За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Аднойчы, калі добра сцямнела на полацкіх вуліцах i пах начных кветак стаў асабліва адчувальным, у хату да ўдавы Катуніхі ціха пастукалі. Катуніха адклала ўбок лусту чорнага хлеба i цыбуліну, якімі вячэрала, нетаропка пабрыла да дзвярэй. Яна адкінула засаўку i прапусціла нечаканага госця ў хату, наднёсшы да ягонага твару лучыну, што выняла з зажыма ля бэлькі. Доўга ўглядалася ў яго.
— Чый ты, гаспадзіне? Не прызнаю.
У голасе яе не было ні страху, ні цікавасці. Алекса з болем глядзеў у некалі вясёлы, круглы, а цяпер змучаны i пастарэлы твар жанчыны, на яе цьмяныя вочы, дзе, здаецца, навек застыгла абыякавасць. Гаварылі, што перастараліся княжацкія цівуны, што памірала пад лазінамі ўдава, ды пасля, калі кінулі яе з поруба як мёртвую, падабралі жанчыну знаёмыя i адвезлі некуды ў лес — да жрацоў падземнага капішча Перуна. Але i там падлячылі ёй толькі цела, а нешта ўнутры зламалася ды так i не зажыло...
— Алекса я, Алекса. Ці помніш? Прыходзіў некалі да цябе, каб заручыны справіць. З дачкой тваёй. З Бярозай...
— Бярозай...— як рэха, паўтарыла Катуніха, i раптам ногі яе падкасіліся, яна ледзь не ўпала.— Няма яе. Забілі. Забралі. На смерць павезлі. Не ўбачу я болей дзіцятка роднага свайго ніколі. Ой-ёй, горачка!
Слёзы пацяклі па яе твары, але быў ён па-ранейшаму застыглы i невыразны.
— Я прывязу яе назад,— сціснуўшы зубы, прашаптаў Алекса.— Прывязу назад, i мы пойдзем жыць далека адсюль, у Латгалію. А можа, у Кіеўскае княства. Я воін. Мне заўсёды знойдзецца гаспадзін. Воіны патрэбны заўсёды, бо, відаць, ніколі не перастануць знішчаць людзі адзін аднаго.
— Ты прывязеш назад Бярозу? Ты вернеш яе? Маю дачку, прыгажуню, адзіную надзею маю? — пільна ўглядаючыся ў яго, як вар'ятка, ускрыкнула кабета.— Тады едзь. Хутчэй едзь! Пакуль яна жывая, пакуль яе не заглынулі там басурманы-жываглоты. Едзь, чуеш? Зараз едзь!
Яна трэслася як у ліхаманцы. Ад абыякавасці не засталося i следу. Яна насілася па хаце, бязмэтна шукала нечага на паліцах, адчыніла скрыню. Але там было пуста, толькі на самым дне адзінока ляжаў сувойчык палатна. Удава схапіла яго, разгарнула.
— Вазьмі яго. Прадасі. Табе ж трэба на дарогу. А болей нічога няма ў мяне. О гора, гора! Няма нічога. Усё забралі, забралі, а мяне, мяне...
Яна зноў захлынулася слязьмі. Пасля выпрасталася, задумалася. Вочы яе загарэліся ліхаманкавым агнём:
— Ты хто? Нашто прыйшоў сюды? Няма, няма Бярозы, няма... А ты... Цябе падаслалі да мяне, ага, падаслалі! Каб ты выведаў, ці ёсць што ў мяне, каб забраць апошняе.
Яна выхапіла з ягоных рук скрутак, наспешліва наклала яго ў скрыню, замкнула яе i села на скрыню, дрыжучы ўсім целам.
— Не, не! Нічога не дам табе! Няма ў мяне нічога. Прэч ідзі, ідзі адсюль! Хто ты? Я не ведаю цябе. Не мучай. О, няхай заб е цябе Род i парадзіхі за тое, што ты мучыш бедную жанчыну. У мяне забралі ўсё. Усё, чуеш?
Ён успомніў, як аднойчы пад Ноўгарадам такая ж худая, змучаная жанчына цягнулася за ім, павісшы на кані, хапала скрутак палатна, які ён забраў з хаты. Яна гаварыла гэтак жа, тыя ж словы былі ў яе, таму, відаць, што i сапраўды забраў ён апошняе. Але ж тады была вайна, тады ўсё гарэла, палымнела, i відовішча агню толькі весяліла ix, маладых. Яны рагаталі, гледзячы на тую бедную жанчыну, ix смяшылі яе пустыя грудзі, што, насычаныя сінімі жыламі, выглядалі ў выразе сарочкі. «Як у старой сукі»,— насміхаючыся, крыкнуў дружыннік Мядзведзь, i яны, смеючыся, падхапілі. Нікога не закранула яе гора, яе слёзы. Можа, таму, што ведалі — прыйдуць наўгародцы, i гэтак жа будуць плакаць i цягнуцца за імі ў пыле дарог палачанкі, i-тыя гэтак жа будуць рагатаць i паказваць на старыя грудзі, перавітыя сінімі жыламі... A летапісцы запішуць гэта проста: «прыйшоў Брачыслаў i павёў у Полацак мужоў i жонак без чысла мноства».
Яго ахапіў жаль да яе, i ён паспрабаваў растлумачыць:
— Я прывяду Бярозу, чуеш, маці? Я люблю яе. I мне нічога ад цябе не трэба.
— Тыя грошы... тыя грошы, што я атрымала, ад яе, ад яго, басурмана... ix забралі, так-так, забралі... Цівун i соцкі... Няма ў мяне нічога, хлопчык... I Бярозы няма...
Яна зноў заплакала, а ён апусціўся на калені:
— Блаславі мяне, маці... Ты блаславі, таму што праклянуць мяне свае, родныя. Прывыклі яны раскашаваць на мае грошы, прывыклі да цёилага жыцця. A ў мяне свой шлях. У мяне свая дарога, i яна ідзе ўбок. Можа, мяне смерць чакае там. Але, калі буду жывы, прывязу яе адтуль надзену маністы на ягоную шыю!
Яна заміргала, відаць, не зразумеўшы сказанага, але нечакана паклала хлопцу на галаву далонь. Далонь была цяжкою, халоднаю, i ён з раптоўным страхам зразумеў, што не жылец яна на белым свеце, што станчылася недзё нітка, якую пралі для яе з кудзелі жыцця старыя парадзіхі.