Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Стараючыся крочыць бязгучна, накіраваўся ў пячору. Там пахаваны Віфлеемскія немаўляты, якіх пазбавіў жыцця цар Ірад. Стаўшы на калені, прачытаў малітву за іх спакойны сон.
Толькі тады выйшаў на сонечную пляцоўку.
Здавалася, што ішоў не па зямлі, а слізгаў, не дакранаючыся да яе… І толькі метраў за трыста ад паляны адчуў цвердзь пад нагамі. Па небе плылі белыя воблакі, у якіх схавалася сонца. Перад тым, як пакінуць святыя мясціны, узышоў на маслічную гару Елеён. З гары добра праглядваецца старажытны Іерусалім, правільней, тое, што ад яго засталося. Два тысячагоддзі патрабавалася гораду, каб перакачаваць на новае месца. Так захацеў Гасподзь. Ваяры халіфата калісьці спалілі горад да тла, не злітаваўся над ім і меч крыжаносцаў, перапала і ад араба-ізраільскіх войнаў… Горад непрыкметна адсоўваўся ад папялішчаў і пажарышчаў, адраджаючыся ўжо на новым месцы…
Мне падалося, што ў паветры пракаціўся, быццам раскаты грому, вокліч: “Ойча Мой! Калі можна, ды мінуе Мяне чаша гэтая!..”
А потым пачуўся з прысвістам храп – спалі вучні Хрыста, пакінуўшы Яго аднаго… І ўжо рухаліся з факеламі і дзідамі вартавыя, старэйшыны ў доўгіх апранахах, разам з імі жабракі і ўбогія… Адзін з дванаццаці абдымае Яго, цалуе, шэпча: “Радуйся, Равві!..”
Не аглядваючыся, павольна спусціўся па сцяжыне, выкладзенай белым каменем, пакінуў позаду сябе Кедравы роў і Труну Божай Маці…
Мне трэба спяшацца на сустрэчу з Абрахамам...
І я са шкадаваннем пакінуў святое месца.
– Я чакаў вас заўтра, – сустрэў мяне Абрахам Яхуда, праводзячы ў цень, ратуючы ад спапяляючага сонца.
– А я пастараўся раней справіцца з клопатамі... З паломнікамі знаёміўся са Святой Зямлёй.
– Зразумела. Як даляцелі?
– Дзякую, Абрахам, нічога, нармалёва.
Мы прайшлі глухую і вузкую вулачку, павярнулі налева. Ніхто не сустрэўся на нашым шляху. Ён спыніўся, агледзеўся, потым піхнуў дверы, што зліваліся з шэрай сцяной, прапусціў мяне наперад.
Мы выйшлі на прасторны дворык, спрэс зялёны, і мне падалося, што апынуліся на другой планеце. Тут адчувалася прахалода. Абрахам, адчыніўшы дзверцы невялічкай лядоўні, дастаў з ніжняй паліцы пластмасавую бутэльку з газіраванай мінеральнай вадой.
Гэтак жа моўчкі наліў яе ў шклянкі – мне і сабе.
Сеў за столік насупраць, адпіў некалькі глыткоў:
– Дык вы, Антон, цікавіцеся Ньютанам? Ісаакам Ньютанам?
– Так, Абрахам. Хачу зірнуць на яго даследванні. Не даюць яны мне спакою.
Яхуда зноў замоўк, цяпер ужо глядзеў на паверхню паліраванага стала, абдумваў маю просьбу. Ён даў згоду яшчэ раней, калі я яму напісаў ліст. Потым і па тэлефоне адказаў, што зможа мне выдзяліць нейкі час, і правядзе ў фонд Яўрэйскай нацыянальнай бібліятэкі Іерусаліма.
– Так, сапраўды Ісаак Ньютан некалькі дзесяткаў год прысвяціў вывучэнню Бібліі. Уся бяда ў тым, што ён кіраваўся не з добрымі намерамі, дабіўшыся дабраслаўлення на гэта Госпада, зусім не. Ён не паслухаўся перасцярог прарокаў пра тое, што нельга адносіцца да Кнігі Кнігаў са злым сэрцам... Пра нашую будучыню, будучыню Чалавецтва, не ведае ніхто. Толькі адзін Бог. Ісаак хацеў паспрачацца з Богам...
Уважліва слухаў яго. Не так дакладна, папярэдне нешта ведаючы, але ніяк не мог уявіць сабе вобраз Ісаака…
–Усё сваё жыццё Ньютан прысвяціў пошуку зашыфраваных пасланняў вышэйшых сілаў, якія быццам бы ведалі сканчэнне жыцця на зямлі, – а калі дакладней, канец свету... Ён не вывучаў усю Біблію. Спыніўся толькі на адным прароку – Данііле, – са Старога Запавету.
– Чаму менавіта на ім, паважаны Абрахам?
Мой субяседнік кісла ўсміхнуўся.
– Ньютан быў цвёрда перакананы, што Бог абраў адзінага з прарокаў, праз якога і паведаў сваё пасланне чалавецтву пра будучае жыццё, ці заканчэнне яго. Геніяльны матэматык і астраном шчыра верыў, што ў кожным слове прарока закладзены глыбокі і тайны сэнс. Ён вёў жыццё адзінотніка. Быў нелюдзімы... Дзень і ноч займаўся акультнымі навукамі. Злы геній прадаў сваю душу д’яблу. І які-такі ганарар той выдзеліў Ньютану, ніхто не ведае. Напісаў да тысячы старонак. Трэба аддаць належнае, у яго была светлая галава і ўчэпісты розум. Але не той дарогай пайшоў, не на тое патраціў талент вучонага. Яму вельмі карцела вылічыць дакладную дату Апакаліпсіса, хаця ён ведаў, што тая тайна належыць только Творцу...
– І пра што ён даведаўся? Гэта – тайна?
– Ды не. Дакладная дата канца свету, па яго разліках, – у пачатку шасцідзесятага года другога тысячагоддзя.