Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Паехалі!.. У добры час! З Богам!
Але мне ніхто не адказаў. А мо і быў адказ, ды не пачуў яго: паглыбіўся ў працу, стаў глухім і нямым.
“А ўсё ж – чаму заказчык загаварыў пра Паўла і Жанету? Што яму да іх лёсаў? Няўжо іх шлях нейкім чынам перасякаўся?”
Рука цвёрда трымала пэндзаль. Упэўнена клаліся мазкі на загрунтаваную беллю тканіну. Галава ясная і светлая…
……………………………………………………………
– ... нічога не разумею – і ў сусветнай медыцынскай практыцы не заўважана такога, – уздыхнуўшы каля мяне, скрушна прызнаваўся доктар Міклашэвіч. – Спыняецца сэрца, не працуе зусім колькі хвілінаў... Мы б’емся, змагаемся за жыццё, робім усё неабходнае, потым у адчаі прызнаемся, што бяссільныя... І тады, ў гэты ж момант, сэрца як спахопліваецца – б’ецца рытмічна, упэўнена...
– Згодна з вамі, Янка Пятровіч, – пацвердзіла яго думкі медсястра Вераніка. – Я ўжо дваццаць пяць гадоў працую тут – і нічога падобнага не бачыла...
“Зноў, значыць, мяне недзе насіла, зноў прымусіў людзей хвалявацца, перажываць, – дакараў сябе, не расплюшчваючы вачэй. Сам здзіўляўся з сябе, са сваёй здольнасці адначасова быць у некалькіх вымярэннях, пражываць сінхронна некалькі жыццяў. – Для чаго гэта Вышні робіць са мною? Для чаго выпрабоўвае, для чаго адпраўляе мяне ў такую рызыкоўную дарогу?
– Вы зноў з намі, Антон? – Міклашэвіч нахіліўся над маім тварам, вывучае яго.
– З вамі. А куды ж мне без вас?
– І я так кажу, – кардыёлаг рады, што пацыент яго пры сваім розуме, што мова складная і лагічная. Спрабуе жартаваць.
– Даруйце, Ян Пятровіч, за такія жарты. Я ж некалі хацеў цыркавым клоўнам стаць.
Доктар зірнуў на экран манітора – на ім упэўнена пульсавала маё сэрца. Што радавала і адначасова здзіўляла вопытнага медыка.
– Добра, даруем. Але дайце слова, што вы потым падзеліцеся сакрэтам сваёй... маўклівасці і – нараджэння.
– Абяцаю – падзялюся. І будзе вам гатовая доктарская дысертацыя. Бо я – феномен. Бо я – падвопытны трусік. І я проста абавязаны быць патрыётам і памагчы чалавецтву пазбавіцца ад...
– Антон, я не так...
– Ян Пятровіч, не папраўляйцеся, і не лічыце сябе ў нечым вінаватым. Я ўдзячны вам за цярпенне. І таму мой доўг сапраўды памагчы вам у вашых сумненнях...
Падчас нашай размовы, па маўклівым загадзе, медсястра ўліла ў вену нейкі пякучы раствор, ад чаго па целе разлілося прыемнае цяпло і млявасць.
– Я сам, калі шчыра, хачу разабрацца ў сваім стане, – пастараўся супакоіць да канца кардыёлага. – І таму мы з вамі, Ян Пятровіч, у аднолькавым становішчы: вы памагаеце мне, а я – павінен вам...
– Добра, добра, – схамянуўся доктар, кашлянуў у кулак, – але вам, Антон, не трэба столькі гаварыць. Прашу вас...
У куточках маіх вуснаў нараджалася кволая ўсмешка – стараўся выканаць просьбу-загад доктара.
І толькі цяпер мне ўдалося прыгледзецца да яго. Не разумеў толькі – чаму не бачыў яго твару да гэтага. Чуў толькі голас. І голас маляваў для мяне яго вобраз. Але ў дакладнай выяве Міклашэвіч аказаўся зусім не падобны на таго, каго сам прыдумаў.
Рэдкія рыжыя бровы над вачмі, густыя бялёсыя вейкі. Вочы ці то шэрыя, ці то зялёныя; яны то ўсмешлівыя, то задумлівыя, а то зусім заклапочаныя. Валасы колеру пажоўклай пшанічнай саломы. Падбародак востры, з ямінкай. Я думаў яшчэ чамусьці, што ён насіў акуляры – а ён іх не меў. Твар у нейкіх воспінках – як быццам яго пасеклі шрацінкі часу...
Некалі абавязкова намалюю яго партрэт, і добра ведаю, як тое зраблю. Намалюю толькі вочы...
Ён ужо адправіў сваіх памочнікаў у ардынатарскую. Застаўся адзін на адзін са мною. Сядзеў унураны ў свае думкі. Звыкаўся з незвычайным хворым, якога сярод ночы прывезла ў кардыялогію “хуткая дапамога”...
Праз які час да нас прыйшла медсястрыца – паставіла мне на грудзі сподачак з апельсінавымі ружова-чырвонымі долькамі – кветкавым узорам, як промні сонца разыходзіліся кругам.
– Вам хочацца піць... Пажуйце.
І зноў мы адны. Зноў маўчанне. Але яно не гнятучае, бо мы разумеем адно аднаго.
Я, мусіць, заснуў.
Да мяне, здаецца, зноў прыйшла Яніна, – села на мой ложак.
– Засумаваў без мяне?
– Засумаваў. Доўга не прыходзіла. Цэлую вечнасць.
– Угадаў, вечнасць не паддаецца вымярэнню. Чалавек яшчэ не прыдумаў. А мо і не хацеў прыдумваць, каб не палохаць самога сябе...
– Яніна, я вельмі хачу дамаляваць “Дарогу да храма”, ды не ведаю, як тое зрабіць.
– Дамалюеш яшчэ, не спяшайся...
– Табе падабаецца мая задума?
– Не ведаю. Задума – гэта толькі мроі.
– Ты так і Ясю гаворыш, калі ён дзеліцца з табою сваімі планамі? Чаму ты так часта сварышся з ім? – мне хацелася выкрыць яе, прымусіць, каб прызналася, хто яна ёсць сапраўды.