Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Вялікая Пятніца… У гэты дзень кожны хрысціянін перажывае і ўспамінае ратаўнічыя Пакуты Госпада нашага Іісуса Хрыста, прапускаючы праз сваё сэрца. У гэты дзень, раніцай, Ратаўніка і Збаўцу адвялі да рымскага пракуратара Понція Пілата… Па Іерусаліме шлях усіх пачынаецца з той самай прэторыі, дзе Хрыстоса асудзілі на ўкрыжаванне. Чытаю грэчаскія словы “праіторіон” і мяне пранізвае той час сваім болем. Мусіць, тое ж адчувалі ўсе, хто стаяў побач і далёка ад нас…
Надпіс на чатырох мовах, на расейскай (на нашай няма) – “Темница Христа”. То адсюль брала нараджэнне евангельскіх падзеяў, пра што сказана – “і воіны, сплёўшы вянец з церняў, усклалі Яму на галаву, і ў адзенне пурпуровае апранулі Яго і ўскліквалі: радуйся Цар Іўдзейскі! І білі Яго па шчоках”. (Ян, 19: 2-3).
Палац Пілата… Адсюль і пачынаецца Хросны шлях Ратаўніка Свету. Ён так і завецца – Via Dolorosa – Шлях Жалобы. Вулачка вузенькая, проста дзіўна, як у яе ўціскваюцца тысячы людзей – паломнікаў самых розных хрысціянскіх канфесій. Усе спыняюцца там, дзе адбываліся падзеі. Прыпынкі тыя называюцца “Стаяннямі”. Першае Стаянне, дзе мы маўчым у глыбокай жалобе, – суд над Хрыстом у прэторыі, а апошняе – чатырнаццатае – Пахаванне Іісуса Хрыста.
А ў памяці гучаць словы: “І калі павялі Яго, то, забраўшы нейкага Сімана Кірынеяніна, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Іісусам. І ўсьлед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія рыдалі і галасілі па Ім. Абярнуўшыся да іх, Іісус сказаў: дочкі Іерусалімскія! Не плачце па мне, а плачце па саб і дзецях вашых…” (Лука, 23:26-28).
Вуліцы горада спрэс запоўнены працэсіямі хрысціянаў, якія ішлі з малітвамі і спевамі, неслі вялізныя крыжы, – ішлі Жалобным Шляхам Іісуса.
Заўважыў, што следам за мною рухаўся, у шэрым касцюме і такім жа капелюшы, чалавек. Таксама, як і я, чытаў таблічкі. Але не накладаў на сябе крыж. Не даганяў мяне, але ж і не адставаў. Падалося, што падобны ён нечым на майго заказчыка. Толькі што яму тут рабіць?..
Храм Труны Гасподняй… Храм Уваскрасення Хрыстовага. Апошнія пяць Стаянняў ужо ў ім. Пабудаваны Храм на тым месцы, дзе распнулі (Галгофа), пахавалі, а потым уваскрос Іісус. Сам будынак – гэта каркас, надбудова над вялікімі унутранымі цэрквамі, часоўнямі, прыдзеламі, а цэнтральнай ужо, галоўнай часткай Храма з’яўляецца Кувулькія – капліца, у якой захоўваецца пячора Труны Гасподняй.
Царыца Алена яшчэ ў 335 годзе ўзвяла – пабудавала – гэты Храм. Яго некалькі разоў разбуралі – і цяперашні выгляд захаваўся такім, якім адбудавалі крыжаносцы ў 1149 годзе. Храм Труны Гаспдняй падзелены паміж шасцю канфесіямі – грэка-праваслаўнай, каталіцкай, армянскай, коптскай, эфіопскай і сірыйскай.
Храм Труны Гасподняй… Тут можна стаяць і стаяць, слухаць і ўслухоўвацца ў стагоддзі, у пошум старонак даўніны… Не адвесці вачэй ад архітэктурнага комплекса! Душой зліваешся з часам, з галасамі, што гучаць і ў храме, і на вуліцы…Галгофа, пачынаючы з месца Укрыжавання, ратонду – архітэктурная канструкцыя з велічным купалам, на ім – Кувуклія, Кафалікон. – саборны Храм. У ім знаходзіцца кафедра Патрыярхаў Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы. Яшчэ – падземны Храм Знаходжання Жыватворнага Крыжа, Храм святой роўнаапостальскай Алены, некалькі кляштараў і прыдзелаў, у якіх моляцца людзі.
Нікуды не спяшаўся, таму хадзіў і гадзіну, і тры, і пяць… Адкрываю і адкрываю для сябе новыя мясціны і мясцінкі, і кожная з іх непасрэдна звязана з Прысутнасцю Госпада.
Зусім блізка каля ўваходу прыкмячаю нішу – частку калоны, агароджанай шкляным купалам. Гэта тут, гэта тут са свістам апускаліся бізуны на пакутніцкае цела Хрыста… Міжволі кожны ўздрыгвае, уявіўшы, які боль цярпеў Збаўца. Пасля Кувукліі трапляем у залу, якую даўно не прыбіралі, на сценах старыя патрэсканыя абразы. Гэта ўласнасць сірыйскай царквы.
Заходжу з тытульнага боку Кувукліі. Невялічкі прыдзел – капліца, задняя частка выходзіць непасрэдна да самай Труны Гасподняй. Каплічка – уласнасць Храма Труны Гасподняй коптскай усходнекаталіцкай царквы. Коптская, як і сірыйская царква, мае свайго патрыярха, якога мне пашчасціла ўбачыць, калі накіроўваўся ў Кувуклію. Бачыў, як яму прынеслі ўнушальных памераў крэсла – трон. Залезці на яго памагалі яму служыцелі, – яны доўга валаводзіліся, каб як мае быць размясціць і самога патрыярха, і яго аблачэнне. Ён, падалося мне, абыякава сузіраў наваколле, тлум паломнікаў, пра нешта думаў. Калі ж пільна паглядзеў на мяне, міжволі уздрыгнуў, адвёў позірк.
Хацелася прайсці ўнутр Кувукліі – да саркафага над Труной Гасподняй, – але тое аказалася амаль недасягальным жаданнем. Суткамі па чарзе праходзяць богаслужэнні каталіцкай, грэцкай праваслаўнай царквы, пасля – армянскай. І прайсці туды можна толькі тады, калі не праходзяць службы…