Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Праз колькі дзён Венцэль прыйшоў да яго разам з доктарам – чалавекам у гадах, у акулярах, нават і на немца непадобнага, а на іх родзіча – Несцера, старасту. І гаварыў ён нешта спакойнае і ціхае, але ўкол даў у азадак балючы і пякучы – як і год назад, – ад чаго хлопчык неўзлюбіў яго адразу, адвярнуўся нават ад яго. Бо ўколы ён разумеў па-свойму, ён іх баяўся як агню – то ж яго ледзьве не здалі ў Нямеччыну для тых уколаў. І ён заплакаў, спужаўшыся, што не пазбегнуў іх...
Не спадабалася, як усміхаўся Курт, калі ён, Пятрусь, скрывіўся ад болю: як быццам радаваўся, што яму балюча. Але на Курта ён не ў крыўдзе. Крыўдаваў ён на самога сябе. То ж трэба – з Віцькам на канаву паперліся, думалі, што мо дзе ў прарубленай пельцы ўюноў кошам наловяць. Уюноў не налавілі, а Пятрусь ускочыў у пельку па самы пояс. Ледзьве выцягнуў яго сябрук. А час быў перадвечаровы, з марозікам.
Пакуль дабраліся дадому, то за дарогу і прыхапіла – жар падкінуўся да яго...
Больш тыдня пралежаў Пятрусь на сваім палку.
Больш тыдня неадступна не адыходзіў ад яго Курт Венцэль – нават нікуды не выязджаў з вёскі, адзін і заставаўся дома.
– Ну, што, нябожко, выжыў, выкарабкаўся? – клала Васіліха даланю на лоб. – Вярнуўся з таго свету? А мы ўжо думалі, што не вырвем цябе... Перажываў вельмі за цябе твой Курт, як за роднага хваляваўся. Ёсць, значыць, Бог на свеце, што ты такога заступніка займеў сабе, як анёла-ахоўніка усё роўна...
Венцэль сядзеў побач, ківаў радасна галавой, як пацвярджаў словы шаптухі, паддакваў:
– Я, я, Петрусь, очень был больной... Сейчас хорошо, всё будет абгемахт!..
А іх ужо выселілі і з другой палавіны, і ў іхняй хаце пасялілі новую каманду немцаў – і мадзяраў, і італьянцаў. Сілічы перасяліліся ў падвал, што знаходзіўся асобна ад дома, за хлявом.
Дзверы ад падвала выходзілі ў двор. Як у зямлянцы усё роўна знаходзіліся, спалі на самаробных ложках – палках. Адзінае, што дазвалялі немцы, дык гэта распараджацца печчу – рыхтаваць яду для сябе і для жыўнасці, якую яшчэ не да канца пазнішчалі прышлыя чужыя людзі...
Наведваўся – і не раз – да яго Віцька Дударэнка, Вася Бандарчук, усе яго сябры-аднагодкі, з якімі хаўрусаваў. І яму весялей было, але шчымела душа, што не мог выйсці на вуліцу – не трымалі ногі, слабасць вялікая была ў целе...
А ўжо і сорак другі год адышоў у небыццё, і сорак трэці завяршаў свой ход...
Так і Петрусю – на пачатку вайны было пяць гадоў, а то ўжо сямігадовым хлопцам стаў, разумеў усё, што і да чаго, што дзеелася на свеце...
Выбавіўся з хваробы Пятрусь Сіліч. Павесялеў, акрыяў, набіраўся моцы. Ужо не так кружылася галава, мацней трымалі ногі.
Ужо і сам схадзіў колькі разоў да бабы Васіліхі – прасіла сама, каб праведаў яе. Не столькі праведаць, як хацела-жадала да канца вылечыць яго хваробу. Пасадзіўшы яго перад сабою, чытала малітвы, шаптала свае, толькі ёй і вядомыя, замовы. І абавязкова усё рабіла пры запаленай свечцы. Паіла халоднай салодка-горкай вадой, невядома на якіх зёлках настоенай.
І потым хуценька дадому выпраўляла:
– Ідзі паляжы, Петрык, на сваім палку. Табе ляжаць цяпер трэба.
А ў двары нейкая ўзбуджанасць узнікла сярод немцаў. Яны бегалі перад вокнамі, радаваліся нечаму, як не танцавалі. Пілі шнапс, пэўна, бо былі п’яныя.
– Капут Москаў! Масква – капут! – падняў над галавой Гюнтэр вялікую лучыніну-факел, крочыў-маршыраваў, як на парадзе.
Ужо змяркацца пачало, і ў вечаровай шэрані добра выдзяляліся чырвоныя факелы.
– Москаў фойер! Москва в огне! – крычалі яны ў радасным парыве, паказваючы-дэманструючы сваю радасць.
Чамусьці радасна стала ад тае навіны і Петрусю. Ён не ведаў, што такое Масква, і чаго яна гарыць, і хто яе падпаліў. У цемры так і не вызначыў – быў сярод іх Курт ці не. Колькі ні ўглядаўся, Венцэля не ўгледзеў.
Хлапчук стаяў воддалеч ад п’янай кампаніі і маўкліва назіраў за ўзбуджанымі немцамі.
Нехта пацягнуў яго за рукаў.
– Ідзі, сынок, на свой палок, – лагодна загадала маці, – радасці мала глядзець за п’янымі і слухаць іх п’яную балбатню...
Ён паслухаўся маці, адразу ж пайшоў следам за ёю.
...Дасылаў калі-нікалі весткі з партызанскага атрада Мікола Сіліч. Яго атрад знаходзіўся на Клічаўшчыне.
У кароткіх запісках перадаваў бацьку, што Масква выстаяла, што на подступах да яе разбілі немцаў; абяцаў, што у хуткім часе пагоняць немчуру назад, адкуль яны і прыйшлі...І сапраўды, праз колькі дзён пасля той сваёй радасці, яны сталі нейкія прыгнечаныя, хмурыя. Адзін Курт Венцэль быў аднолькава і вясёлы, і заклапочаны. Па-ранейшаму прыходзіў да свайго малодшага сябра з алюміневымі міскамі, бавіў з ім час...