Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Галасілі маці, стараючыся вырваць з рук паліцаяў сваіх дзяцей, прасілі пакінуць, умольвалі, закліналі і – пракліналі тых, хто адарваў ад сям’і роднае дзіця...
Вырывала, што было сілы, і Алена Сіліч свайго Петруська ў невядомага ёй паліцая – чорнага, як галавешка, ці не цыгана бяздомнага, прыблуды з іншых мясцінаў. Перад гэтым кінулася ў другую палову хаты, каб папрасіць Курта аб дапамозе, каб выбавіў свайго сябра з бяды, але той, як на тую бяду, некуды з’ехаў са сваімі ў невядомым кірунку...
– Не забірайце, прашу, не трэба. Ён хворанькі ў мяне, слабенькі... – учапілася ў сына, трымала, што было сіл.
– Пшла адсюль! – адпіхнуў яе той жа чорны, як грак, паліцай, адной рукой падняў Петруська і закінуў у кузаў, дзе месцілася ўжо каля дваццаці дзяцей...
Жанчыны крычалі, плакалі, галасілі...
Алена, падаючы на зямлю, балюча выцялася аб змерзлую храпу – ужо лістапад гуляў па зямлі. А яна выбегла без світкі, нават хустку не здагадалася накінуць на галаву.
Калі апрытомнела, доўга не магла ўцяміць, чаму ляжыць на зямлі, чаму галосяць жанчыны.
– Павезлі на станцыю! – пачула нечы голас.
“Вязуць дзяцей на станцыю! Туды мне трэба! – прыйшла да яе думка. Нікому нічога не кажучы, бегма кінулася да горада – верыла, упэўнена была, што ўдасца выратаваць сына. – Божа, памажы і на гэты раз! Ты не раз памагаў, і я ўдзячна Табе! Выратуй і памілуй!..”
Трынаццаць кіламетраў жанчына прабегла няхай і не хутка, але ніводнага разу не спынілася, не перавяла дыханне і не прысела. Толькі кружылася галава, падкошваліся ногі. Але яна знаходзіла ў сабе сілы, каб бегчы і бегчы наперад. Ведала, дзе станцыя, ведала, дзе можа адбывацца пагрузка дзяцей.
Не памылілася – сэрца маці вяло правільным кірункам.
“Цялятнікі” стаялі збоч асноўнай станцыі, у тупіку. Жанчына баялася, каб і яе не схапілі ды не кінулі ў вагоны да дзяцей, таму старалася не выклікаць падазрэння немцаў і паліцаяў, што шныралі туды-сюды... Доўга прыглядалася да таго, што рабілася, выбірала зручны час і месца, каб падступіцца да вагонаў...
І – о, Божа! Алена ўбачыла непадалёк ад сябе Несцера. Ён стаяў з нейкім паліцаем і пра нешта гаварыў, найбольш слухаў, што той тлумачыў. Алена ўпілася пільным позіркам яму ў патыліцу.
І Несцер павярнуўся да яе. Жанчына ўмольна глядзела на яго, не зводзіла позірк, маліла зноў Бога, каб стараста пачуў яе боль і покліч.
Скончыўшы размову, падышоў да Алены, але не адразу, а трохі счакаўшы. Пахадзіў яшчэ трохі сярод натоўпу, пераканаўся, што не пагражае небяспека, – тады толькі стаў побач.
– Што здарылася, Алена? Якое гора ў цябе?
Стараста стаяў побач, але адвярнуўшыся ад яе, як і не ведаў жанчыну, і спытаў праз плячо, гледзячы на перон, дзе адбывалася размеркаванне і пагрузка дзяцей.
– Гора, Несцерка, ой якое гора! Схапілі майго Петрыка, на машыну пагрузілі і сюды, мусіць, прывезлі. Недзе тут ён, мо і Дранік яго садзіў, бо казалі, што сярод іх быў...
– Добра, стой тут, а я што-небудзь прыдумаю... Толькі адыдзі адсюль, далей стань, каля тых скрыняў схавайся...
Яго не было доўга, можа цэлую вечнасць. Яна ўжо і не ведала, колькі прайшло дакладна часу, бо вельмі змерзла, і запознена шкадавала, што не прыхапіла ў гарачцы з сабой якой-небудзь апранахі. Мо то з-за холаду доўжыўся час, а мо і з-за хвалявання і невядомасці. Цярпенне пакідала яе. Яна ўжо і пашкадавала, што звярнулася да Несцера, – мо сама даўно ўжо дабілася б нечага, дамаглася б. Але тут жа сабе і дакор выказала – нельга ж так, не ведаючы, ганіць чалавека. Калі ўзяўся, то будзе старацца памагчы ёй... Можа проста пакуль не ўдалося, бо нялёгка адабраць сына ў немцаў, нейкія ж важкія прычыны павінны быць на тое... А якія тут могуць быць прычыны, хто ім паверыць... Бралі ж усіх падрад, пачынаючы з пяцігодак... Мо і сам чалавек папаўся праз гэта, і яму будзе гора і кара...
– Алена, ты дзе? – пагукаў недзе збоку Несцер, і яна скаланулася, ледзьве не закрычала, але стрывала, моўчкі прыўзнялася са сваёй схованкі, выпрамілася.
– Тут я, Несцерка!
Стараста, усміхаючыся, падштурхнуў у плечы хлапчука:
– Бяжы да маці!
А потым пастражэў тварам, загадаў затоена:
– Хуценька ўцякайце адсюль! Зараз жа! Бяжыце да Беразіны, перасядзіце там з паўгадзінкі, а потым толькі ідзіце дадому...
– Дзякую, Несцер!
– Хутчэй, Алена! – не адказаў на падзяку, крутануўся і пабег назад, асцерагаючыся, каб не хапіліся яго.
Маці абхапіла сына, прытуліла да сябе, як старался абагрэць яго апошнім сваім мацярынскім цяплом. Туліла і аглядвалася па баках, каб не папасці каму на вочы.