Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Эндшульдзіген зі бітэ, мутэр!
Што ён сказаў, жанчына не зразумела, але ў голасе пачула вінаватасць. Яе тое найперш уразіла і здзівіла. Сама цікавае выйшла тое, што ні ў тыя дні, ні пасля таго здарэння, нават за ўсе гады вайны, калі ў іх знаходзіліся нямецкія афіцэры і салдаты, ні ў іх, нават па ўсёй вёсцы ні ў кога нічога не забралі, не адабралі... Больш таго, нікога не расстралялі, не павесілі, не спалілі ніводнай хаты...
Як быццам сам Бог ахоўваў і аберагаў забалацянцаў ад бяды і гора. Хаця ж ведалі людзі, што не ўсюды такое было, што па ўсёй краіне лілася кроў і гарэлі паселішчы, гінулі дарослыя і дзеці, і невядома яшчэ, ці выжыве ўвесь народ і краіна...
У адзін з днёў, калі адлілі цёплыя і спорныя дажджы, прыехалі ў вёску і немцы, і паліцаі, і шмат якіх яшчэ невядомых людзей...
“Божачка, скончылася нашае спакойнае жыццё, нешта страшнае рыхтуюць нам, – перапалохалася не на жарт Алена Іванаўна, дзяцей да сябе прыціскаючы, хацела ўжо і старэйшым казаць, каб уцякалі. Але куды ўцякаць, калі вакол чыстае поле ды луг. А да лесу бегчы і бегчы, а калі і пабяжыш, то што могуць падумаць пра тое немцы і паліцаі? То потым вяскоўцы выказвалі здагадку, што, мусіць, з-за таго, што ў іх не было побач лесу, немцы і не асцерагаліся, што побач ёсць партызанскія атрады. – Нешта ж іх дужа багата панаехала – з чаго б гэта?..”
Людзей са зброяй амаль не было, і тое крыху пачало супакойваць людзей. А калі абвясцілі па вёсцы, што збіраецца агульны сход вяскоўцаў, перахрысціліся: “Слава табе, Госпадзе, слава Айцу і Сыну, і святому Духу, цяпер, на ўвесь час і вякі вечныя. Амін.”
З усімі разам прыехаў і Вінарскі – бургамістр акругі, з Кавалёў. Яшчэ стала на сэрцы лягчэй – Вінарскага Сілічы ведалі добра: перад вайной не адзін раз прыязджаў да іх у вёску праводзіць сходы – працаваў у абласным выканкаме, у Бабруйску, – кожны раз спыняўся начаваць у іх хаце. Падоўгу гаварылі з гаспадаром, Сяргеем Фёдаравічам, і бачылі, пераканаліся, што чалавек ён быў неблагі, сэрца меў добрае, мог выслухаць кожнага чалавека і памагчы, калі што было ў яго сілах і кампетэнцыі. Калі ж хто потым з вяскоўцаў дабіраўся да яго на працу, каб параіцца ці папрасіць якой помачы, ніколі не адмаўляў і нікому ў тым не адмовіў.
Цяпер жа Вінарскі і выгляду не падаў, што некалі зналіся з Сілічамі. Гэтай перамене не здзівіўся ні Сіліч, ні яго жонка.
“Не хапала яшчэ, каб мы у абдымкі кінуліся, – падумала пра сябе Алена Іванаўна, – а і добра, што ён за бургамістра – людзей у крыўду не дасць...”
Побач стаялі Апанас Чэрнік са сваімі – дачкой Вальжынай і сынам Мікалаем, Аўгушова Варвара – з сынам і дачкой, Ганна Шкрадзюк, адзінокая жанчына, якая ніколі не выходзіла замуж – не ладзілася ў жанчыны жыццё, Іван Шкрадзюк і з імі Сашка, Ніна, Марыя, Васіль і Таццянка, баба Васіліха Бандарчук з двума сынамі – Янкам і Міхасём, дачкой Ганнай, Матруна Бандарчук... Гэта былі суседзі, якія жылі побач з Сілічамі, а астатніх, хто стаяў воддалеч, і не злічыць – уся чысценька вёска прыйшла на сход.
Лёс вырашаў жыццё людзей.
Людзі вырашалі самі свой лёс.
Гаварыў Вінарскі. Гаварылі іншыя. Казалі тое, што хвалявала людзей, непакоіла.
Вінарскі выглядаў спакойна, і гаварыў ціха, гледзячы на людзей, якіх добра ведаў, якія добра ведалі яго:
– Людзі! Вы мяне ведаеце даўно. Як і вы ведаеце тое, што я нікому з вас нічога кепскага не зрабіў. І нікому не адмовіў, калі хто прыязджаў да мяне ў Бабруйск. Скажыце, паклаўшы руку на сэрца, – ці ёсць сярод вас хаця б адзін чалавек, каму я не памог? Ёсць такія?
Натоўп маўчаў, як усё роўна маўчаннем сваім пацвярджаў справядлівасць яго слоў.
– Тады спытаюся інакш. Той, хто верыў мне і верыць сёння, падыміце рукі.
Пасля гэтага натоўп ажывіўся, загаманіў, і ўсе да аднаго паднял ўгару рукі.
– Жыццё наша пацякло па-іншаму, і тое не залежала ад нас. І таму мы – хочам таго ці не – павінны падпарадкоўвацца гэтаму, а яшчэ канкрэтней – падпарадкоўвацца той уладзе, якая прыйшла сёння на нашую зямлю. Я даю слова ад імя нямецкай улады, што ніхто з вас не будзе безпадстаўна пакрыўджаны і абражаны. Калі ж такое здарыцца, падавайце скаргу мне. Мне дадзена права разглядаць такія канфлікты, і я абяцаю быць на баку пакрыўджанага. Што яшчэ хачу вам сказаць. Кожная сям’я атрымае надзел зямлі у дзесяць дзесяцінаў і будзе апрацоўваць яе, садзіць і збіраць ураджай. Нейкую частку, невялічкую частку, трэба будзе здаваць у бургамістрат. Так сказаць, падатак. Каб мы маглі добра разумець адзін аднаго, нам трэба будзе абраць старасту Забалацця. Мы прызначаць яго не будзем, вы павінны самі яго абраць. Ён будзе ваш камандзір, ваш бацька і матка. Вы павінны адразу ж, сёння, тут жа, на гэтым сходзе, назваць імя такога чалавека. Пакуль я пагутару з нямецкім афіцэрам, вы падумайце, парайцеся паміж сабой.