Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
“Гэта Шкрадзюк, толькі ён, – падумаў Курт, – і як толькі можна так – быць сярод сваіх і прыносіць ім гора. Няўжо ён так шчыра верыць, што Гітлер пераможа Сталіна, і што яму дастануцца ўсе даброты і багацце пасля перамогі? Наіўны і дурны чалавек. Не, гэта я дурны чалавек, дужа дурны. Як я не здагадаўся сказаць раней, каб Петрык, калі што якое, хаваўся ў другой палавіне хаты – туды не асмеліліся б зазірнуць паліцаі, ім забаронена без дазволу пераступаць парог жылля афіцэраў... Хаця... Не, не такі выхад, не такі. Забралі, адабралі ад мяне майго Пітэра, я і не ведаў, што так прывязаўся да яго, палюбіў яго... Божа, каму патрэбна гэтая крывавая і такая бесчалавечная вайна?..”
Курт Венцэль быў не з беднай, але і не з багатай сям’і. Бацька быў чыгуначнікам, працаваў на станцыі. Маці – у прыватнай бальніцы. А потым яны пабудавалі невялічкі дамок на ўскраіне горада, куды потым Курт перабраўся з маладой жонкай.
Ён набыў спецыяльнасць інжынера і працаваў на вялікай фабрыцы, якая вырабляла адзенне, а Марта, жонка, працавала фармацэўтам у аптэцы. Праз год у іх нарадзіўся сын. А праз пяць гадоў яго прызвалі ў армію вермахта. Паслалі ў невядомую краіну забіваць людзей.
Яму пашанцавала. Яго прызначылі служыць у жандармерыю, дзе трэба было займацца фарміраваннем і камплектацыяй фуражу, пракладваць дарогі, будаваць масты...
Пад вокнамі завуркатаў матацыкл.
Курт выглянуў у акно – да дзвярэй кіраваўся салдат, трымаючы ў руках пакет. Венцэль не вытрымаў, выбег насустрач.
– З Бабруйска?
– Так, пан афіцэр. Для вас пакет. Са штаба перадалі. Тэрмінова.
– Дзякую, – адказаў безуважна Курт, паразважаў крыху, разарваў канверт, выняў паперы, прабег позіркам па радках.
Аднёс у хату, паклаў пад падушку.
“Добра, што няма побач Гюнтэра, – адзначыў радасна, – пачаў бы распытваць, што і да чаго, а так абыйдуся без сведак...”
Вярнуўся да салдата, які чакаў яго адказу, чакаў распараджэнняў.
– На Бабруйск! Тэрмінова! – загадаў матацыклісту і тут жа сеў у каляску.
Матацыкл каціўся па ўмерзлай дарозе хутка і роўна.
Курт хаваўся ад сустрэчнага сівернага ветру, сагнуўся, трымаў рукой фуражку, каб не зляцела з галавы.
“От каб нас перастрэлі партызаны, – падумаў нечакана, гледзячы на ўзбочыну дарогі, – тады б скончыліся мае пакуты невядомасці, і прыйшло б да мяне супакаенне. Я сказаў бы ім, што сам даўно збіраюся перайсці да іх... Але дзе яны, тыя партызаны, тут жа і лясоў няма, а яны ў глыбокіх пушчах і барах, куды і дабрацца немагчыма... Ды не, я не пра тое думаю, мне трэба найперш вызваліць майго Пэтэра, Петруся...”
Курт, як і Алена, прасіў Бога, каб выбавіў яго маленькага сябра з бяды.
На паваротцы, калі яны міналі лагчынку, падалося яму, што нехта хаваўся за невыскім кустом, прыгнуўся. Хацелася нават сказаць кіроўцу матацыкла, каб спыніўся, бо адчуў, як сэрца ёкнула ў грудзях, але шкадаваў часу, імкнуўся на станцыю.
Не спыніў, бо калі другі раз зірнуў на тое месца, то нікога і не ўбачыў.
“Падалося, мусіць, хто ж там, у такую халадэчу, мог схавацца? Каб партызаны, то даўно спынілі б іх ці далі аўтаматную чаргу...”
– Шнеллер, шнеллер! – падганяў матацыкліста.
Ён мітусіўся сярод тлумнага натоўпу, падыходзіў да купак дзяцей, позіркам вышукваў таго, дзеля каго ён і прымчаў на станцыю.
Дзяцей па двое аддзялялі ад групы і заводзілі ў вагон. Пераканаўшыся, што на пероне Петруся не было, пачаў заглядваць у кожны вагон.
– Петрусь! Сіліч!
Але ніхто не адгукваўся – у гэтым мурашніку цяжка было адшукаць хлапчука, амаль немагчыма.
Вагоны пакаваліся не толькі з дзяцей, а і з дзяўчат і маладых жанчын. І вагонаў было шмат, і на розных платформах...
Да яго падышоў забалацянскі стараста. Той пра нешта хацеў спытаць, але яго апярэдзіў Венцэль – узяўшы за каўнер світкі абедзьвума рукамі, як не закрычаў:
– Сіліч! Во Петрусь Сіліч?
Несцер нечакана для Курта ўсміхнуўся, зразумеўшы і адчуўшы неспакой сілічаўскага кватаранта, прамовіў словы, зразумелыя і радасныя:
– Аллес гут! Сіліч цузаммен муттэр коммэн нах хауз.
Немец не паверыў, перапытаў, амаль перайшоўшы на крык:
– Нах хауз? Домой? О, майн Гот! Ты памагаць, да?
Несцер на вачах Курта ўбачыў слёзы, чаму нямала здзівіўся.
І толькі пасля гэтага Венцэль похапкам выхапіў цыгарэты і закурыў, часта зацягваючыся...
Потым ківаў галавой, як прасіў дараваць за нешта, вінавата гаварыў: