Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Выдатна! Няма ніякіх праблемаў. У суботу, а чатырнаццатай нуль-нуль “Алкеп” будзе стаяць на прычале.
– Тады – да сустрэчы?
– Да сустрэчы, Антон!
……………………………………………………………
“Хто ж пасмакаваў мой каньячок? Ці мо хто і не смакаваў, а проста выліў у ракавіну – каб я зноў не нырнуў у запой? Каб стрымаў слова, дадзенае заказчыку? Значыць, нехта аберагае мяне? Хто ж – ён ці яна – мой добразычлівец?..”
Здаецца, недзе пад падлогай, піскнуў Мышук. А мо’ тое мне толькі падалося?
За акном сонца.
За акном – жыццё і рух.
Мне было хораша і лагодна, і таму не хацелася падымацца з канапы. Адкінуўся галавой на спінку крэсла, зажмурыў вочы і стараўся пускаць у сваю галаву толькі светлыя і спакойныя думкі...
– Я – вольны! – падаю сігнал, спадзеючыся, што ўбачу свайго сябра.
Маўчанне ў адказ.
Рука падалася да тэлефона. Набраў хатні нумар.
– Жонка, ёсць просьба. Вельмі хачу варанай бульбы. Ды з селядцом...
– Добра, к твайму прыходу будзе гатова. Толькі селядзец купі сам – табе ж па дарозе. Ды выберы тлусты, з ікрой.
– Добра. Я выходжу!
Крочыў па вуліцы, цвёрда трымаючыся на нагах.
У вушшу чулася незразумелая, але мажорная мелодыя.
Нічога не адчуваў трывожнага, настрой выдатны.
– ... я чакаў цябе, стараўся не хвалявацца, як ты і раіў, – сказаў Ян Пятровіч, прыглядаючыся да мяне, вывучаў.
– Правільна. Але ж чаму толькі вы пастаянна сядзіцё каля мяне? А дзе ж Вераніка?
– Змянілася. А я не быў каля цябе двое сутак.
– Аж двое?
– Вераніка ўвесь час сцерагла цябе. Прызнавалася, што вусцішна сядзець каля чалавека без прыкметаў жыцця. Нават сярод ночы званіла мне дадому, пыталася, ці трэба што прадпрымаць. Я супакоіў яе і загадаў не хвалявацца, чытаць раманы пра каханне...
– Разумны загад. А то прыдумалі кардыёбіястымулятары. Што новага, доктар, у нас, ва ўсім свеце?
– У свеце не ведаю, а ў нас... А, адно і тое ж... Усё абяцанкі-цацанкі... Зачсмучаны, што ў нас няма сваіх рэпіных і шаляпіных. Мала ім сваіх –Кірылы Тураўскага і Францішка Багушэвіча, Купалу і Коласа, Багдановіча!..
– Што ж паробіш, Янка Пятровіч, хай нашы культыролагі самі з тым разбіраюцца… Мяне ніхто не шукаў?
– З тых, хто сачыў за табою і шукае, як удзельніка мітынгу на плошчы Каліноўскага, – не. Ва ўсіх нашых паперах ты запісаны пад прозвішчам – Ісаак Абрамавіч Кацнельсон. Так што з гэтага боку ўсё надзейна.
– Дзякую. Вы вельмі выручылі мяне...
– Ды дробязь усё гэта. Хто ж нам паможа, калі не самі сабе?
За спіной Яна Пятровіча стаяла ў белым халаце Яніна. Заглядвала ў разгорнутую кнігу, што трымаў доктар, нечаму ўсміхалася. Мне ж рабіла нейкія знакі, нешта прамаўляла, але слоў я, на жаль, не чуў.
... Калі надакучыла ляжаць на канапе, надумаўся адправіцца ў дарогу.
– Ты куды, Антон? – да пляча дакранулася Яніна.
– На Палессе, у старажытны Тураў.
– Не затрымлівайся толькі, у тым часе нельга доўга знаходзіцца.
– Ведаю. Не хвалюйся, там не застануся...
... Тураў... Тураўская зямля...
Калыска праваслаўя, фундамент веры, першы храм Бога на паляшуцкай зямлі... І, як заўсёды, пабураны, крывавыя раны не зажываюць на здрапежанай зямлі... Хто пасылае на нас усё гэта? Няўжо яны ўмацоўваюць у чалавеку моц і ўпэўненасць у веры?
Капаючыся ў архіўных дакументах (у Кракаве, Вільнюсе, Кіеве, Маскве), з радасцю адкрываў усё новыя і новыя факты існавання старадаўніх Евангелляў. Помнікі славянарускай пісьменнасці нарадзіліся яшчэ ў дзевятым стагоддзі, але з самых старых, ранніх, якія адшукаліся, можна лічыць – Астрамірава Евангелле, Святаслававы Ізборнікі, Талковую Псалтыр, Супрасльскі рукапіс і трынаццаць слоў Рыгора Багаслова. Гэта ўсё суадносіцца з адзінаццатым стагоддзем. Да гэтых каштоўных помнікаў, хаця і запознена, далучылася ў 1865 годзе і Евангелле Тураўскае. Яно было знойдзена ў Тураве. У ХVІ стагоддзі належала Тураўскай Прэабражэнскай царкве. Гэта пацвярджаюць запісы князя Канстанціна Астрожскага – на палях Евангелля.
Дрыжэлі рукі ад хвалявання, калі трымаў бясцэнны рукапіс.
Малюнкі літар падыходзяць бліжэй да Астрамірава Евангелля і Васкрасенскаму спісу Пандзекта Анціохава.
Тураўскае Евангелле мае фармат малой чацвёркі (4 вяршкі ў шырыню, меней 5 у даўжыню), складаецца ўсяго з дзесяці аркушаў – ці дваццаці старонак. Здзіўляюся – як акуратна і прыгожа створаны тэкст! Пісана ў адну старонку, у васемнаццаць радкоў, без кустодзіяў і пераносных знакаў. Мае пальцы дакраналіся да пергамента як да жывога цела – быў ён шчыльны і бліскучы, шціфтам, лінейкамі, палі таксама абмяжоўваліся лінейкамі. Умелі ж перапісчыкі вырабляць чарніла – колер іх радаваў вока! Каштанавае чарніла, а кінавар ужыўлена ў загалоўках і ў прапісных пачатковых літарах, з сіняй і цёмна-зялёнай расфарбоўкай, а дзе-нідзе блакітнай, з пераходам у зеленаватую...