Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Не спадабалася ім такое сяброўства. Яно не абрадвала іх, а, наадварот, насцярожыла. Але змяніць нешта, забараніць ім сябраваць не маглі, не ў іх сілах было тое.
Тое ж паўтарылася і назаўтра. Дурэлі, як маглі, дэманструючы сваю радасць яднання.
Пазней ужо, мо на чацвёрты ці пяты прыход да іх, Курт Венцэль дастаў з кішэні блакноцік у цвёрдай вокладцы, выцягнуў з яго фатакартку, паказаў Петрусю:
– Дызэ майне фамилия… Семья… Дызэ – Пэтэр, майн зонэ, мой сын. Ду – ист аух майне сын. И ты теперь мне стал сыном…
Ён тую фатакартку паказваў і бацькам.
Яны жахнуліся, і тады для іх усё стала зразумелым – на фота хлопчык быў падобны на іх Петруся. Як дзве кроплі вады. Калі б яшчэ Пэтэр быў апрануты так, як забалацкі хлопчык, то ніхто і не адрозніў бы іх. Яны аж напужаліся напачатку – як быццам гэта іх сынок сядзеў побач з Куртам і яго жонкай.Вось чаму так адносіўся Курт да іх сына – у самога у далёкай Нямеччыне гадаваўся такі ж хлапчук. Балела бацькава сэрца па Пэтэру, і яны – Алена і Сяргей – разумелі той боль...
А як зразумелі ўсё, то і перасталі баяцца, наадварот, адчулі, што Петрусю нічога не пагражае, што ў яго з’явіўся не толькі добры прыхільнік, а і сябар, абаронца ад злыбяды, ад яго недругаў ці ворагаў...
Было нават смешна глядзець, як Курт садзіў на плечы Петруся і бегае з ім па хаце, хаця ў іх палавіне нельга было дзе і развярнуцца. Пятрусь расстаўляў рукі, як крылы, і ўяўляў сябе тымі лётчыкамі, што прыляцелі на луг. А Курт яшчэ і гудзеў, як самалёт, – то прысядаў, то зноў выпрамляўся. Здзяцінеў немец, няйначай, так збоку можна было падумаць таму, хто бачыў бы тое на свае вочы. Ён бы не зразумеў, што тут і да чаго.
Рагатаў і вішчэў ад радасці і задавальнення хлапчук; смяялася Верка, гледзячы на іх забаву, зайздросціла іх гульні, самой карцела быць на месцы брата, але не асмельвалася нават і папрасіць пра тое, бо ведала, адчувала, што тая радасць належыць толькі Петрыку...
Курт прыходзіў да свайго сябра амаль кожны вечар. Прыносіў шакалад, галеты, іншыя прысмакі. Адзінае, што вельмі не падабалася Петрусю, дык гэта тое, што яго сябар не дазваляў больш нікому есці прынесенае. Нават Верцы, якая, не адрываючыся, каўтаючы сліну, глядзела на брата, як ён чэрпаў лыжкай кашу і падносіў лыжку да рота. А яна ж была меншая за Петруся...
І тады ён пайшоў на хітрасць. Калі Курт прыносіў шакалад ці цукеркі, то ён рабіў выгляд, што са смакам жуе, і доўга жуе. Курт, седзячы побач, звычайна задумваўся і курыў, асабліва і не назіраў за хлопчыкам, чакаў толькі, калі той павячэрае. Пад сталом стаяла табурэтка. На яе і складваў, хаваючы ад Курта, рэшткі пачастунку.
Нямецкі сябар прыносіў то аловак, то сшытак, то нейкую цікавую, з каляровымі малюнкамі, кніжку. Падараваў нават сцізорык, чаму вельмі абрадваўся Пятрусь, хваліўся потым перад сябрамі на вуліцы. Губны гармонік нават падараваў. Але не ўпадабаў яго чамусьці хлапчук, сам не ведаў, чаму. Ці то музыкальнага слыху не было, ці лічыў тое рыпанне несур’ёзным заняткам, але праз некалькі дзён засунуў тую бліскучую цацку пад комін на гарышчы і болей не ўспамінаў пра яе...
А аднойчы Курт, застаўшыся амаль на цэлы дзень у іх палавіне, змайстраваў яму аўтамат. Аўтамат не быў падобны ні на нямецкі, ні на які іншы, але выглядаў натуральна і ўнушальна – зноў жа, на зайздрасць Петрусёвых сябрукоў.
Венцэль яго яшчэ і пафарбаваў чорнай фарбай – пад колер сапраўднай зброі. Фарсіў хлопец, ды яшчэ і як, перад сваімі аднагодкамі. Зайздросціла яму ўся вёска, і асабліва Віцька і Васіль, Пятрок і Зміцер. Калі ж гулялі ў вайну – у чапаеўцаў і белагвардзейцаў, – то па чарзе прасілі аўтамат “паваяваць”.Але даваў Пятрусь зброю не ўсім, а тым, з кім меў сапраўдныя сяброўскія стасункі, хто і яму ніколі і нічога не шкадаваў. Як і той жа Віцька Дударэнка.
І трэба ж было здарыцца такому.
Нечакана ўсё адбылося, раптоўна. Як чорны віхор наляцеў на Забалацце – ніхто і не падазраваў і не прадчуваў...
Аблава, пачалася самая звычайная аблава. Аблава на дзяцей.
Невядома адкуль і з’явілася тая машына з паліцаямі і немцамі, і яшчэ з нейкімі невядомымі людзьмі – мусіць жа таксама паліцаямі, але з іншых вёсак. Машына пакрысе паўзла па вуліцы, а паліцаі забягалі ў кожную хату, хапалі і выцягвалі на вуліцу хлапчукоў, якім было больш за пяць гадоў...
Людзі ведалі, чаго забіралі іх дзяцей. Для параненых салдатаў вермахта патрэбна была кроў, дзіцячая кроў. Шпіталі рабілі запасы дзіцячай крыві...
Нехта бачыў, быццам бы у адной з тупарылых машын быў і Дранік. Не ў Забалацці, ды ў іншых вёсках памагаў адбіраць у бацькоў дзяцей і запіхваць у кузаў крытай брызентам машыны.