Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Да майго пляча нехта асцярожна дакрануўся. На мяне – цяжка было ў тое паверыць – глядзелі зелянцаватыя вочы Жанеты.
– Ты?! – перахапіла ў мяне дыханне. – Адкуль?
– Саломы куль, – усміхнулася яна. – А вось ты чаго тут апынуўся?
– Ды заказ у мяне. А гэта мой заказчык. Партрэт яго малюю...
Яна зірнула на Нэма, прамовіла:
– Ведаю яго... Чорны валадар... Люцыфер. Так мы яго завем.
Анатас не звяртаў на нас увагі, захапіўся гульнёй, перажываў, мітусіўся, крычаў разам з усімі... Быццам і не заўважаў нас, быццам мы і не сядзелі побач.
У маю душу закраўся страх. Жанета – тут?! Але ж мне яе сяброўка паведаміла, што яна...
– А мой партрэт ты не жадаеш намаляваць? – спытала дзяўчына, прыкусіўшы язычок, нахіліўшы да пляча галаву – дражнілася.
– Я ж намаляваў яго. У маёй майстэрні стаіць. Ён – твой.
– Добра. Калі-небудзь забяру.
Да нас набліжаўся лепшы з маіх сяброў – Павел. І ад гэтага ў мяне яшчэ больш затрымцела сэрца, твар апалілі сорам і вінаватасць. Няўжо і ён тут разам з Жанетай?
– Прывітанне, Антон! – падаў руку. Я адчуў, як пульсуе кроў у яго далані. – Даўно тут?
– Ды не. Абставіны паклікалі.
– Анатас паклікаў?
– Так, ён.
– Антон, цікава ведаць, а як прайшла тады твая выстава? Шкада, што я на ёй не прысутнічаў... Ты ж ведаеш, што адбылося...
– Ды ведаю, – уздыхнуў я і нахмурыўся. – І вінаваты ў тым толькі я.
– Ды кінь ты, глупства гаворыш...
Ніколі не чакаў, што герояў сваіх аповесцяў сустрэну тут, на гэтым незразумелым стадыёне, у незразумелым часе, ды яшчэ на месяцы. Я адчуваў ў сваёй душы боль і дакор. Думаў, што парваў са сваім мінулым, выкінуў яго з памяці, а яно, аказваецца, чапляецца да мяне зноў і зноў...
Павел і Жанета сядзелі ўжо ўпобачкі. Выглядалі як дзве родасныя душы, перад якімі я адчуваў сябе ў неадплатным даўгу.
– Мы яшчэ пабачымся? – папытаўся ў іх.
– Калі ёсць жаданне, – паціснуў плячыма Павел.
Тупік – больш не было пра што гаварыць, і яны адвярнуліся ад мяне, занятыя сабой.
– Пайшлі, – дакрануўся да локця Анатас. – Пайшлі далей. Бо нам і стагоддзя не хопіць, каб усё агледзець, калі нават па дзесяць хвілінаў будзем затрымлівацца на кожным этапе экскурсіі...
– Стагоддзя? Хіба...
І тут жа мне прыйшлося перапыніць сябе – даў жа слова не пытацца ні пра што, не выказваць здзіўлення.
– Хіба, хіба... – здзекліва мовіў Анатас. – Усё ў гэтым жыцці магчыма...
Расчыніліся дзверы, мы зноў апынуліся ў тым жа калідоры. Не чуваць стала гулу трыбун. Як і не існавала таго стадыёна зусім. Перайшлі праз перакрыжоўку ў другі калідор, некуды зайшлі.
Загарэлася святло. Перад намі адкрылася вялізная зала з мноствам крэслаў – усё нагадвала кінатэатр. Але ён быў незвычайны памерамі –вялізная сцэна без канца і краю..
– Гэта наш кінаклуб. Хочаш зірнуць, што мы тут глядзім?
Анатас шчоўкнуў уключальнікам – і на экране буйным планам мой твар. На сцэне жылі два акторы – я і Анатас. А потым я пазнаў сваю майстэрню. Да мяне заходзіць Анатас. Сядзім. Размаўляем. Потым ён выходзіць, зачыняе за сабою дзверы. Але не чапляецца чамусьці за верх каробкі дзвярэй. А пасля я ляжу ў рэанімацыі, і каля мяне сядзіць доктар. Потым замест доктара з’яўляецца Яніна – усміхаецца мне, слухае пульс... Яе змяняе Вераніка... А потым я стаю на беразе Сажа і чакаю, калі мне пададуць трап... Экран патух.
Загарэлася зноў святло.
Анатас перапыніў маё артыстычнае жыццё.
– Будзе жаданне і цікавасць паглядзець падрабязней пра сябе і іншых, можаш зайсці сюды ў любы час. Дзверы не зачыняюцца, усе без ключоў. Кіно, як ты пераканаўся, незвычайнае. Для цябе. Для нас гэта ўсё натуральна і звычайна. Ты можаш месяцамі і гадамі глядзець на жыццё сваёй душы і Голасу – убачыць, кім ты быў сто-трыста-тысячу год назад, – не адарвешся...
– Тысячу год?!
– Даведацца пра жыццё любога героя ці асобы любога часу. Пра каго захочаш. І пісаць пра іх дакументальныя раманы. Не рукой, а жаданнем і талентам. Тэхнічны бок – за кампутарам. Бо праз стагоддзі творцы нават і друкаваць не будуць на клавіятуры – іх думкі запіша тэхніка. У цябе будзе свая серыя раманаў – “Жыццё” ці “Слова”... Можаш перапісаць нават Жыццё – Жыціе – Іісуса з Назарэта. На экране ўсё натуральнае, не знятае на стужку, а ўсё падаецца так, як і было на самай справе, ды яшчэ ў натуральным свеце…
Мне заставалася толькі пасміхацца, здзекваючыся з самога сябе. Пачынаў ужо прымаць, згаджацца з той гульнёй, якую прапанаваў мне капітан Нэма. Ды толькі, як я зразумеў і адчуў, – гэта не гульнёй аказалася. Добрай ці кепскай рэальнасцю, яшчэ не асэнсаваў, але адно вызначыў дакладна для сябе – каб вярнуцца ў сваё былое жыццё, каб застацца тым, кім быў раней, павінен згаджацца з усім, падпарадкоўвацца абставінам. І гэта ўсё дзеля толькі таго, каб сыграць без фальшу прызначаную мне ролю ў прапанаваным Анатасам спектаклі ці кінафільме, які невядома хто ставіць і здымае... Называцца яна магла не інакш, як – “Спакушэнне”. Ці – “Спакуса”. А яшчэ лепш – “Дамова на спакусу”, бо мы з Анатасам сапраўды заключылі працоўнае пагадненне на права мяне спакушаць. Гучыць трошкі смешна, абсурдна, але… Я госць Анатаса, і ў нейкай меры і палоннік. А “Алкеп” – як быццам і не турма, але і не воля...