Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Дзесьці ўжо ці не на наступны дзень пасля суботніка я выправіўся на кар’ер, што месціўся непадалёку ад маёй вёскі, пазнаёміўся з дырэктарам яго, тыповым, як кажуць у нас пра людзей такога складу, тэхнаром. Гэтым ён быў i сімпатычны мне: толькі разлік, усяму эканамічная падкладка, голая лічба. І, як нi дзіўна, за такой эканамічнаю падкладкай, за лічбай адчуваюцца тэмперамент i хваляванне. Хваляванне чалавека, які схаваўся ад гучных слоў пад лічбу. Я доўга шукаў да яго падыходаў. Справа ў тым, што яшчэ з год назад шафёр «БелАЗа» на кар’еры, Аніciмaў зяць, з якім я пазнаёміўся на рыбалцы, сказаў мне, што вымасціў бы дарогу да вёскі за адно лета, каб яму толькі дазволілі гэта i заплацілі якіх бы рублёў сто пяцьдзесят-дзвесце: па рублю за ходку. Ён у нерабочы час вазіў бы гравій i падсыпку для даpoгi. А падсыпкі той на кар’еры што гразі. I вось з такой прапановай, наіўны чалавек, я і пайшоў да дырэктара кар’ера. I як было не пайсці: усяго ж нейкix дзвесце рублёў і, калі ласка, атрымайце сваю дарогу.
Ды дзе там, дырэктар кар’ера адразу ж апусціў мяне з нябёс на грэшную зямлю. Усмешлівы, русявы, націскваючы на «о», як усе выхадцы з Волгі, ён спытаў мяне:
— Хто гэты вадзіцель, што распараджаецца дзяржаўным транспартам, як калгаснаю кабылай? Прозвішча?
Я ведаў яго прозвішча, але прыкусіў язык, вельмі ж палымяна i добразычліва ўсміхаўся мне дырэктар.
— Так я i ведаў, — падвёў ён рысу пад маімі блытанымі словамі. — Такога вадзіцеля ў нас на кар’еры няма i не можа быцъ... Далей...
Далей на мяне абрынуўся цэлы град пытанняў, нi на адно з якіх я не змог адказаць. I пасля першага ж з ix: ці мае раён фонды на будаўнічыя матэрыялы – дырэктар кар'ера мог бы ласкава папрасіць мяне зачыніць дзверы яго кабінета з другога боку, таму што сапраўды чалавек быў вельмі заняты. Чаму ён не зрабіў так, а патраціў на мяне добрую гадзіну свайго часу, я не ведаю. Няйнакш, яго ўразіла маё дрымучае невуцтва ва ўсім, што тычыцца гаспадарчай і эканамічнай дзейнасці прадпрыемства. Але я тады сапраўды не мог уцяміць, чаму і чым дарога, што пабудавана за дзвесце рублёў плюс да іх амартызацыйныя адлічэнні на транспарт, кошт самой падсыпкі, лепшая за дарогу, якая пабудавана ўжо ў адпаведнасці з усёй дакументацыяй, але і каштуе ўжо дваццаць ці трыццаць тысяч рублёў, а то і паўмільёна. Я няздольны ўцяміць гэтага і зараз. Хоць забіце мяне, няздольны, хаця потым мы сустракаліся з дырэктарам кар'ера неаднойчы. I дырэктар кар'ера, і сакратар райкома, і старшыня райвыканкома, з якімі мяне звяла ўсё тая ж дарога, вельмі талкова і дасціпна растлумачылі ўсё мне і замкнулі мяне на галоўным. А галоўнае было ў тым, што двое людзей — шафёр і дырэктар кар'ера — так разышліся ў падыходзе да таго, колькі будзе каштаваць будаўніцтва дарогі. Вадзіцель, як вы помніце ўжо, ацаніў яго ў дзвесце рублёў, дырэктар кар'ера — у пяць тысяч, старшыня райвыканкома — у пяцьсот тысяч рублёў. I шафёру ўсё было вельмі проста: рубель рэйс і дазвол зрабіць гэты рэйс. Дырэктару кар'ера ўсё здавалася ўжо больш складаным, а ў вачах старшыні райвыканкома ўсё выглядала амаль немагчымым. Але гэтая немагчымасць высветлілася потым, потым ужо, калі я быў на кар'еры амаль што сваім чалавекам, а дырэктар яго пачаў унікаць мяне, заадно пачаў унікаць мяне і старшыня райвыканкома, так я абодвум надакучыў, хаця са скуры лузаўся, імкнуўся дагадзіць і таму, і другому. Па сваёй ахвоце падмеўся сустрэцца з чытачамі, рабочымі кар'ера. У клубе кар'ера адбыліся прэм'ера і абмеркаванне новага кінафільма. Кінадакументалісты рыхтаваліся ўжо здымаць кіно пра кар'ер — усё дзеля пяці кіламетраў прасёлкавай дарогі. I дырэктар кар'ера згадзіўся даць падсыпку для дарогі, хаця не меў на гэта ніякага фармальнага права. Яму надакучалі, прасілі даць падсыпку людзі куды больш высокія, чымсьці я, героі працы і дэпутаты, старшыні калгасаў таго ж раёна, да якога належаў і кар'ер. А мая ж вёска геаграфічна месцілася ў другім раёне, нават іншай вобласці. I я быў асобаю зусім не афіцыйнаю, як зноў жа гавораць, асобаю, якая не валодае пытаннем.