Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Евангелле гэтае – тыднёвае, апракос... Яно, канечне ж, няпоўнае, адразу бачна, і тое лёгка вызначыць. Захавалася ў малым урыўку – пачынаецца з 89-ай часткі (на вялікі жаль, без пачатку) ад Яна... А ўся чацвёртая старонка – з запісам князя Астрожскага (што з’яўляецца помнікам пісьменства), палі старонкі дванаццатай – аўтограф князя...
Учытваюся ў “Слова” Кірылы Тураўскага, і дрыжыкі прабягаюць па целе. Малітвы Залатавуста. Хаця б вось гэта – “Малітва ў панядзелак пасля ютрані”:
“... Успамінаючы мінулы час жыцця майго, выдаю сябе за злачынцу, бо разумею, што больш, чым хто іншы, нарабіў спраў злых і не павінных і Богу няўгодных: – і баюся, як бы агонь, падаючы з неба, не спаліў мяне і апраметная не паглынула бы мяне жывога.
Але ведаючы доўгацярпенне і пучыну чалавекалюбства Божыя, я не адчайваюся, бо Бог не наводзіць кару на дастойнага пакутаў, але чакае майго пакаяння.
Я дзіўлюся сам на сябе, да якой жа ступені і разбэшчанасці блудам я знаходжуся ў справах, якія ненавіджу, – і, думаючы, што не трэба, як быццам рукамі разбураю ласку Божую, якая чакае майго звароту.
... Бо я ведаю сваё цела тленнае і хуткагінучае: можа здарыцца так, што я не дажыву да вечара, і парадуецца мой вораг, пра мяне кажучы: “чалавек пад мітусню падпаў, і дні яго прайшлі, як цень...”
Малітва, здавалася, звернута да мяне, да маёй душы...
І хутка я ўжо не чытаў малітву, чуў. Прамаўляў яе сам аўтар – Святы Залатавуст.
Старац бачыўся сівым, але рухі ў яго па-маладому ўпэўненыя, голас цвёрды і ласкавы.
Так, сапраўды, з яго можна пісаць іконы, і, мусіць, іканапісцы так і рабілі, надаючы яго абліччу Боскае адценне.
Барада доўгая – да грудзей, вушы хаваліся за прамымі валасамі, што звісалі да плячэй. Людзі слухалі яго пропаведзі, і не маглі зварухнуцца, уздыхнуць нават. А словы падалі ў іх душы дабраўплыўным насеннем, як усё роўна хлебныя зярняты ў пульхную зямлю.
Слава Табе, Божа, слава Табе, што дазволіў нам сустрэцца са Сваім Пасланнікам!..
Потым Залатавуст, стаміўшыся за цэлы дзень служэння, вярнуўся ў келлю. Але не прылёг на мулкі драўляны ложак, сеў за стол, узяў у рукі пісала – пачаў акуратна вадзіць ім па пергаменце. Я нячутна стаіўся ззаду, зазірнуў праз плячо:
Здзіўленню майму не было межаў. Гісторыкі і даследчыкі ламаюць дзіды, стараючыся даказаць ці абвергнуць аўтарства святога Залатавуста, а я на свае вочы бачу, як ён пакрысе выводзіць літаркі, прыстаўляе адну да адной, робіць з іх вершаваныя радкі... Як быццам даўно ведаў, пра што трэба пісаць і як пісаць песню пра паход Князя...
Складаў не толькі паэму, ён перасцярогу ўсім тым, хто абвяргаў яднанне сілаў у адзіны кулак. Паказваў трагедыю абасобленасці, паразу, калі чалавек ускладае надзеі толькі на самога сябе, нават і Бога не клічучы на дапамогу...
Не магу даказаць, але гатовы засведчыць, на любым судзе засведчыць, што на свае вочы бачыў, як Кірыла Тураўскі складаў сваю несмяротную паэму... Ён, а не хто іншы... І нельга сумнявацца і прыпісваць аўтарства іншым. Нельга прысвойваць чужыя імёны сабе. Як і таго ж Федаровіча, які чамусьці стаў першым расейскім першадрукаром – Фёдаравым.
І тое ж зусім лёгка даказаць сучаснай тэхнікай. Калі плашчаніца Хрыста знайшла свае доказы, то чаму Ліцьвінія не абароніць аўтарства Залатавуста?
Я ціха выйшаў з кельлі, надоўга запомніўшы пах васковай свечкі, якая гарэла перад тварам і пергаментам епіскапа.
Ён не заўважыў маёй прысутнасці, як і маёй адсутнасці.
……………………………………………………………
На бераг я прыйшоў у прызначаны час – ніколі не любіў спазняцца.
“Olkep” ужо стаяў на прыстані.
Яшчэ як падняўся на гару каля замка Паскевіча, убачыў унізе белы карабель. Трохмачтавы, з ветразямі. Па белай бакавіне бартоў праведзена шырокая светла-чырвоная паласа. Стваралася ўражанне, што “Алкеп” апаясаны кругом бел-чырвона-белым сцягам.
Калі ж спусціўся на берагавую пляцоўку і падышоў бліжэй, уражанне тое знікла. Звычайная чырвоная паласа па белым борце. Карабель ці цеплаход, ветразнік ці лайнер, не ведаў, як і назваць яго, – здаецца, лёгкі, як пярынка, гайдаўся на слабых хвалях, нібыта паплавок...