваё хваляванне, як і тушыў перад гэтым Венцэль.
А маці сказануў крыўдныя словы, дадаў ужо ціха:
– Прасіў жа – сачы за ім, каб не пабег куды і не ўлез у якую бяду. Гэта ж здагадацца – страчыць па немцах з аўтамата! Мог жа Гюнтэр на той свет адправіць – яму ж не да гульняў і жарцікаў... Каб жа не Курт, то...
Той дзень запомніўся хлопцу на ўсё жыццё... Так бы мовіць, баявое хрышчэнне...
На жыццёвым календары было дваццаць дзевятага чэрвеня сорак чацвёртага года.
Тады ж ішла аперацыя “Баграціён”, пра што пісаў Мікола ў сваім пісьме да бацькоў.
Вызвалялі ўжо ад захопнікаў Бабруйск.
То пазней ўжо, калі Пятрусь Сіліч пойдзе ў школу, даведаецца падрабязней пра той час. Ён дачуецца пра бабруйскі “кацёл”, пра так званую аперацыю войскаў 1-га Беларускага фронту па разгроме часцей 9-й нямецкай арміі, якую акружылі пад Бабруйскам 27-га чэрвеня 1944 года. Пад наступам савецкіх войскаў варожая групоўка была раздзелена на дзве часткі: на усходзе ад ракі Бярэзіны (ліквідавана 28-га чэрвеня, знішчана дзесяць тысячаў, узята ў палон шэсць тысячаў салдатаў і афіцэраў) і гарнізон у самім Бабруйску, які прарваўся ў навакольныя лясы (ліквідаваны 1-га ліпеня, знішчана больш як 10 тысячаў чалавек).