Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Пятрусь адчуў, што яны з сябрам ужо і пераседзелі ў хаце бабулі, мо нават і заміналі ўжо, і ёй ужо не да размоў з імі цяпер, не да тлумачэння святога Пісання...
– То мы пойдзем ужо, баба Васіліха, забавіліся мы ў цябе, і маці нашы будуць непакоіцца, – сказаў, стоячы ў парозе, за абодвух Пятрусь.
– Аўжэ ж, нябожко, ідзіце, ідзіце, – азвалася старая – як і не да іх, а да некага іншага і нябачнага ў хаце, – маці спытай, чаго доўга да мяне не заходзіла... Ідзіце, хлопчыкі, ідзіце. Не мінайце маёй хаты.
Васіліха ўжо і не была падобна на тую Васіліху, якая была перад імі колькі хвілінаў назад – гаваркая і дабрачая, і ў вачах свяцілася дабрыня і спагада, сама свяцілася нейкім таямнічым святлом, якое ахутвала іх, – цяпер жа яна падалася быццам бы і чужой, якой і не бачылі да гэтага. Бо вунь як голас памяняўся, пастражэў.
На яе твары стома. І – боль. Туга і скруха.
– То дабранач, баба Васіліха! – узяўся за клямку Дударэнка.
– Дабранач, нябожко, дабранач! Хай памагае вам Бог!
Як толькі выйшлі ў двор, убачылі, як сядала сонца за небакрай – і брыжык чырвоны ўбачылі, які Пятрусь празяваў надоечы. І тады да сяброў прыйшоў цёплы настрой – падумалі, раз убачылі захад сонца, то ўсё ў іх будзе добра. Гэтай прыкмеце яны прывучыліся верыць.
Пад ногі кінулася шэрая чародка неспакойных вераб’ёў, пырхнулі крыльцамі, зноў памкнуліся некуды за платы. Петрусю здалося што яны, вераб’і, усе да аднаго сталі белымі – як анёлы, пра якіх апавядала баба Васіліха.
Птушкі паляцелі напрамкі да брыжыка сонца і зніклі, – як згарэлі ў чырвоным полымі.Азірнуліся – у хаце бабы Васіліхі было ціха, як ніхто ў ёй і не жыў.
Цішыня стаяла ва ўсім Забалацці, незвычайна ціха. Сябры, развітаўшыся, разышліся ў розныя бакі. Холад зноў падкраўся да Петруся і выкраў у яго цяпло. Ён сцепануўся ад холаду, пашыбаваў да сваёй хаты.У кішэні прыемна грэла думкі жменька гарбузікаў. Во абрадуецца Верка, калі ён насыпле ёй у далоньку дарункаў бабулі. Будзе абавязкова дапытвацца, дзе ўзяў. А ён і скажа ёй, што вавёрка з лесу прынесла. І гарбузікі, і арэхі.
І верыў, што сястрычка ўсяму паверыць...
У вокнах хаты Сілічаў ужо запалілі святло – на камінку разгаралася лучына, якую бацька заўсёды нарыхтоўваў летам са смалістых пнёў.
Пятрусь узяўся за халодную клямку...
3.
Немцы ў Забалацці з’явіліся нечакана.
Усе ведалі, што вораг узяў Бабруйск. Забалацянцы трывожна перагаворваліся, перашэтваліся, у душы кожнага нарастала трывога за заўтрашні дзень.
Пятрусь не чуў, пра што гаварылі людзі,не ведаў, як і не ведаў, хто такія немцы і што такое вайна... Разумеў з абрыўкаў нечаканых размоў, што вяскоўцы гаварылі пра нешта страшнае, якое ўсялілася ў іх душы і жыццё...
Ноччу сніліся страшныя сны са злымі пачварамі, страшыдлы з рагамі і даўжэзнымі крыламі. І тады ён усхопліваўся, напалоханы страхамі сну, крычаў незразумелае, ратуючыся ад нечага невядомага і жахлівага.
– А мо нас абыдуць? – меркавала маці, гледзячы на бацьку. – Мо не зачэпяць нас, га?
– Цыц, старая, – агрызаўся нязлосна бацька, смокчучы сваю цыдульку, – як гэта абыдуць, калі мы знаходзімся побач з асноўнай дарогай, га? Прыскачуць, вось пабачыш, і радасці ад іх не будзе, але што паробіш...
Чужынцы прыехалі сярод дня. У самую спякоту. Немчукі былі запыленыя, у касках і без касак, у нейкім шэрым, непрывычным для вяскоўцаў, адзенні, у ботах з кароткімі халявамі, з невядомымі мелодыямі, што выводзілі яны на губных гармоніках...
Немцы згружалі з высокіх машын нейкія скрынкі, металічны посуд, коўдры, прасціны, і шмат чаго незразумелага для яго, Петруся. Машын ён такіх да гэтага не бачыў. Ён увогуле не бачыў ніколі ніякіх машын, – і гэта для яго цяпер было вялікім дзівам.
Здзівіла яго і яшчэ адна акалічнасць у тэхніцы – яны гудзелі, а з трубы, што тырчэлі ззаду, выходзіў сіні дым. Хлопчык не ўтрымаўся, падышоў да тае трубы, унюхаўся з асалодаю ў яе смярдзючы дым. Ён ніколі такога паху не смакаваў. Гэта напомніла, як ён са старэйшымі хлапчукамі паліў на вогнішчы старую гуму. Але тут было штосьці іншае, тут не гума, – гэты дым, мусіць, і штурхае магутныя машыны.