Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Сядзіба Сілічаў была не апошняй у Забалацці. Трэцяя з краю, з другога боку, што ад бальшаку на Бабруйск.
Кастусь Бандарчук – з аднаго боку, ён і быў другім ад краю. Кастусь трошкі маладзей за Сяргея Сіліча. Дачка Вальжына, аднагодак Петруся – Генка. За імі, як кажуць, мая хата з краю, жыла Матруна Бандарчук, – дзве дачкі гадавала, – Волечку і Марынку... А праз дарогу хата Івана Шкрадзюка была. То ён стаў паліцаем. Суседзіла з ім Васіліха Бандарчук, у якой былі два сыны – Міхась і Янка, дачка Ганна. Апошняй, з другой вуліцы, за Іванам Шкрадзюком, жыла адзінокая Ганна Шкрадзюк.
А з другога боку вуліцы суседзямі ў Сілічаў былі Апанас Чэрнік. Сябраваў Пятрусь з дачкой Волечкай. Мікола быў ужо дарослы, хаўрусаваў са старэйшымі. За Чэрнікамі жыла Варвара Аўгушова – з сынам і дачкой...
Вось такое суседства. Вось такая сям’я, калі адзін без аднаго не маглі жыць, не маглі абысціся без дапамогі і падтрымкі, без шчырага ўдзелу ў сваіх агульных клопатах і нечаканых выпадках жыцця, без талакі, калі навальваліся агулам на нейкую цяжкую працу аднаго чалавека...
А вайна ўнесла ў душы людзей няхай не раз’яднанасць, а ўнутраны недавер, паняверку, перасцярогу, бо кожны вясковец ведаў, што шчырасць і адкрытасць ў такіх выпадках можа даць непажаданасць і прыкрыя вынікі. Хаця б з тым жа Янкам Шкрадзюком. Здаецца ж, і ніштаватым чалавекам быў, хаця і скнара, а тут, як займеў стрэльбу, на плячо яе пачапіў, то і перамяніўся чалавек, заганарыўся, нос задраў высака. І нікога ўжо не шкадаваў, да людскога гора і бяды не прыслухоўваўся, нікому і ні ў чым не саступаў, – адчуў смак улады і радасна ўпіваўся ёю.І не падазравалі людзі, што ў ім могуць адкрыцца самыя агідныя якасці. Хаваў, хаваў іх у сабе чалавек, а тут яны і вырваліся на волю, як ваніты з сярэдзіны выскачылі...
Але, як кажуць, той, хто шукае, то абавязкова і знойдзе.
Ці, як яшчэ дакладней, – Бог шэльме абавязкова адмецінку паставіць...
6.
А жыццё неяк жа наладжвалася, уваходзіла ў свае берагі.
– Жыццё як у ваўка і барсука, якія жывуць побач, – казаў Сяргей Сіліч. – Адзін аднаго не пакусаюць, але і сябрамі не назавеш...
Ён назіраў такое суседства, калі хадзіў у лес. Напаткаў неяк логава ваўчыцы. Каля яго было шмат касцей, і побач, праз курганок, была нара барсука. Барсук жыў як бы пад прыкрыццём ляснога гаспадара, якога ўсе баяліся.
Воўк за здабычай бегаў за сотні кіламетраў, а каля сваіх мясцінаў ніколі не чапаў ні авечак, ні кароў, нават у калгасныя кашары не меў звычкі залазіць. Ведаў, што потым паляўнічыя могуць наладзіць яму аблаву...
Так і тут. Немцы жылі сабе, не зважаючы на іх сям’ю, не ўлязячы ў іх клопаты. З цягам часу людзі асмялелі. Словы Вінарскага пра клопаты аб людзях пацвярджаліся, хаця тыя ж людзі не маглі ацаніць і асэнсаваць тое, чаму так здарылася, што немцы раптоўна зрабілі аблаву і шмат людзей павезлі ў Нямеччыну. Здагадваліся – ён не меў такой сілы, каб нешта змяніць, перайначыць. Сцішвалі хіба сябе тым, што ведалі, што ён здольны толькі зменшыць нейкую бяду, якая абрынецца на іх, а не адвесці яе зусім...
Сяргей Сіліч запрагаў каня, грузіў на воз мех-два жыта, якое ўпотай ад чужога вока выкопваў з зямлі – зарабіў да вайны на працадні, і вёз да мельніка.
Але аднойчы ў начной цемрадзі перастрэлі партызаны. Пацікавіліся, што вязе. Адказаў, што раздабыў, трохі жыта, сям’я з голаду памірае...
– А мы не паміраем? Мы ваюем з фашыстамі, а ты на печы бокі грэеш... Так ты памагаеш фронту?
– Ды ў мяне чацвёра дзяцей, злітуйцеся... Пакіньце трохі.
– Яшчэ адно слова і кулю атрымаеш, – прыгразіў басавіты голас, яшчэ і затворам клацнуў для страху.
Усё забралі, да грама.
На гэты раз вяртаўся дадому з мукой. І тады ўжо трошкі спакайнела на душы – пракорміцца неяк сям”я, з голаду дзеці не паўміраюць. Ды і сыны памагалі – то дроў прывязуць, ды потым і паколюць іх, складуць у штабялёк, то рыбы натопчуць...
Дзіўна, але і “кватаранты” прасілі ў Толіка ці Валодзі сякеру і самі спрабавалі калоць дровы – для размінкі, мусіць. Старэйшы, Клаўс, ледзьве не параніў сабе нагу – сякера саскочыла і чырканула па калене. З гарадскіх, мусіць, быў, адразу бачна, што сякеры і ў руках не трымаў. А вось Курт Венцэль, якога добра запомніў Сіліч, працаваў рукамі ўвішна і весела. Пад яго рукамі, здавалася, усё гарэла і спявала. Махаў і махаў сякерай, а чурбакі як трэскі адляталі ад калодкі. Спраўны быў немец, працавіты, што вельмі спадабалася гаспадару. Працаваў Курт да сёмага поту, а потым браў вядро з халоднай вадой – са студні, і абліваўся ёю, ускрыкваючы радасна ад задавальнення. Вясёлы быў немец, таму і незразумелы. Было такое ўражанне, што ён тут і жыў у вёсцы недзе па суседстве...