Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 184 185 186 187 188 189 190 191 192 ... 228
Перейти на страницу:

У мужчын свая гаворка. Яны прыглядаюцца да альховых і бярозавых кустоў, мяркуюць, што распусціцца наперад — вольха ці бяроза. Вольха — будзе лета дажджлівае і мокрае, бяроза — на цяпло, на сонца. I прыкметы паказваюць, што ўсяго давядзецца паспытаць іх лету, будзе яно дажджлівым і сонечным, мокрым і сухім. Пераблыталіся прыкметы. Пупышкі набракаюць адначасова ў вольхі і бярозы. I зразумела чаму. К канцу ідзе белы свет. Гэты канец свету яны прадказвалі даўно і таму, мусіць, цяпер не вельмі засмучаны, чорт яго бяры, канае свет і хай канае, а цяпер, пакуль угравае яшчэ старыя косці сонейка, рабіць трэба. А ў рабоце няма месца смутку. У рабоце паспрабуй толькі смуткаваць, загрызе яна цябе. Дасі сабе паслабленне і змучыш сябе і работу. Сёння да ўсяго ж яшчэ не проста работа, суботнік, і ўсе прыглядаюцца адно да аднаго, як хто варушыцца. Паскідалі з плеч фуфайкі, разабралі з калёс сякеры і заступы. Пажвавеў і сам конік, угрэўся на сонейку, успомніў, мусіць, маладыя свае гады, паспрабаваў заржаць, але толькі падаў голас, прарваў плёўку, што гады і гады назад заклала глотку, і як засаромеўся: даўно ў зямлі ўжо, даўно ўжо заворана плугам яго маладосць, налёг на пастронкі, крануў з месца калёсы з пяском, і яны пацягнуліся за ім, парыпваючы нямазанымі коламі, ныраючы, як падаючы, у яміны і калдобіны.

Хаця людзей каля Курскай дугі, з якой і пачаўся суботнік, дадалося, падышло яшчэ некалькі мужчын і жанчын, павылазілі з-за кустоў і дзеці на чале з Іванчыкам, дамовіліся, што ўсёй дарогі чапаць не будуць, хапіла б часу і сілы засыпаць толькі самыя вялікія ямкі тут, на подступах да дугі. А там мо зжаліцца старшыня і дасць усё-ткі трактарок. Старшыня з'явіўся на дарозе дзесьці гадзіны праз дзве, калі сама толькі ўвайшлі ў ахвотку мужыкі, возячы пясок, узбіліся на ўспамін, як спраўлялі яны работу ў маладыя свае гады, сам чорт не братам быў ім, гарэла ў руках работа. Успомнілі былое і як памаладзелі, як успомнілі той даўні час і сякеры, і заступы ў іх руках. I мне цяжка было ўгнацца за імі. Напачатку я таксама ўзяў сякеру, калоў на плахі альху, што ссек Кандрат. Але калоў, мусіць, так няўмела і не па-людску, што Нікадзім прагнаў мяне, за тры ўдары разваліў надвае альховы пацурбалак. А я далучыўся да жанчын, што заступамі дзяўблі абочыну, толькі прыладзіўся, стаўшы каля Надзькі, у думках паспачуваў ёй, таму, як яна пнецца са сваім жыватом, дзяўбе тую збітую ў камень зямлю, як пачуў шум матора, з-за павароту выскачыла зялёненькая «Ніва» Карабля. Там, каля павароту, не даязджаючы метраў з пяцьдзесят да нас, ён і спыніў машыну. Мы таксама разагнуліся, пачалі чакаць Карабля. Але ён так і не падышоў да нас. Да яго пад'ехаў на калёсах з пяском Анісім.

— Чаму не на суботніку? — спытаў яго Карабель.

— Як гэта, не на суботніку? — здзівіўся Анісім.

— Палавіна сяла не выйшла на суботнік, не пайшла ні перабіраць бульбу, ні садзіць яе. Пачаму?

— А тут што?

