Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Мы ведаем яго! – выгукнуў нехта з натоўпу – ці не Апанас Чэрнік, і натоўп захваляваўся, як бы падтрымліваючы вокліч вяскоўца. – Ведаем!
Пятрусь з хлапчукамі асмялелі і выйшлі наперад натоўпу, сталі паміж людзьмі і Вінарскім. Уважліва сачылі за тым, як праходзіў сход.
Вінарскі зрабіў крок, каб падысці да афіцэраў, але тут жа павярнуўся на вокліч, моўчкі паглядзеў на людскую грамаду. Глядзеў на ўсіх, а ўсё роўна як пранізваў кожнага сваім уважлівым і пранікнёным позіркам. Ён стаяў за некалькі метраў ад Петруся, маўчаў, не пытаўся ў людзей ні пра што, чакаў іх адказу.
– Ёсць такі чалавек! Несцера трэба абраць, Несцера! Так, Бандарчука Несцера!
Выгукнуўшы гэтае прозвішча, забалацянцы яшчэ больш загудзелі, узрушана пачалі выкрыкваць адно і тое ж прозвішча:
– Правільна! Правільна – Несцера! Справядлівы чалавек, ніколі нікому кепскага не зрабіў.
– І цяпер не зробіць!
– Несцера! Несцера! – чулася з усіх бакоў.
На твары Вінарскага засвяцілася ледзь прыкметная ўсмешка. Ён радасна глядзеў на людзей, што не памыліўся ў вяскоўцах, ківаў адабральна галавой, што людзі зрабілі правільны выбар, бо ён і сам добра ведаў Несцера – не раз звяртаўся да яго раней і за парадай, і за падтрымкай.
“Ой як добра, – абрадвалася Алена Сіліч, штурхаючы злёгку пад бок гаспадара, выказваючы сваю радасць і задаволенасць, бо і тут выходзіла палёгка – Несцер даводзіўся родзічам Сілічам. – Дзякуй Богу, што так атрымалася!..”
Пятрусь падышоў да маці, побач з якой стаяла Верка, і яна яго моцна прытуліла да сябе. Позаду стаялі Мікола, Валодзя і Толік.
Але радасць была перамешана і з мацярынскай трывогай: “Як, як выгадаваць чатырох сыноў і дачушку? Дзе ўзяць сілы? Чым карміць, калі ніякай дапамогі ні ад кога не будзе? Немцы памогуць? Як і за што? За ўсё ж трэба плаціць. А якую плату яны запатрабуюць?..”
– Але ў нас не вырашана і яшчэ адно пытанне, – сказаў Вінарскі. – Акрамя старасты ад вашай вёскі неабходна прызначыць паліцая. Такі парадак, шаноўныя грамадзяне. Так патрабуюць нямецкія ўлады. Але сёння мы яго выбіраць не будзем. Гэтае пытанне мы пакінем на пазнейшы час. А вы падумайце таксама, каго можна прызначыць на гэтую пасаду.
І пазней ім стаў Іван Шкрадзюк.
Ніхто не ведае – сам напрасіўся, ці запрасілі, каб ён ім стаў. А мо і пад прымусам, хто ведае. Але ўся вёска ведала, што больш паскуднага і злога чалавека ў Забалацці нельга было і адшукаць. І таму ў кожнага стала прыкра на душы, бо ведалі, што любую агіднасць а то і гора ён мог прынесці нечакана ў любую хату.
Але яшчэ не размясціліся па ўсіх хатах немцы, яшчэ не ўсталяваўся абяцаны нямецкі парадак, а гора на людзей пачало накручвацца, як снежны камяк...
Наехала немчура з машынамі і аўчаркамі, з аўтаматамі салдаты і ў касках, на матацыклах і пеша, – і пачалі нечакана хапаць людзей для адпраўкі ў Нямеччыну.
Без разбору. Без папярэджання. Наехалі знекуль з Бабруйску, так бы мовіць, “чужыя”, тыя, што знаходзіліся ў вёсцы, удзелу ў той акцыі не прымалі.Толькі паліцай Шкрадзюк, як яго называлі вяскоўцы – Дранік, бегаў разам з іншымі паліцаямі і немцамі, штурхаў вяскоўцаў у агульную калону.
Крык, галашэнне, плач, стогн, брэх сабакаў... Лютыя вышчараныя іклы злосных аўчарак гатовыя былі ўчапіцца ў любога чалавека і разарваць яго ўшчэнт. Ледзьве стрымлівалі іх на павадку ахоўнікі і вартавыя.
Схапілі і яе, Алену Іванаўну, а на руках Верка і Пятрусь, – абвілі за шыю, не адпускалі.
– Паночкі, у мяне пяцёра дзяцей, як жа іх пакіну? – прасіла літасці жанчына, на калені перад немцамі падала. – Яны ж паўміраюць без мяне. Пашкадуйце, паночкі!
Нехта груба схапіў яе за шыю і з усяе сілы піхнуў на зямлю. Петруся немец узяў за каршэнь і панёс дахаты, як палена кінуў на палок – хлопчык балюча ўдарыўся галавой аб сценку, і праз момант страціў прытомнасць...
Здаецца, страціла прытомнасць і жанчына, бо перад вачыма ўсё паплыло бы ў шэрым тумане, і неяк невыразна бачыла людскія твары, такія знаёмыя, і такія няшчасныя ў сваёй бездапаможнасці, да якіх лёс аднёсся безуважна і жорстка. Яе упіхнулі ў агульную калону, наздагон ударыўшы ў спіну нечым тупым і важкім.
– Пашавелівайся тут! Хутчэй! Калі не прывыклі яшчэ да нямецкага парадку, дык мы хутка навучым, тваю маць!..