Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Мышук аказаўся на дзіва смелым і, што не меней важна, таварыскім і дабрачым. Забіраўся на стол з фарбамі, і назіраў ужо адтуль, як я малюю. Больш таго, калі я адпачываў на канапе, ён садзіўся мне на плячо і драмаў разам са мною.
З цягам часу мы ўжо і не маглі адно без аднаго. Я прыносіў для яго бохан хлеба, клаў у вялізную місу на шафе, – і гэтага яму было дастаткова на доўгія месяцы...
Ён яшчэ быў і далікатны – стараўся не назаляць мне, не лез пад ногі ці рукі. Нават калі і быў галодны, то не храбусцеў ссохлай скарынкай, стараючыся не раздражняць мяне. А ўжо калі я стамляўся ці проста хацеў зрабіць перапынак, усаджваўся, як сурок, на брыжыку верха шафы – на задніх нагах, – побач з глінянымі закаханымі і чакаў, калі звярну на яго ўвагу...
– Я вольны! – дасылаю яму паведамленне.
І праз колькі імгненняў ён імчыць да мяне, залазіць на калені, чакае, калі пачну гладзіць пальцам яго мяккую шорстку на галаве.
... Я прыслухаўся: Мышук не напамінаў пра сябе. Пашкадаваў, што некуды знік, бо да мяне зноў падкацілася млявасць і абыякавасць... У такія хвіліны прыходзіў на дапамогу мой лекар Мышук, – сваёй прысутнасцю адбіраў ад мяне стому.
Рашыў пакінуць майстэрню. “Лячыцца” буду дома – пад’ем, як след, высплюся... А потым зноў вярнуся да працы.
Выходзіў, на вуліцы зырка свяціла сонца.
Калі ж дапяў да паляну, сярод лесапарку, на небе раптоўна згрувасціліся воблакі... Стала зусім цёмна. Вакол нічога не бачна – ні дрэў, ні дарогі, ні неба... Адзінае, што падцвярджала, што я знаходзіўся на зямлі, гэта пошум ветру ў вершалінах сосен – суцэльны працяглы гул... Ды яшчэ сабака нейкі прытуліўся да маіх ног, мусіць, спужаўшыся нечаканай цемры. Пагладзіў яго, нешта казаў, стараючыся супакоіць, сцішыць яго трывогу...
Нешта сціснула грудзі. Абудзіліся ў скронях калючыя малаточкі. Хацелася крыкнуць – папрасіць каго, каб прыйшоў на дапамогу, але саромеўся сабакі – я ж для яго быў абаронцам.. Ды і да каго дагукаешся ў такой цемрадзі?! Ніхто і не пачуе.
Голас падаў сабака – завыў голасна, трывожна, і выццё яго паляцела некуды да вяршынь сосен, і заблыталася там у густым галлі...
Мы з ім пачуваліся адны, ва ўсім свеце адны…
Доўга сядзелі на зямлі, пратуліўшыся адно да аднаго, чакаючы, калі выясніцца неба, калі льга будзе ўбачыць дарогу...
– Нейкія дзівосы атрымліваюцца, – чую скрозь сон здзіўлены жаночы голас. – Ян Пятровіч, як такое можа адбывацца?
– Сам не ведаю, Вераніка... Загадка. І – вялікая загадка. Ён нырае ў небыццё, як у сваю родную стыхію, і з той жа лёгкасцю вяртаецца адтуль, – быццам перабягае з аднаго пакоя ў другі...
І потым доктар маўчыць, неадрыўна сочыць за экранам манітора. Але глядзіць безуважна, бо яму ўжо не дзіўна тое, што адбываецца, больш, пэўна, чаму?
Не вытрымліваю, і, каб вывесці кардыёлага са здранцвелага стану, прашу як мага спакойным голасам:
– Папіць бы мінералачкі, Ян Пятровіч! Ды халодненькай. “Крыніцы”, калі можна... Ці – “Ліцьвінскай”...
Вераніка, стараючыся не выаказваць радаснага сполаху, адразу ж адгукваецца, апярэджваючы доктара:
– Ёсць “Ліцвінская”. У халадзільніку... Я прынясу.
Доктар ні пра што ў мяне не пытаецца, задуменны.
– Ян Пятровіч, не ламайце, калі ласка галаву над гэтым...
– Гэтым – гэта чым?
– Ды над тым, што адбываецца са мною. Вы не разумееце, чаму і бяссільны што-небудзь змяніць, перайначыць? Усё будзе добра. Я буду знікаць на некалькі гадзінаў – не прадпрымайце нічога. Мне трэба скончыць на беразе Сажа адну працу. Пасля таго мы і абмяркуем з вамі ўсё, як след, добра?
– Мг... Добра, Антон... Але я адчуваю сябе неяк...
– Не трэба так адчуваць.
Прыйшла Вераніка. Моўчкі падала шклянку з халоднай вадой, падсунула пад патыліцу далонь і памагла прыўзняцца над падушкай.
– Дзякую, Вераніка! Як на свет нарадзіўся.
– А вы і сапраўды на свет нарадзіліся. І – не адзін раз.
– А я, здаецца, і не заўважыў. Дзякую вам.
Калі ж паклаў галаву на падушку, з рук у мяне ўзяла шклянку ўжо не Вераніка, а яна, Яніна. У яе сабраны на патыліцы косы ў гуглю, перавязаны чырвоным пасачкам.
– Як мінералка?
– Крынічная вада... Сілы дае.
– І як цяпер пачуваеш сябе?
– Нічога, здаецца. А твае як пацыенты, якіх ты праведваеш? Ці ўсім памагае твая дапамога?
– Амаль усім. Можна сказаць, што ўсім, хто таго хоча сам. Як прачнешся, што будзеш рабіць?
– Пайду ў майстэрню. І ў Іерусалім трэба адскочыць на колькі дзён... Прайсці шляхам пакутаў Хрыста.
– А гэта навошта, Антон?