— Тут я не ведаю што. Самадзеяцельнасць калгасная, вось што тут.— Карабель выгаворваў гэта Анісіму, але, па ўсім, звяртаўся і да нас. I мне было прыкра і няёмка слухаць яго, чамусьці я думаў, што іменна з-за мяне, гарадскога чалавека, ён не падышоў і да людзей. I калі папраўдзе, дык я не вельмі і хацеў, каб ён падыходзіў, бачыў мяне тут, здароўкаўся са мной. Чаму, не ведаю, але мне было б сорамна падаваць яму руку пры людзях, пазіраць яму ў вочы. I да таго майго сораму прымешвалася шмат чаго іншага, такога, што ні тады, ні зараз я не магу растлумачыць. Больш за ўсё нешта дзіцячае, няпэўнае. Карабель выгаворваў Анісіму зусім не злосна, ён нібыта скардзіўся яму, а заадно праз яго, пэўна, і мне, скардзіўся, што яго падпірае пасяўная, што дарогу гэтую інвалідам не адладзіць, што за дарогу з яго не спытаюць, а сарвецца пасяўная — штаны здымуць. I ў той яго скарзе што ні слова, то праўда. I мне было сорамна той праўды, было сорамна за яго, Карабля, і за сябе, за чужую і сваю бездапаможнасць. Бездапаможнасць дарослых людзей, усёй вёскі перад жыццём. I такім бездапаможным я адчуваў сябе толькі ў дзяцінстве. Але ў дзяцінстве я кожны раз усё ж ведаў, хто вінаваты ў маёй бездапаможнасці. Канечне, дарослыя, пад якімі я хадзіў, і маё дзяцінства, тое, што мне мала яшчэ гадоў, малы я, і ў мяне заўсёды заставалася надзея: вось вырасту і ўсё пераменіцца. Усё будзе рабіцца па справядлівасці і па закону. I да таго ж я заўсёды мог збыць сваю бездапаможнасць, усцешыцца салодкімі слязьмі маючых хутка адбыцца перамен. А цяпер? Нашто мне спадзявацца цяпер, як пазбавіцца адчаю.

Я, канечне, разумеў, што адчай гэты таксама адносны і ў гэтай адноснасці нейкая прасёлкавая міжкалгасная дарога наогул нішто. Нішто і сама глыбінная неперспектыўная вёска, да якой прыбіла мяне жыццё, нішто ў параўнанні з тысячамі іншых перспектыўных вёсак. А я бачыў іх. Іх з годнасцю і з гонарам паказвалі мне. Можна сказаць, дэманстравалі. Дэманстравалі цудоўныя жывёлагадоўчыя комплексы на тысячы і тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, цудоўныя дамы, не дамы нават, а катэджы на два ўзроўні, заасфальтаваныя пад'езды да іх, пакрытыя асфальтам вясковыя вуліцы і праспекты. I ўсё гэта вобразна называлася перадавым акопам сяла будучага. У той перадавы акоп не вельмі, праўда, імкнуўся вясковы жыхар: усе дамы, катэджы пабудаваны толькі дзяржаваю і ніводнага дамка не ўзведзена самімі людзьмі. Але ўсё роўна там жыццё працягваецца ці бярэцца новым і нанава, а тут... таксама ж перадавы акоп, аднае толькі розніцы, што перадавая гэтая тут з часоў вайны. Як заселі ў тым акопе мае землякі, калі да іх падкаціўся фронт, так і засталіся ў ім па сённяшні дзень. I вось гэтага я зразумець і прыняць не мог. Чым яны правініліся перад усім белым светам. I ці такі ўжо бязвінны я, што вырваўся з таго акопа. Ці так ужо бязвінныя ўсе іншыя, што вырваліся падобна мне. I ці сапраўды магчыма вырвацца, калі нехта застаецца ў акопе. Перад маімі вачыма заклік абаронцаў Сталінграда: «Единственная уважительная причина ухода с передовой — смерть!»

1 ... 184 185 186 187 188 189 190 191 192 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)