Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 174
Перейти на страницу:

– Што-колечы іншае, і ня хобіт, і ня орк, таксама можа прывабіцца да вогнішча, – вымавіў Арагорн. – Мы цяпер непадалёк ад горнага краю здрадніка Сарумана. А яшчэ мы на краі Фангарну, а дрэвы гэтага лесу, як кажуць, чапаць надта небясьпечна.

– Аднак рахірымы не пабаяліся распаліць вялікае вогнішча ўчора, – запярэчыў Гімлі, – і валілі яны, як бачна, суцэльныя дрэвы. А тады й ноч тут правялі бясклопатна, скончыўшы працу.

– Іх было шмат, – тлумачыў Арагорн, – і да гневу Фангарну ім клопату няма, бо наяжджаюць яны сюды зрэдку й у лес не заходзяць. А наш шлях, падаецца мне, павядзе ў самую глыбіню лесу. Таму асьцярожней! Не сячы жывых дрэваў!

– У тым і патрэбы няма. Рахірымы пакінулі шмат шчэпак ды галінаў, і сушняку вакол досыць.

I Гімлі выправіўся зьбіраць дровы й раскладваць вогнішча. Арагорн жа сядзеў маўкліва, абапершыся сьпінаю аб старое дрэва, задумаўшыся. Адзін Ляголас стаяў на паляне, узіраючыся ў цямрыстую глыбіню лесу, нахіліўшыся наперад, нібы ўслухоўваючыся ў галасы, якія даносіліся здалёк.

Калі гном управіўся зь невялікім, але зыркім і гульлівым вогнішчам, тры вандроўнікі паселі вакол, прысунуліся й нахіліліся да агню. Ляголас зірнуў на галіны дрэва над галавой.

– Пабачце – дрэва ўзрадавалася цеплыні! – выгукнуў ён.

Можа, гэта скаклівыя цені падманвалі вочы, але кожнаму з

падарожнікаў падалося: галіны выгінаюцца, каб наблізіцца да полымя, а верхнія – хіляцца долу, і бурыя лісты ўстапырваюцца й труцца адзін аб аднога, бы мноства старых зморшчаных далоняў разьмінаюцца над доўгачаканым цяплом.

Сябры замаўчалі, бо зьнянацку цёмны, нязнаны лес, да якога падабраліся гэтак блізка, адчуўся як прысутнасьць вялізарнай невядомай істоты, што тоіць пагрозьлівыя намеры. Праз доўгі час Ляголас вымавіў зноў:

– Келебарн казаў не паглыбляцца ў Фангарн. Ці ведаеш чаму, Арагорн? Якія паданьні чуў пра яго Барамір?

– Я чуў мноства паданьняў і ў Гондары, і ў іншых месцах, – адказаў Арагорн. – Аднак калі б ня словы Келебарна, я палічыў бы іх толькі казкамі, прыдуманымі людзьмі, калі згасьлі сапраўдныя веды. Я хацеў спытаць у цябе пра іх праўдзівасьць. Калі ўжо лясны эльф ня ведае, што можа ведаць чалавек?

– Ты вандраваў нашмат болей за мяне, – запярэчыў Ляголас. – У маёй краіне я амаль нічога ня чуў пра тое, хіба толькі песьні пра анадрымаў, якія жылі тут у пракаветную даўніну. Анадрымамі людзі клічуць энтаў. А Фангарн – надзвычай стары. Стары нават з эльфскіх разьлікаў.

– Так, стары, – пацьвердзіў Арагорн. – Такі паводле ўзросту, як і пушча ля Лысагор'я, толькі нашмат большы. Эльранд казаў, што тыя два лясы – радзіна, апошнія кавалкі неабсяжных лясоў Даўніх дзён, па якіх вандравалі першанароджаныя, калі яшчэ не прачнуліся людзі. А Фангарн мае й уласныя таямніцы. Якія – я ня ведаю.

– А я й не жадаю ведаць, – прабурчэў Гімлі. – Няхай анічога, што жыве ў гэтым лесе, пра мяне не турбуецца!

Кінулі жэрабя, і першым вартаваць выпала Гімлі. Астатнія леглі й амаль адразу пазасыналі.

– Гімлі! Не забывайся: небясьпечна сьсекчы нават малую галінку з жывога дрэва! – папярэдзіў Арагорн сонна. – I не адыходзь далёка ў пошуках паліва, хай лепей агонь згасьне! Калі што – абудзі мяне.

З тым і заснуў. А Ляголас ужо ляжаў нерухома, склаўшы прыгожыя рукі на грудзёх, пазіраючы расплюшчанымі вачыма ўгару – злучаючы, паводле эльфскага звычаю, глыбокі сон з насьцярожанай назіральнасьцю. Гімлі сядзеў, скурчыўшыся, ля вогнішча, водзячы задумліва пальцам уздоўж ляза сякеры. Шамацела лісьце. Аніякіх іншых гукаў ня чулася.

Раптам гном падняў галаву й убачыў: якраз на ўскрайку асьветленай прасторы стаіць, абапершыся на кій, згорблены стары – загарнуўся ў доўгі плашч, капялюш з шырокім крысом насунуў на самыя вочы. Гімлі ўскочыў, надта зьдзіўлены, каб выгукнуць, але адразу прамільгнула думка: усё, патрапілі Саруману. Арагорн зь Ляголасам, абуджаныя раптоўным рухам, селі. Стары ня рухаўся й не казаў анічога.

– Дабранач, бацьку! – павітаў Арагорн, ускокваючы на ногі. – Ці можам мы дапамагчы табе? Падыходзь, абагрэйся, калі зьмерз!

Крочыў наперад, але стары зьнік. Паблізу аніякіх сьлядоў ад яго не знайшлі, а далёка ад вогнішча адыходзіць не адважыліся. Месяц ужо зайшоў, і зрабілася надзвычай цёмна.

Зьнянацку Ляголас выгукнуў:

– Коні! Нашыя коні!

Коні насамрэч зьніклі. Выцягнулі калкі, да якіх былі прывязаныя, дый уцяклі. Пэўны час вандроўнікі стаялі нерухома й моўчкі, узрушаныя гэтым новым паваротам ліхога лёсу. Ад ускрайкаў Фангарну да жытла людзей Рохану, адзіных сяброў у гэтых дзікіх і небясьпечных землях, ляжалі доўгія мілі. Стоячы, пачулі, як з далёкай далечыні даляцела конскае ржаньне й гіргатаньне. Тады зноў усё сьцішылася, толькі вецер па-ранейшаму халодна шапацеў у лісьці.

1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)