Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Не, не надаваў, прызнацца, гэтаму такога глыбіннага сэнсу. Проста верыў і ўсё!
– Усё браў на веру? Але ж для таго і стварыў Бог чалавека разумнага, каб ён змог разабрацца ў яго зашыфраваных запаветах. Калі ёсць жаданне, я дапамагу табе – раскрыю таямніцу ключа, як яго трэба падбіраць да тэксту, а далей ты ўжо і сам здолееш дакапацца да многіх таямніцаў...
– Жаданне ёсць. Ты заінтрыгаваў мяне.
– Тады – слухай, намотвай на вус, аналізуй ці падвяргай сумненню...
– Трэцяя кніга царстваў (6, 1-6):
– “У чатырыста васьмідзесятым годзе, як сышлі сыны Ізрайлевы з зямлі Егіпецкай, у чацвёрты год (значыць, прайшло 63,0) царавання Саламонава над Ізраілем, у месяц Зіф, які з’яўляецца другім месяцам (а на гадзінніку гэта трэцяя гадзіна), пачаў ён будаваць храм Госпаду. Быў ён даўжынёю ў шэсцьдзесят локцяў, шырынёй у 20 і вышынёй у 30 локцяў. І прытвор перад храмамі ў 20 локцяў даўжыні, суадносна (20) шырыні храма, і ў дзесяць локцяў шырыні перад Храмам...
І зрабіў ён у доме вокны клетчатыя, глухія, з адхіламі. І зрабіў прыбудоўку вакол сценаў храма, вакол храма і давіра, і зрабіў вакол бакавыя пакоі. Ніжні ярус прыбудовы быў у пяць локцяў, сярэдні – шырынёй у шэсць локцяў, а трэці шырынёй у шэсць локцяў,, бо круга храма звонку былі зроблены прыступкі, каб прыбудоўка не датыкалася да сценаў храма...”
Пад час чытання Анатас машынальна, нават і не гледзячы, дзе бутэлька і чаркі, наліў пароўну, рухам рукі паказаў ці падахвоціў мяне, і сам выпіў адным махам каньяк. Я ж адхлёбваў па кропельцы, як бы дэгуставаў напой, а ўвесь час не пакідала думка: “Для чаго ж ты так выдрыгаешся, робіш разлікі, выпіскі, заўвагі, чарцяжы?..” Але не з рукі мне пытацца…
– Ты слухаеш мяне?
– Уважліва.
– Дык вось... Калі будаваўся храм, то для будаўніцтва выкарыстоўваліся абчасаныя камяні; ні молата, ні чэсла, ні ўсялякага іншага металічнага абсталявання не чулася ў храме пад час яго ўзвядзення. Спашлемся на пісанне – і гэта ёсць у словах ад Марка, Мацвея, у Лукі: “Кажа ім Іісус: ніколі не чыталі вы ў пісаннях: “Камень, які адрынулі будаўнікі, зрабіўся асновай асноў: ад Госпада гэта, і дзіўна ў вачах нашых?” ...Пагэтаму і кажу вам: Царства Божае будзе адабрана ў вас і дадзена будзе таму, хто прыносіць плады народу; і той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, той ператворыцца ў попел”.
Не ўтрымаў, уключыўся ў яго казань:
– Там жа яшчэ сказана і пра месца будаўніцтва – “няхай узводзіцца дом на тым месцы, дзе прыносяць ахвяры, і няхай будуць пакладзены моцныя асновы для яго; вышыня яго ў шэсцьдзесят локцяў, шырыня – у шэсцьдзесят. Радоў з камянёў вялікіх тры, і рад з дрэва адзін; выдаткі няхай бярэ на сябе царскі дом...”
– Так, правільна. І яшчэ – “Мною даецца загад, што, калі які-небудзь чалавек памяняе гэтае вызначэнне, то будзе выцягнута дзеравіна з дому яго, і будзе падняты ён і прыбіты да яго, а дом яго за тое будзе ператвораны ў разваліны....”
– Але ж у Адкрыцці (22) ёсць папярэджанне: “Я сведчу усякаму, хто чуе словы прароцтва гэтай кнігі: калі хто дадасць да іх, пашле на яго Бог пошасці, напісаныя ў гэтай кнізе. І калі хто адыме ад слоў кнігі прароцтва гэтага, то і адыме Бог удзел у дрэве жыцця і ў горадзе святым, і ў тым, што напісана ў кнізе гэтай”. Таму ў мяне ў сувязі з гэтым і пытанне да цябе, Анатас: “Ці маем мы права, людзі, створаныя Богам, сумнявацца ў правільнасці пісання, умешвацца ў тэкст, аналізаваць яго, рабіць нейкія матэматычныя разлікі?”
Капітан “Алкепа” адарваўся ад кнігі, паглядзеў здзіўлена на мяне:
– А хто сказаў, што ёсць сумненні? У тым, дружа, і сэнс гэтай святой кнігі, што нельга даслоўна ўспрымаць значэнне кожнага слова. Кніга, Біблія, пабудавана на алегорыях і метафарах. Біблія разлічана на людзей думаючых. Таму нездарма яна з’яўлялася і з’яўляецца бясконцай крыніцай творчасці для мастакоў і пісьменнікаў, паэтаў і скульптараў...
– Мо і так, але ж...
– Біблія на тое і Біблія, што яна створана, каб удасканальваць нас, каб генома спасціжэння сутнасці самога чалавека дасягнула свайго апагею. Так што я пастараўся адказаць на шматлікія пытанні, пастаўленыя ў Пісанні, аднавіў з дапамогай арыфметыкі і матэматыкі, трыганаметрыі і алгебры дакументацыю пабудовы храма. Інфармацыі хапае, – яна скрозь і паўсюль, па крупінках раскідана па ўсёй кнізе, як зорак ў небе. І кожная з іх свеціць і складае адзінае цэлае, як і той жа Валацужны шлях... А тут таксама шлях, ды яшчэ і дадзены компас. Вось мой чарцёж Божага храма, зірні...
Ён разгарнуў перада мною вялізны аркуш паперы з чарцяжом і малюнкам збудавання. І маштаб быў указаны з дакладнымі памерамі...