Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Не адчэпіцца, – згадзіўся бацька.
– Што ж рабіць у такім выпадку?
– Што? Пакумекаць трэба...
Пятрусь глядзеў на брата, шкадаваў яго. Паспрабаваў уявіць, як ён са стрэльбай будзе хадзіць па Забалаццю разам з Дранікам, і не мог таго ўявіць.
У хаце ўсталявалася маўчанне.
...Летам накасілі карове на зіму сена, трохі бульбы ўкапалі. Каб на мірны час, то маліны можна было б наварыць – зімой яно, варэнне, добра ад прастуды, ды і з гарбатай смачна... Але як яго зробіш, калі цукру няма? Немцы падзяліліся “цукрозай”, але то ж не цукар.
Алена сушыла на зіму малінавыя галінкі – для гарбаты. Падмешвала яшчэ лісты смуроды, святаянніку, сухога квету ліпы...
Ужо ішла другая ваенная зіма...
Тыя запасы, што прынеслі Сілічы з Бабруйску, ужо заканчваліся. Ды і не маглі яны доўга захоўвацца – псаваліся.
Трэба было неяк дабрацца да Вінарскага – з ім параіцца не шкодзіла б. Ён абавязкова падаказаў бы, што рабіць, як паводзіць сябе, каб пазбегнуць бяды. Нездарма ж на тым сходзе, калі Сяргей Сіліч стаяў непадалёку ад яго, злавіў позірк, як даў зразумець усё роўна, што паміж імі існавала нябачная нітачка ўзаемаразумення. А як тапталіся адзін каля аднаго, дык і на нагу яшчэ наступіў. Быццам бы выпадкова. Але больш позіркамі не сустракаліся, адышлі адзін ад аднаго.
“Трэба, трэба схадзіць і параіцца, павінен жа падказаць, параіць, памагчы. Але ў які дзень выбрацца? А можа тады, калі на млын трэба? Так, на наступным тыдні...”
Думаў, разважаў над сваім лёсам і лёсам сям’і Сяргей Сіліч. Верыў, што Вінарскі не адпрэчыць яго, выслухае ды і параду дасць патрэбную. Бо заўсёды ён вылучаўся мудрасцю і дальнабачнасцю.
“Так, на наступным тыдні...”
7.
– Гутэн таг, – на парозе стаяў Курт Венцэль і ветліва ўсміхаўся, як прасіў прабачэння, што без запрашэння зайшоў ў іх палавіну. – О, майне кляйн фройнд Петрусь, біттэ эссэн... Кушать, Петрусь, кушать...
Курт, называючы яго па імені, рабіў націск на “е”, стараўся называць яго так, як клікала маці – Пятрусь, Петрусёк.
У руках Курта былі алюміневыя міскі з ядою. Немцам рэгулярна, калі яны былі на месцы, прывозілі ў тэрмасах тры-чатыры разы на дзень харчаванне. Калі ж яны некуды знікалі, то машыны ці матацыкліст з тэрмасамі не з’яўляліся.
Курт падышоў да стала, паставіў міскі.
Потым падышоў да Петруся, які сядзеў у кутку і разглядваў малюнкі ў нейкай старой зашмальцаванай кніжцы, узяў за руку і падвёў да стала.
– Кушать, Петрусь, тебе кушать...
Спачатку хлопец не разумеў, чаму толькі яго аднаго запрашае немец да стала. Хлопчык сеў за стол, азіраючыся на Верку, узяў у руку лыжку, згаладала пачаў есці. Жуючы, не адрываў позірку ад Венцэля. Усё яшчэ не мог зразумець яго жэст – чаму ён прынёс яду толькі яму аднаму. Вунь і Верка галодная, і маці не адмовілася б, мусіць...
З’еў хутка. Як за сябе выкінуў, паспеў падумаць толькі: “Мусіць, лішняя порцыя засталася, вось і аддаў ён яе мне...”
Курт сядзеў маўкліва побач, пра нешта думаў.
З задумлівым выглядам курыў, зацягваўся пахкім дымком. І той дым для Петруся падаўся прыемным, нават салодкім. У блакітных вачах афіцэра хлопчык заўважыў ці то сум, ці то скруху. Як быццам у яго была нейкая бяда ці гора. Курт раз-пораз уздыхаў, глядзеў некуды ў нябачную кропку.
Потым ён наліў хлопчыку з бліскучага тэрмаса салодкай кавы. Зноў жа – такога напітку Пятрусь ніколі не спрабаваў, не ведаў, як той напой і называецца. Кава яму не вельмі спадабалася.
– Ду іст Петрусь, – паказаў пальцам афіцэр на хлопчыка, а потым, ткнуўшы сябе пальцам у грудзі, прамовіў: – Іх хайзэ Курт. Курт Венцэль. Фэрштэйн? Понимаешь?
– Ты – Курт, – паказаў Пятрусь на яго. – Курт Венцэль. Так? Правільна?
– Рыхтык! Правильно! – радасна падхапіў нямецкі афіцэр. – Петрусь і Курт. Курт – фройнд Петрусь. Ты есть мой друг. Я есть твой друг. Твой фатэр – Сергей, муттэр – Елена. Дайн брудэр – Николай, Анатолий, Владимир, швестэр – Вера. Рыхтык?
– Рыхтык, Курт, рыхтык! Ты ўсіх ведаеш. Ты – мой сябар. Я – твой сябар! Курт – сябар Петруся!
Нечакана Курт падхапіў хлопчыка на рукі і пачаў насіць па хаце. Садзіў на плечы, распластваў рукі, гудзеў, як самалёт і насіліся з ім па хаце. Маці спачатку здзівілася, напалохалася, а потым пачала ўсміхацца, рагатаць:
– Уздурнеў немчык, няйначай...
Растапырыў рукі і Пятрусь, пачаў гудзець, як яго сябар.
Потым Курт паставіў яго на ногі, абняў, як свайго роднага, прыгаворваў:
– Курт – сябар Петруся, так?
– Так, Курт, рыхтык, правільна! Сябар!
Бацькі здзіўлена назіралі за гэтай сцэнай і не маглі зразумець – чаму нямецкі афіцэр упадабаў іх сына? Мо хоча забраць яго ў Нямеччыну? А мо што іншае ўдумаў?