Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Дзед Калістрат ужо дзве гадзіны назад прайшоў каля маёй хаты,— гаварыла Светка.— Рака ўжо супакоілася, рыба адгуляла і пайшла адпачываць, спіць ужо і рыба.
— А мне ўжо няма калі і класціся,— хутка прыйдзе аўтобус.
— У горад збіраешся?
— Трэба. Да сельсавета, а там і ў горад.
— I мне трэ было б у горад.— Светка зазірнула яму ў вочы, яна, здавалася, і забылася пра заяву, хаця ўсё яшчэ трымала яе ў руцэ. Уладзік таксама зазірнуў ёй увочы.
— То паехалі разам,— сказаў ён.
— Разам? — перапытала Светка, нібы Уладзік прапаноўваў ёй немаведама што. Перапытала і ўспомніла пра заяву, склала яе ўдвая, прайшлася пазногцем. Пазногці яе былі акуратныя і роўныя, бы Светчыны рукі і не ведалі хатняй працы. Уладзік загледзеўся на гэтыя яе пазногці і апамятаўся, калі Светка ўжо надарвала заяву, пацягнуўся да Светкі, змёўшы на падлогу касцяшкі даміно. Яна адскочыла ад яго. Ён перакуліў стол разам з касцяшкамі даміно, што яшчэ засталіся на ім, разам з шашкамі, шахматамі. Схапіў Светку, прыціснуў, рукі іх сышліся на заяве і замерлі. I ў цішы, што панавала ў клубе, бясконца доўга каціліся па падлозе шашкі.
— Ты сур'ёзна? Ты з-за мяне напісаў гэту заяву? — абвяла ў руках Уладзіка Светка.
— Сур'ёзна... Дзеля цябе.
— Я пе пра тое, што сур'ёзна дзеля мяне. А пра тое, наколькі гэта сур'ёзна. Ці не дражніш ты мяне. Ты сур'ёзна рашыў з'ехаць?
— Гэта павінна ты рашыць,— сказаў Уладзік.
— Пусці,— загадала яму Светка. Ён паслухмяна расціснуў рукі. Але ў гэтай яго паслухмянасці было і нейкае ўтрапенне, хапатлівасць. Так хапатліва і няспрытна расціскаюць рукі, калі трымаюць імі вялікую рыбіну. Трымаюць і ведаюць, што яе не ўтрымаць, што трэба перахапіцца. I Уладзік адпусціў Светку падобна толькі дзеля таго, каб перахапіцца, цалкам ужо ўсведамляючы, што перахапіцца не ўдасца. Не ўтрымаў адзін раз, другога разу ўжо не выпадзе такога. I Светка сапраўды адвяла яго рукі, калі ён зноў пацягнуўся да яе. Адвяла і загадала:
— Не падыходзь.
I ён замёр, адчуваючы на сваім твары яе дыханне і ўжо развітваючыся з ёй. Светка разгарнула заяву і пачала рваць яе на шматкі. I шматкі тыя ўсыпалі падлогу, як снег ці навагодняя вата. I цяпер ужо Уладзік пытаў Светку:
— Ты рашыла, ты сур'ёзна?
Яна маўчала, толькі вочы яе зрабіліся раптам вільготнымі, і былі яны зялёныя. А ў Мар'яна вочы сінія, падумаў Уладзік, а ў Стэфы, Светчынай маці, карыя. «Ох, не Мар'янава ты, Светка, дачка,— сказаў ён сам сабе.— Чыя ж ты, чыя ж ты...»
— Чыя ж ты, чыя ж ты, хто ты, хто ты,— прыгаворваў ён і цяпер стоячы па самыя ноздры ў ціхай вадзе каля лазовага куста на старыцы. Так стаяць у вадзе, вытыркнуўшы на паверхню толькі вусы, ноздры і лоб, быў здольны ва ўсім сяле і, пэўна, ва ўсім белым свеце адзін толькі Уладзік. Начальнік ракі рыбаліў. З некаторай пары ён перастаў прызнаваць вуды, а тым больш жакі і сеткі. Лавіў рыбу толькі рукамі. Па-першае, няма патрэбы ні ўякой снасці, па-другое, не трэба азірацца па баках, няма чаго баяцца рыбнагляду. Рыбнагляд усё ніяк не мог вырашыць, што гэта такое лоўля рукамі — браканьерства ці спорт. Калі меркаваць па выніках, дык, здаецца, браканьерства, а па снасці, па метаду... Ну, з якой снасцю можна параўнаць рукі. А неабходна было і тэрмінова падводзіць гэтыя рукі пад нейкі артыкул ці забарону нейкую накладваць на іх. Няшчасны рыбак са сваёй вудаю мог цэлы дзень купаць у рэчцы чарвяка, а карысці ніякай. А той, хто лавіў рукамі, за паўгадзіны набіваў рыбаю торбу, канечне, гэта патрабавала асаблівага спрыту і ведання, дзе водзіцца рыба. I ў вёсцы лепшага за Уладзіка лаўца рыбы рукамі не было. Лепш за іншых ведаў ён і час, і месца, тое, дзе і калі можна так упаляваць рыбіну.
Час — макаўка лета, так званы межань, калі ўзровень вады ў рацэ самы нізкі. I тады агаляюцца кусты лазы, што растуць пры беразе, рака адыходзіць ад іх, вада добра праграецца, рыбіна, шукаючы паратунку ад спёкі, кладзецца на дно, шукае на старыцах, руслах рэк таплякі, карчы, адмерлыя ўжо і жывыя кусты лазы. I столькі яе набіваецца ў тыя кусты, карані іх, што ступіць няма дзе. Пластом ляжаць адзін на адным, жыруюць акуні, а побач з імі плоткі, а непадалёку ад акунёў і плотак, што тапляк, адно мігціць толькі бледнымі сківіцамі ў зелянкавай вадзе сыты шчупак, хаваюцца, шыюцца ў глей, зараснікі жаберу ліні і карасі. I клопат увесь — падысці да гэтай рыбы і ўзяць яе. Але гэтае ўзяць самае складанае і цяжкае. Аказваецца, рыбіне не вельмі даспадобы, каб яе бралі, ды не як-небудзь, а іменна за жабры. А браць трэба іменна за жабры, інакш ліня ці акуня з кілаграм або два не ўтрымаеш.