Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Гітлераўцы, атрымаўшы магутны адпор пад Масквой, пачалі адступаць. Тое пачаў ужо разумець і Пятрусь Сіліч. З хлопцамі не раз “абмяркоўвалі становішча на фронце”.
Старэйшы, крывароты Зміцер, які заўсёды любіў над некім паздзеквацца, сказаў з’едліва Сілічу:
– Хутка паб’юць усіх фашыстаў. І Курта твайго заб’юць – ён жа таксама фашыст, гітлеравец!
– Не заб’юць. Курт добры, ён не вораг, – нахмурыўся Пятро Сіліч, зпадылба паглядзеў на нядобразычліўца – што ён мае да Курта і да іх сяброўства? Зайздросна стала, што яны паразумеліся?
– Ён нікога не забіваў, то Дранік людзей гнаў у Нямеччыну, і мяне туды хацеў загнаць, ды Венцэль выручыў...
– Нічога. Усё роўна заб’юць... І цябе па галоўцы не пагладзяць, што з немцам хаўрусаваў, вось пабачыш...
А вось гэтага ўжо Пятрусь вынесці не мог, гэта ж абраза і Курта, і яго. Падскочыў да Змітрака, з усяго размаху гваздануў кулаком у сківіцу – аж рука забалела. Той хацеў даць здачы, размахнуўся нават, але Сіліч вывернуўся, нанёс новы ўдар – ужо прама ў нос... Змітрок заліўся чырвонай юшкай.Тады яны счапіліся ў бойцы...
Ледзьве разнялі іх хлапчукі, якія назіралі за гэтай сцэнай...
Начавалі ў хаце-немцы-франтавікі, што ўжо адступалі на захад – далей ад Масквы, ад паляшуцкіх балот, ад партызанаў, – адно стараліся пазбегнуць смерці, застацца ў жывых і вярнуцца ў родны Фатэрлянд.
Пасялілася адна група немцаў у Сілічаў, пажыла і далей паехала. Замест іх новая каманда прыехала, пасяліліся ў хаце. Новыя і новыя, і былі яны непадобныя на тых немцаў, што жылі першымі ў іх. З тымі няхай і не адразу, але ж паразумеліся, знайшлі, так бы мовіць, агульную мову, а гэтыя... Нейкія злыя, раз’юшаныя, раздражнёныя. Хадзілі па вёсцы як гаспадары. Забівалі жывёлу, курэй, парсюкоў, – усё, што пападала пад руку і на вока. Не стала тады каровы і ў Сілічаў – нават і Венцэль не памог, калі паспрабаваў уступіцца. Нейкі вялікі начальнік – афіцэр – злосна прыкрыкнуў на яго і загадаў не ўмешвацца.
Маці перажывала вельмі – як жа цяпер пракарміцца, без каровы сапраўдны голад наступіць.
Курт бачыў, як пакутуюць бацькі яго малога дружбака, чым мог пасабляў...
У той палавіне, дзе жылі немцы, была грубка. Ад грубкі да агульнага коміна цягнуўся ляжак. Паміж ляжаком і сценкай прагалак, у які можна прасунуць галаву. Немцы нешта ўзбуджана абмяркоўвалі.
Пятрусь зразумеў, што новыя, тыя, хто толькі што прыбылі, жвава распытвалі ў тых, хто прымаў удзел у баях, а тыя адказвалі неахвотна, найбольш маўчалі... Ведама ж, дасталося, ведама ж, добра пашчыпалі, вунь якія патрапаныя, змэнчаныя твары і адзенне пашкамутанае...
Сілічу стала цікава, а што на фронце адбываецца, хто каго перамагае. Ну проста цярпення ўжо не было, так цікавасць разабрала хлопца... Ён услухоўваўся ў размову, і можна было падумаць, што ён добра ведаў нямецкую мову. Такім чынам, Пятрусь пачаў здабываць сакрэтную інфармацыю, збіраць як сапраўдны савецкі разведчык альбо падпольшчык, якога заслалі ў тыл да немцаў...
Каб лепей чуваць і бачыць, ён пастараўся прасунуць галаву паміж комінам і сцяной, павярнуў яе так, каб бачыць нямецкіх ваякаў. Гэтым жа і выдаў сябе – што значыць без спецыяльнай падрыхтоўкі пайсці на заданне ў разведку...
Немцы пілі шнапс, закусвалі кансервамі, пілі каву – пах яды і пітва разносіўся па хаце. Крычалі, спявалі, смяяліся.
І трэба ж – нехта з іх заўважыў за комінам хлапчукову галаву. Ні слова ні кажучы, самы высокі з іх, узяўся за аўтамат. Не цэлячыся, націснуў на курок, скіраваўшы рулю на сцяну, у напрамку галавы “разведчыка”...
Стрэл, здавалася, аглушыў хлопца – і адразу выразна засмярдзела парахавым дымам...
Ён здрыгануўся ад нечаканага выбуху, страх скаваў усё цела, імгненна хацеў схаваць галаву назад, але яна, на вялікі жаль, заціснулася ў праёміну так, што нельга было ёю і пашавяліць...
І тады “разведчык” Пятро Сіліч ад бездапаможнасці заплакаў, так і не здабыўшы сакрэтную інфармацыю ад ворага аб сапраўдным становішчы на фронце...
Заплакаў ад невыноснага болю, але найбольш – ад страху.
Найперш перапалохаўся Курт Венцэль, за сябра свайго спужаўся. Хацеў яму памагчы выбавіцца з палону, але не здолеў тое зрабіць – галава цесна ўбілася між цаглінаў. Падышоў з другога боку – той жа вынік.
Рагаталі немцы, убачыўшы, што адбылося. А потым, убачыўшы, як устрывожыўся Курт, перасталі смяяцца.
Пачуўшы стрэл, прыбег бацька. Убачыўшы, у які нерат папаў сын, адразу знайшоў выхад: узяў зубіла і малаток, выбіў з коміна некалькі цаглінаў – і такім чынам выбавіў галаву з праёміны.