Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Гаспадар, як і ўсе, меў дзесяць дзесяцін зямлі. І апрацоўваў яе на кані. Памагалі сыны – Толік, Валодзя і Мікола. Працавалі з раніцы і да вечара.
Не раз заглядваў да іх у хату Янка Шкрадзюк.
А на гэты раз у іх палавіну не зазірнуў, на прызбе ўладкаваўся. Зацягваўся самасадам, жартаваў-усміхаўся, з нейкім намёкам гаварыў:
– Цягаю-цягаю цэлы дзень гэтую стрэльбу, а ўзнагароды ніякай. Сабе на шкоду толькі, і людзі спадылба пазіраюць на цябе. Брыдота, адным словам...
– Дык і не ішоў бы, – казаў Мікола, – хто ж прымушаў?
– Гы-гы. Які разумны... – хітра смяяўся Янка. – А сам то ты чаго не ідзеш у паліцаі, га?
Шкрадзюк павярнуў размову ў свой, патрэбны толькі яму, кірунак, мусіць жа з-за гэтага ён і прыблэндаўся да Сілічаў, спытаў і хітра прыжмурыўся, зацягваючыся глыбока едкім самасадам – чакаў, ой як чакаў, што адкажа на яго запытанне сусед.
І тады Мікола зразумеў, сэрцам адчуў, што цяпер ужо не адчэпіцца ад яго паліцай: хоча і яго ўцягнуць, зрабіць сваім памагатым.
– Адкажы, чаго сам не ідзеш, га? Чаму, скажы, будзь так ласкавы, адзін я павінен аддувацца за ўсіх?
– Не аддувайся – спакайней будзе, – параіў Сіліч.
– Не я, дык заўтра іншага прымусяць. Заставяць. Мо і цябе канкрэтна, Мікола, як ведаць. А мо і Толіка заграбуць. А што? Узростам вы акурат выйшлі, любы пацвердзіць.
– Ну, тое як яно яшчэ будзе, Янка. Мо цябе аднаго і дастаткова будзе. Вінарскі пра тое казаў – аднаго. А ты спраўна служыш, немцы хваляць. А я і ростам не выйшаў, і мордай таксама.
Паліцай крутануў галавой, як усё роўна адганяў мух, бо рукі былі занятыя, зіркануў нядобра на хлопца.
– Ты, ета самае, мне жарцікі не строй. Не строй, – стражэў і хмурнеў Янка, пыхкаючы дымком, гледзячы прыжмураным вокам некуды за плот, дзе вішні пазгіналі свае галіны да зямлі. – А я вот вазьму ды і скажу нямецкаму афіцэру ці бурмістру, што ты маеш вялікае жаданне стаць паліцаем, ды толькі вельмі саромеешся ў тым прызнацца.
Мікола збялеў, але на гэты раз нічога не адказаў – не хацеў абвастраць абстаноўку, бо ведаў, што гэты нямецкі паслугач і сапраўды можа сказаць. Тады ўжо не выкруцішся, як піць даць прымусяць насіць старэльбу і прычэпяць на руку павязку з фашысцкай свастыкай...
– Спужаўся? Гы-гы, спужаўся, га? – павесялеў паліцай, заўважыўшы на твары юнака збянтэжанасць і разгубленасць. – Не баісь, сусед, не баісь, калі што – прыкрыю, аберагу... Сам буду гэтую ношку несці, каб толькі мяне аднаго пракліналі людзі... А тое, што я многіх з няволі выбавіў, прыкрыў, як кажуць, сваімі грудзьмі, тое ніхто і не ўспомніць. Ды ладна, то я так, жартую-здзекваюся з самога сябе... Не звяртай асаблівай увагі.
Памаўчалі. Шкрадзюк дакурыў сваю самакрутку, хмыкнуў пад нос. І, стаўшы сур’ёзным, загаварыў ужо іншым тонам:
– Ну і правільна. Мне спадабаўся твой адказ. Але я хачу сказаць пра іншае. Я хацеў, каб ты быў побач са мною. Не прыслужваць немцам, а змагацца з імі. То ні я гаварыў так з табою, а памочнік партызанскага атрада. Табе рызыкоўна заставацца ў вёсцы, рана ці позна трэба будзе рабіць выбар: альбо ў партызаны, альбо ў паліцаі...
І, перайшоўшы амаль на шэпт, дадаў:
– Я на падпольнай службе. І цябе хацеў далучыць. Тваю сям’ю ў партызанскім атрадзе ведаюць, бацьку твайго ведаюць. Таму і паў выбар на цябе. Адказ дай не сёння, пазней, калі надумаешся нешта. Усё. Думай.
Ён яшчэ сядзеў нейкі час, маўчаў ужо, курачы трэцюю ці чацвёртую цыгарэціну. А потым уздыхнуў, падняўся і, не развітваючыся, паклыпаў да веснікаў. Потым ужо, выйшаўшы на вуліцу, гэтак жа, сагнуўшы галаву, паплёўся да сваёй хаты.
Мікола быў ашаломлены. Не ведаў, верыць Шкрадзюку ці не верыць.
“Не, не да дабра Дранікавы намёкі, – падумаў пра сябе Сяргей Сіліч, пачуўшы праз акно размову – у хаце быў на той час. – Пра тое і сынам трэба сказаць... Партызаны? Але чаму ж не да мяне хто прыйшоў, а праз паліцая размова? Не, асцерагацца трэба яго, абыходзіць, на вочы не пападацца, і не нарывацца з ім на спрэчку ці сварку. Што ён замыслівае, і чорт яго не разбярэ... Але што тут разбіраць – у паліцаі сына ўцягнуць хоча, няйначай...”
Мікола зайшоў у хату, убачыў, што бацька сядзеў каля акна.
– Ты ўсё чуў?
– Чуў, сын, чуў, не глухі.
Алена таксама занепакоілася, калі гаспадар расказаў пра падслуханае. Забожкала, на абразы перахрысцілася, папрасіла Бога адвесці бяду...
– Ад мяне ён не адчэпіцца, – уздыхнуў Мікола, гледзячы праз шыбы ў двор.