Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Потым пачулася, як у іх нехта зайграў на губным гармоніку. Але Пятрусь не ведаў такога музычнага інструмента – ніколі не бачыў. Музыка яму спадабалася, хаця і была чужой, не такой, якая чулася ў Забалацці.
Але хіба ж уседзіш у хаце, калі на вуліцы раскашоўваецца лета. Калі можна бегаць босаму, купацца, лавіць рыбу. Хлапчукі і наладжвалі сабе гэтую радасць, бегаючы на рачулку, якая вілася па шырокім лузе і ўпадала недзе за ўзлескам у Беразіну. Старэйшыя дык і з таптухаю поўзалі па берагах, і ім траплялі карасі ды плоткі – добрую тады ладзілі дома юшку. А то і не дома. Хто-небудзь прыносіў з сабою вядро і тут жа, на беразе, раскладвалі цяпельца і варылі, сыпнуўшы туды трохі бульбы, трошкі цыбулі, лаўрухі ці перцу, ладную і густую юшку.
А тады ўжо кубкамі чэрпалі з вядра смачны кіпень і, абпальваючы губы і горла, маленькімі глыткамі адхлёбвалі пахкае варыва.
Вось і цяпер – хутка забяжыць Васілёк Бандарчук, і яны разам пабягуць на рачулку. Вельмі ж хацелася паплёхацца ў цёплай вадзе...
Над вёскай нечакана загудзеў самалёт. Раней Петрык ніколі не бачыў іх, і таму спалохаўся, не ведаючы, што гэта такое. Бачыў бусла, коршака з вялізнымі крыламі, – дык яны махалі крыламі, а гэты не махае, а ляціць праменька ў адным кірунку.
Самалёт зрабіў разварот і паляцеў некуды ў той бок, дзе быў луг.
“Мо пакупацца хоча, як і мы? – падумалася хлапчуку. – А куды ён, цікава, сядзе – на траву ці на ваду?”
Бачыў, што панесліся хлопцы на вуліцы ў той бок, дзе намерыўся сесці самалёт. Але Пятрусь збаяўся чамусьці туды бегчы, сам не ведаў, чаму.
Праз нейкі час да хаты Сілічаў прыйшлі невядомыя людзі ў скураных камбінезонах. На галаве квадратныя акуляры, сонца адсвечвалі.
– Хто гэта, мама? – ціснучыся да яе, спытаў спалохана Пятрусь.
– А гэта, сын, лётчыкі з таго самалёта, што толькі што праляцеў над Забалаццем.
– Лётчыкі? Дык як жа яны змаглі ўмясціцца ў тым самалёце? Ён жа такі маленькі, а дзядзькі вунь якія вялікія.
– То ён у небе маленькі, а як сядае на зямлю, то большы за нашую хату.
– За нашую хату? – не паверыў сын. – Большы?
Лётчыкі былі як бамбізы – здаровыя, нейкія непаваротлівыя. Калі ж знялі з галавы шапкі, то падаліся нейкімі рыжымі, і выглядалі яны стомленымі. Яны пайшлі ў хату – да нямецкіх афіцэраў, а Пятрусь, нічога не кажучы маці, вышмыгнуў на вуліцу і пабег даганяць сваіх сябрукоў.
Ён не мог дапусціць таго, што яны першымі ўбачаць той самалёт, на якім прыляцелі гэтыя людзі ў скураных шлемафонах. Яны ж – Васілёк Бандарчук і Алёша Бандарчук – і будуць потым хваліцца перад усімі, што першымі з усіх хлопцаў падыходзілі да нямецкага летака...
А такой абразы, што ён можа не пабачыць крылатую жалезную птушку разам з хлопцамі, Пятрусь Сіліч вытрымаць не мог. Сам жа сябе потым зневажаць будзе за марудлівасць, абзываць будзе самога сябе рознымі нядобрымі словамі...
Вось ужо і хата Шкрадзюкоў, потым платы бабы Варвары, а далей пачынаўся поплаў – здалёк убачыў, што на выгане стаяў вялізны самалёт з распластанымі крыламі, і хлапчукі, што былі побач з ім, выглядалі маленькімі, бы мурашы...
4.
“Божа, Божа, што за насланнё такое на нас? – скрушна ківала маці галавой, уклаўшы спаць дзяцей – Верку і Петруся. Толік і Колька баяліся пакуль начаваць у хаце, бо баяліся, што іх, дарослых, можа забраць немчура на якую-небудзь службу. У тыя ж паліцаі. – Вось тады ўжо ад сораму і ганьбы не адцярэбішся, на ўсё жыццё выпэцкаешся ў брудзе. Як жа яно будзе далей, невядома... Каб жа так яны сябе паводзілі і далей, немцы, то яно яшчэ б нічога, а калі... Ой, Божачка, якой тут даць рады, як абысці гора? Як дзяцей уратаваць ад гэтай навалачы, як уберагчы ад бяды?..”
Напачатку напалохалася, страх неадчэпны прычапіўся да яе, як убачыла, колькі нямецкіх ваякаў прыехала ў вёску. Але, на дзіва, яны не ўчынялі ніякіх зверстваў, нічога і нікога не рабавалі, былі гаваркія і вясёлыя. А калі падсялялі ў іх хату афіцэраў, то і зусім супакоілася – да іх ніхто не чапляўся, у хляве стаяла карова, парсюк гадаваўся для зімы, куры хадзілі па двары, гусі...
Аднойчы салдат падкраўся да курынага седайла, доўга цікаваў-чакаў, калі чубатка згубіць яйка, а калі дачакаўся, то курку застрэліў. Яна не пачала сварыцца, не абурылася нават, толькі скрушна паглядала, як немец абскубваў чубатку і пер’ечка ляцела па двары...
Той стрэл пачуў Курт, і таму выйшаў у двор. Убачыў салдата з забітай куркай у руцэ. І нешта выкрыкнуў афіцэр злоснае салдату. Той выпусціў з рук чубатку і стаў навыцяжку. І яшчэ колькі хвілін выгаворваў нешта салдату, а потым падышоў да Алены Іванаўны і неяк вінавата сказаў: