Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Знайшоў зацішнае месца ў цяньку, прысеў на лаўку. Прыхінуўся спіной да халоднай сцяны, прымружыў вочы. Акурат як у сваім гомельскім парку...
Горад жыў сваім жыццём. Своеасаблівы свяшчэнны горад. Ці адчуваў ён тое сам? Мама вядзе за руку дачушку, нешта расказвае ёй. Таксісіт спыніў машыну і чакае, калі да яго падыйдуць кліенты. Невысокага росту чалавек, у капелюшы з шырокімі брылямі, з накручанымі на вушы пейсамі, імкнуўся хутчэй заняць вольнае месца побач са мной. У руцэ – кніга Торы.
– Шаноўны, вы не падскажаце, як прайсці да Храма Хрыста?
Я насцярожыўся. Але вочы не расплюшчыў, чакаў, што адкажа абарыген.
– Вы ў мяне пытаецеся пра Хрыста? Вой-вой, хіба ж можна пытацца пра гэта ў юдэйскім квартале? Хіба ж вы не ведаеце, што мы толькі прызнаем аднаго Бога...
– Ведаю, але ж я пытаюся пра пабудову, – сумеўся, мусіць, турыст, якога занесла ў яўрэйскі квартал, – архітэктурнае збудаванне...
Бакавым зрокам убачыў таго, у шэрым касцюме, які ішоў следам за мной па Дарозе Пакутаў. Ён сядзеў скраёчку, прыслухоўваўся таксама, як і я, да размовы.
– Як казала мая Сара, мы, юдэі, маленькі народ, таму і вера нашая даступна не ўсім. Мы ведаем, што Бог адзіны, і імя яго – Іегова. А прарокаў было шмат. І Іісус Назаранін, і прарок Магамет, і Ілія, Ісайя, Іерамея, Юда... Вы кажаце, што мы былі выгнаны са сваёй зямлі і дзве тысячы гадоў былі рассеяны па свеце толькі за тое, што распнулі Хрыста? Мы – народ, абраны Богам, і мы для таго на гэтай зямлі, каб умацоўваць веру. Але не наша бяда, што аднойчы мы забыліся пра тое і кінуліся ў гандаль і камерцыю.
– Але ж я... – хацеў нешта сказаць турыст, але пажылы хасід не пажадаў яго слухаць, даводзіў сваю думку да канца: – Можа яно сталася б і па-іншаму, але Іешуа здзейсніў недаравальны учынак. Ён сябе назваў Месіяй, сцвярджаў, што пасланы на зямлю Самім Богам... Нельга было так казаць услых, нельга... Равін Іешуа як усё роўна прысуд вынес самому сабе. Вось з-за гэтага ўсё і адбылося… Вы мне даруйце, але мне пара, спяшаюся...
І ён пашыбаваў туды, куды імкнуліся ў суботу ўсе іюдэі – да Сцяны Плачу. А турыст сядзеў, абдумваў тыя словы, што сказаў яму габрэй. Глядзеў некуды ўглыб зямлі, маўчаў.
Чалавека ў шэрым капелюшы і касцюме, які толькі што быў тут, не ўбачыў. Не прыкмеціў, калі ён знік.
Пайшоў у той бок, куды падаўся хасід.
Сцяна складзена з цяжкіх каменных плітаў – даўжынёй у трыццаць метраў. Яшчэ яе называюць Катэль. Гэта ўсё, што засталося ад двух Іерусалімскіх Храмаў. Невысокі плот аддзяляе Катэль ад плошчы. Месца для мужчынаў, трохі меней – для жанчын. Перад уваходам, у каробцы, гара картонных шапачак. Калі ў каго не будзе яе на галаве, да Сцяны не пусцяць.
Гнятучая цішыня. Ніхто не размаўляе, не фатаграфуе...
Я непрыкметна выйшаў і падняўся на невялікую пляцоўку каля самай вяршыні. Ніводнага чалавека не ўбачыў на Галгофе. Толькі некалькі лампад гарэлі роўна і спакойна. Водбліскі ад іх скакалі па мармуровай нішы, якая прыкрывала тое святое месца, дзе стаяў некалі Крыж...
Мне захацелася прысесці, і я адшукаў сабе месца – на лавачцы. Гулка білася ў грудзях сэрца. Хто сказаў, што ўсе дарогі вядуць у Рым? Усе дарогі свету сыходзяцца тут, на Галгофе. І сэрцы тут б’юцца сугучна Сусвету.
Неба над вечным горадам Іерусалімам пачынала святлець. Зоркі раставалі, быццам ледзяшы пад сакавіцкім сонцам.
Субота – значыць, шабат. Нельга працаваць. Шэсць дзён Гасподзь ствараў свет, а на сёмы, у суботу, прылёг адпачыць. І тады ж загадаў Майсею і сынам Ізрайлевым у гэты дзень не працаваць... Нельга званіць па тэлефоне, ездзіць на машынах, фатаграфаваць, курыць, запальваць агонь, абдымацца, цалавацца, гатаваць страву...
Стаяла выдатнае надвор’е, але на вуліцах не сустрэўся ніводзін чалавек. Усюды заштораны вокны. Недзе выла паліцэйская сірэна – працавалі ахоўнікі парадку з дазволу галоўнага равіна.
На арабскай аўтастанцыі ажыўлена і тлумна. Там кіпела жыццё. Гэта, бадай, адзінае месца ў горадзе, дзе не прытрымліваліся шабата. Непадалёк адсюль – Бейт-Лахм. Так цяпер называецца родны горад Хрыста – Віфлеем.
Праз нейкі час перада мною вырас Храм Раства Хрыстова. Пятнаццаць мармуровых прыступак. Уніз. Я апусціўся ў падземную царкву. Гэта была вярцеп-пячора, куды ў старажытнасці пастухі на зіму заганялі авечак. А во і срэбная зорка з чатырнаццаццю промнямі і рад срэбных лампадаў. Наклаў крыж, дакрануўся губамі да каменя. Нехта шаптаў мне на вуха: “Тут 1999 год таму нарадзіўся Іісус Хрыстос...”
Язэп, як сказана ў Бібліі, захутаўшы ў пялюшкі, перанёс Немаўля ў маленькую пячору і паклаў у яслі. Цяпер, акурат над тым месцам, гарэла свечка і ціха маліўся паломнік з нашай краіны... Пра нешта пытаўся праваслаўны негр у грэцкага святара...