Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Прыглядваюся: па баках капліцы – пілястры, а франтон аздоблены чатырма візантыйскімі калонамі. Над уваходам прыцягвае ўвагу мазаічная карціна – “Уваскрашэнне Хрыстовае”. Каб трапіць у капліцу, трэба сагнуцца, амаль укленчыць – вельмі нізкі ўваход, – але служыцель прыспешвае, нават запіхвае кожнага, каб даць магчымасць і другім людзям зайсці туды…
З заміраннем сэрца падыходжу да галоўнага месца Кувукліі – да сэрца Храма Труны Гасподняй. Кранаюся нясмела пліты, расколатую пасярэдзіне, на якой ляжала цела Хрыста, і адразу ж прымаю руку: пранізаў яе як бы электрычны ток, а сэрца адбівае гучныя ўдары – “Ён ляжаў на гэтай пліце, яна трымае яшчэ Яго цяпло і сілу. Адсюль і ўзнёсся, уваскрэснуўшы!..”
І не пайшоў я на сустрэчу, перанёс яе надалей… Бо чакаў прыходу суботы – Вялікай Суботы. У гэты дзень адбываецца Вялікая падзея – Сыходжанне Жыватворчага Агню. Толькі на праваслаўную Пасху – Вялікдзень – у суботу, паміж дванадцаццю і чатырнаццацю гадзінамі дорыць нам Цуд і сведчанне Ягонай Любові – Ён дасылае нам Агонь, які завецца – Жыватворным, Дабраўплыўным, Нязгасным, Сьвятым. Нават – Пяшчотным. Бо ён у першыя хвіліны зусім не апякае рукі, наадварот, пяшчотна ахінае іх і дорыць шчасце, – агонь замазапальваецца ў свечках, што трымаюць людзі, і імгненна разгараецца па ўсім Храме. А потым – па старым горадзе Іерусаліма, перакатваецца за сцены муроў і асвятляе ўсю Святую Зямлю, а потым – Увесь Свет…
І адбылося тое! Чатырнаццаць гадзінаў і сем хвілінаў! Жыватворны Агонь сышоў з нябёсаў і імкліва пабег ад Храма Труны Гасподняй. Як сымбаль жыцця, Боскай апекі над чалавекам. Недзе ў прарокаў сказана, што калі аднойчы не загарыцца, не ўспыхне той Агонь, – то тое і будзе азначаць Канец Свету… Мы бачым, як з Яффскай брамы выскачыў радасны чалавек з пукам свечак, якія палалі незямным Жыватворным Агнём і перадаў яго людзям плошчы… Выбух радасці, шчаслівых воклічаў і плачу, смеху і крыку.
…Віфлеем. Храм Нараджэння Іісуса Хрыста. Гэта самы старажытны Храм у свеце. Адзіны Храм, які мае той выгляд, якім ён быў у чацвёртым стагоддзі пад час яго стваральніцы – царыцы Алены. А цэнтрам паломніцтва служыць Святы Верцеп, – вядомая Віфліемская Зорка, месца, дзе нарадзіўся Іісус.
Далей – Назарэт. Выглядае велічна, унушальна, мадэрновы Храм Дабравешчання. Царква Архангела Гаўрыіла і Святая Крыніца Дзевы Марыі… Кана Галілейская. Тут Хрыстос здзівіў вясельнікаў, калі ваду ператварыў у віно. То і быў пакладзены тады пачатак Цудаў…
Як жа абмінуць гару Фавор? Іўдзеі завуць яе пупком – “Пупок”. Яна і сапраўды нагадвае нечым пуп, бо вылучаецца сваёй прыгажосцю і адметнасцю між іншых гор Галілеі. Сапраўды – “пуп Зямлі”. Гэта тут, на гэтым самым месцы і адбылося Пераўвасабленне (Перамяненне) Хрыста, і тут Пётра, адданы вучань, усклікнуў радасна: “Госпадзе! Добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры шатры – Табе адзін, і Маісею адзін, і адзін – Іліі. … і голас з воблака прамовіў: “Гэта ёсць Сын Мой Узлюблены, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце”.
А як не пакупацца ў рэчцы Іярдан? Ды ў тым месцы, дзе некалі Ян Хрысціцель хрысціў Іісуса. Вада цёплая, белая, дабраўплыўная, жыватворная…
– Вы ведаеце, як называюць яшчэ Святую Зямлю? – падышоў да мяне негр.
– Не чуў, – не сказаў яму чамусьці праўды.
– Пятым Евангеллем. Як сімвалічна, праўда?
…Дарога, якая вяла на ўзвышша, праходзіла праз мусульманскія могілкі, – па самай іх сярэдзіне. Чуў, што юдэі не мелі вялікага жадання паказвацца ў гэтай частцы горада, трымаліся бліжэй да сваіх святыняў.
Мяне перапыняюць незнаёмыя людзі, прапаноўваюць купіць у іх скураныя пінжакі, арабскія хусціны. Адмахваюся ад іх. Як ні дзіўна, але вуліца “Шлях смутку” – самая ажыўленая і гаваркая, – гандлёвая вуліца старога горада.
Стала ціха і цёмна. Нечакана дарогу перагарадзілі высокія вароты з веснічкамі. Хацелася адчыніць іх, але ўспомнілася напісанае: “Ніводнаму хрысціяніну не дазваляецца пераступаць агароджу, якая вызначае Мячэць Амара...”
Не дакрануўся да веснічак.
Прайшоўшы яшчэ з крокаў трыста, апынуўся нечакана зусім у іншым горадзе. Тут не чулася воклічаў і таўхатні, не дражніў пах смажанага мяса. Дарагія машыны, і чыста апранутыя людзі, неонавыя рэкламы, вялізныя люстраныя вокны прэстыжных банкаў...
Ведаў, што юдэі ў старым горадзе з’явіліся толькі ў 1968-м годзе – калі шасцідзённая араба-юдэйская вайна вярнула іх ва Ўсходні Іерусалім.