Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Васіліха, Васіліха! І чым потым табе аддзячаць дзеці, калі праз шмат гадоў ты прыйдзеш да іх у сны разам з Куртам – і ворагам, і сябрам, са шчырай непасрэднай усмешкай, з добрым і чуйным сэрцам, якое не магло пагадзіцца на зло, якое выпраменьвала толькі дабрыню?..
Шаптуха-павітуха не мела адукацыі, была амаль непісьменнай, чытаць навучылася па Бібліі, – але валодала яна неацэнным дарам – дарам прадказальніцы і дабрадайнасці, мудрасці і ўсёдаравання. Людзі цягнуліся да яе, любілі і паважалі яе.
Цягнула і прыцягвала Петруся Сіліча хата бабы Васіліхі.
Як і сябрука яго – Віцьку Дударэнку.
Тут, у хаце Васіліхі, набіраліся мудрасці і сілы, вучыліся. Хаця і слаба яшчэ асэнсоўвалі сваё прызначэнне на зямлі, але цвёрда ступалі на свае будучыя сцежкі і заблытаныя дарогі, верачы, што яны абавязкова выведуць на жыццёвы бальшак...
– Ну, што, дзеткі, патаміліся, слухаючы дурную бабу, так? – свяціўся сонейкам твар бабулі, і яна выглядала перад дзецьмі як святая, як іх абаронца ад злыбяды.
– Дзякуй табе, за гасцінцы, за тое, што расказвала нам так цікава, – здагадаўся Віцька ад імя ўсіх падзякаваць бабулю. – Мы будзем помніць твае урокі ўсё жыццё...
– Дай Божа, каб так і было!
Васіліха сядзела нейкі час маўкліва, а потым, глянуўшы на Петруся, праказала:
– Ну, што, сёння да твайго немчыка сходзім?
11.
А жанчына кашляла ўсё часцей і часцей... І ніякай сілы ўжо не знаходзілася спыніць той кашаль. Не памагла і баба Васіліха, хаця яна наперад ведала, што нічым ужо не пасобіць беднай жанчыне...
Было зразумела, што жанчына хворая на сухоты.
Употай ад людзей Верцы і Петрыку казала-наказвала маці:
– Вы ўжо, дзеткі, старайцеся як падалей быць ад той жанчыны. Барані Божа, каб не пілі з яе кубка, каб не елі з яе міскі – каб на вас хвароба не перакінулася. Чуеце хоць, што я загадала вам?
– Добра, мама, добра! Будзем асцерагацца! – адказаў Пятрусь, не разумеючы, як гэта хвароба можа перакінуцца ад жанчыны, як і не разумела тое Верка.
Ды і таварышкі хворай самі аберагалі дзяцей.
Ды не ўбераглася Верка. Пра тое і сама не здагадвалася. І бацькі напачатку не здагадваліся... Ды і адкуль было здагадацца, калі ўсе амаль кашлялі – то прастудзяцца на холадзе, то ногі прамочаць у халяпу, – як малыя, так і дарослыя...
Хвароба ў Веркі толькі-толькі нараджалася...
А голад даймаў усё часцей і часцей.
Курт знікаў па сваіх справах – будавалі масты і дарогі, – то выклікалі ў далёкі штаб, то кідалі іх на рыццё канаў. Не раз яго бачылі на тых работах забалацянцы. Яшчэ два ці тры разы наведвалася да яго бабуля. Гэтак жа шаптала, сціскаючы галаву, малітвы чытаючы. І потым жа сама сказала яму:
– Цяпер, пан афіцэр, усё. Больш не будзе ў вас балець галава. Ніколі. Выйшла з вас хвароба.
Вельмі дзякаваў Венцэль за лячэнне. І не толькі дзякаваў, а цэлую сумку прынёс бабе прысмакаў – і хлеба, і сала, і кансерваў...
Склікала бабуля да сябе дзяцей – для іх стол накрыла, з радасцю і скрухай глядзела, як малыя елі... Усміхалася, падпершы бараду рукамі. Калі ж Венцэль прыязджаў стомлены і нявыспаны, то ўсё роўна заглядваў да Петруся, каб сустрэцца-пабачыцца, каб прынесці яму ў алюміневай місцы яду...
Цярпеў-цярпеў бацька да апошняга, а потым не вытрымаў, раней часу выкапаў з зямлі скрыню, адгроб паўмеха жыта.
Звазіў да мельніка Чумака, а назад ноччу вярнуўся з мукою.
Хлеба напяклі, цудадзейным духам набрыняла хата. Ды мо то зусім і не хлеб быў, а праснак, бо напалову з бульбай, напалову сланечнік, з жалудамі, перамолатымі на жорнах... З таго ж сланечніка, выціскаючы алей, макуху рабілі... Выкручваліся, як маглі, усё рабілі для таго, каб не памерці з голаду...
Праходзілі праз Забалацце розныя войскі – і італьянцы, і мадзяры... Людзі баяліся не так немцаў, як мадзяраў. Тыя не разбіралі, дзе хто, у любы хлеў маглі зайсці, забіць жывёлу, курэй пастраляць... Выглядалі яны няйначай як рабаўнікамі, на якіх няма ніякай ўправы. Забалацянцы вельмі баяліся іх, не спрачаліся з імі, і думалі, што спакойнае жыццё, якое было пры адных немцах, скончылася...
...Калі рабілася млосна, калі наступала слабасць ад голаду, Пятрусь лез на гарышча. Там, ля цёплага коміна і ляжака, ён падсцілаў старую кажушыну і любіў ляжаць на ёй, прытуліўшыся спіной да цэглы.
Хлопчык зажмурваў вочы, уяўляў, што знаходзіцца сярод квітнеючага лугу, а твар грэюць гарачыя промні сонца. Тады яму рабілася цяплей. Тады адтавала душа, і не так хацелася есці, не так кружылася галава.