Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Занядужаў аднойчы яго старэйшы сябар – Курт. І лекар прыязджаў да яго, лячыў сваімі лекамі, ды нешта не ачуньваў чалавек, яшчэ горш рабілася.
– Баба Васіліха, а баба Васіліха, – прыйшоў да яе Пятрусь, – вылечы майго сябра – шкада мне яго... Мяне ён не раз вылечваў, як і ты, а я яго не магу. Не ўмею. Ад таго і кепска мне. Памажы, баба, га?
Жанчына для выгляду яшчэ трошкі паўпарцілася, каб пабачыць, як хлопчык перажывае за Венцэля, а потым, лагодна глянуўшы на малога госця, прычасаўшы светлыя косы, згадзілася:
– Ну, то добра, добра, прыйду ўжо, палячу твайго немчыка.
– Не, баба Васіліха, цяпер пайшлі, разам пайшлі. Ён цябе чакае.
– Ты казаў пра мяне? – яе светлыя вочы пранікліва глядзяць у хлапчуковыя – як два васількі сярод жыта.
– А як жа, казаў.
– І ён зразумеў цябе?
– А як жа – ён усё разумее, толькі пакуль што не можа гаварыць па нашаму, як у Забалацці.
Курт як быццам і сапраўды чакаў забалацянскую лекарку, бо слаба пасміхнуўся, паказаў, каб жанчына села на табурэтку, што стаяла побач.
Шаптуха села, уздыхнула, папыталася:
– Ну, што, галубец, занядужаў? Што баліць?
Венцэль паказаў на галаву. Дакрануўся рукой да патыліцы:
– Кранк майн копф, больно голова...
– Зразумела, галубок, зразумела. Добра, ляжы, заплюшчы вочы. Во, так... Сапраўды ўсё разумееш, як казаў Петрусёк.
Васіліха абхапіла яго галаву рукамі, сціснула раз, потым другі, пачала шаптаць сваю нейкую малітву, зноў абхапіла, але ўжо там, дзе скроні, потым дзве далані на лоб паклала. Зноў адняла, паўтарыла ўсё зноў...
Шаптала, доўга шаптала, трымаючы рукі на галаве.
Потым тры раз сплюнула, гледзячы на парог...
Петрусю здавалася, што доўга, надта доўга чаравала над яго сябрам шаптуха. Але радаваўся, ведаў, што калі яна згадзілася выгнаць з Курта хваробу, то абавязкова тое зробіць... Калі што бабе было не пад сілу, то яна і не бралася за лячэнне.
– Ну, во, а цяпер спі... Доўга спі. Пайшлі, Пятрок, ён доўга спаць будзе – не трэба замінаць яму. Да яго трэба яшчэ раз прыйсці, і не раз. Хворы ён. І хвароба яго не прастудная. Ён там яе нажыў, на сваёй радзіме, і сам не ведаў пра тое...
– Адкуль ведаеш, баба Васіліха? – ужо на вуліцы пацікавіўся ў яе, заглядваючы ў вочы.
– Ведаю, хлопча. Я ўсё ведаю.
– Баба Васіліха, не пайму я цябе. Твае сыны на фронце, можа іх і немцы забілі, не дай Бог, а ты майго сябра лечыш, як нашага забалацянца. Можна сказаць – ворага. Як такое можа быць?
– Вось бачыш, ты і сам кажаш, што ён твой сябар. А хвароба, нябожко, не выбірае – ты немец ці беларус, габрэй ці ўкраінец... Усім аднолькава баліць. Твой Колька, – баба перайшла ўжо амаль на шэпт, каб ніхто не пачуў, – пайшоў на вайну з немцамі, але ніколі не забіў бы твайго Курта. Ці не так?
– Так, баба, і ён мне казаў пра тое.
– Трэба ўсім рабіць дабро, як раіў Гасподзь, тады і табе аддзячыцца...
– Як гэта, баба Васіліха? Раскажаш сёння?
– Можа і раскажу, але трошкі пазней. Сёння я стамілася вельмі. Цяжка хварэе твой Курт, шмат сілы аддала яму.
– А калі, баба?
– З сябрамі прыходзь, і сястрычку Верку вазьмі з сабой. Праз днёў тры прыходзьце. Я падужэю да таго часу. І тады да твайго немчыка схаджу, зноў сілы яму прыбаўлю.
– Пад вечар прыходзіць?
– Ага, пад вечар, – адказала стомлена шаптуха і, ні слова больш не гаворачы, пасунулася пакрысе, перавальваючыся з нагі на нагу, да свайго дворышча.
Хлопчык яшчэ доўга глядзеў ёй услед, і на душы ў яго цяплела ад таго, што не адмовіла шаптуха ў яго просьбе, што аблегчыла пакуты хвораму. І адначасова пашкадаваў Васіліху – вунь як стамілася, – і голас зусім аслабеў, і ногі ледзьве трымаюць...
Дабрачая баба ў яго, і ўсім-усім дапамагае!
Курт спаў і суткі, і двое, і трое.
Пятрусь раз-пораз заглядваў да яго, але, убачыўшы, што яго сябар спіць і не прачынаецца, не пераступіў парог. І яго саслужывец, прывыкшы ўжо да з’яўлення хлапчука, ведаючы, што гэта ён прыводзіў лекарку, моўчкі паціскаў плячыма, паказваючы на соннага, як бы гаворачы: “Спіць, не прачынаецца... Не будзем турбаваць яго...”
Калі ж Сіліч прыйшоў на наступны дзень, то падзівіўся – Курт сядзеў на ложку, трымаў у руках кубак з пахкай кавай, адхлёбваў па глытку. Убачыўшы яго, заўсміхаўся, запрасіў да сябе. І добра, што Курт быў адзін, без прысутных ён адчуваў сябе смялей...
– Ну, як табе, Курт, палепшала?
– О, мой Петрусь, гут, зер гут... Твоя гросмуттер Василиха большой доктор! Большой! Зер гут!
Пятрусь шчасліва ўсміхаўся, гледзячы на Венцэля.
– Баба і яшчэ прыдзе. Аднаго разу мала. Сёння прыдзе...
Курт не адрываў позірку ад хлапчука, радаваўся, што бачыць яго.