Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 185 186 187 188 189 190 191 192 193 ... 228
Перейти на страницу:

Я не хачу нікога закалыхваць і падманваць узнёсласцю пачуццяў і гучнымі словамі. Сталінград прыгадаўся мне во цяпер за пісьмовым сталом, а ў дзень суботніка на вясковай прасёлкавай Курскай дузе было зусім іншае. Анісім, перагаварыўшы са старшынёю, так урэзаў коніку між рэбраў, што поўсць і пыл клубам узвіліся ў неба. I конік рэзнуў з перапуду не паспеўшым перапрэць яшчэ сенам так, што, здавалася, лопнуць пастронкі, ускач панёс калёсы з пяском. I пясок той, прызначаны дарозе, каб засыпаць гаці, адразу ж здаўся нікому не патрэбным. I сама дарога, здаецца ўжо, нікому не была патрэбная. Старыя, што выйшлі рамантаваць яе, пастаяўшы нейкі час абапёршыся на заступы, правёўшы вокам старшыню з яго машынаю, і самі пачалі неўпрыкметку знікаць, бы раставаць сярод вясны і сонца, што з такою пяшчотаю ўгравала іх старыя косці. Толькі вясковыя людзі валодаюць гэтай здольнасцю ў непрыемную ім гадзіну так непрыкметна знікаць, як сапраўды раставаць, злівацца з лесам і кустамі, лужынамі-пралысінамі, з мяккай маладой травой і травой попельна-шэрай, леташняй. Я таксама, пэўна, мог бы зліцца з усім гэтым, растаць у тым дні. Навука гэтага растварэння, зліцця закладзена ўва мне з дзяцінства, з дзетдома. Я ўспомніў яе і таму застаўся на дарозе. Так і карціць напісаць: застаўся на ўсё жыццё. I на пачатку гэтай кніжкі я, мусіць, так і напісаў бы. А цяпер, калі набліжаюся да заканчэння яе, не магу. I не таму, што гэта будзе няпраўда. Усё гэта праўда. Прычына тут інакшая. Трохі інакшай хочацца праўды, праўды больш стрыманай і раздумлівай, якая не так рэжа вушы, не дратуе душу. Таму я і застаўся на дарозе, стрымаўшы сябе, перамогшы злосць, нават азлабленне супраць усіх і ўсяго, перамогшы жаданне кінуцца з сякераю ў руках нават на тых, з кім толькі што разам рабіў. I зачэпка, падставы ўсе меліся, каб кінуцца.

— Ну што хлебарэзку расчыніў! — злосна закрычаў на мяне Анісім, ссыпаючы з воза пясок.— Прыйшоў рабіць, дык рабі. Дапамагай.

Я зразумеў яго азлабленне як сваё і дапамагаць яму не стаў. Мне ўсё роўна не параўнацца з ім ва ўмельстве ўпраўляцца з сякераю і заступам. Хаця я таксама не грэбую ўзяць іх у рукі. Вёска ў гэтым ужо ўпэўнілася, цікуючы, здавалася, пустымі і невідушчымі вокнамі сваіх хат за тым, як я корпаюся ў гародзе, сяку дровы, стаўлю плот, абразаю яблыні. Упэўнілася, і іменна праз гэта, заступ і сякеру, залічыла і прылічыла мяне да сябе. Усё астатняе, чым я займаюся паміма, апроч вясковага жыцця, у горадзе, нікога з вяскоўцаў не кранае, усе мае кніжкі ім тут, як кажуць, да лямпачкі. А вось тое, што я не цураюся іх вясковага занятку, гэта ўжо хоць маленькі ды плюсік мне. А праз гэты маленькі плюсік я вёсцы свой, і мяне можна абкласці мацюком, як абкладвае зараз задыханы ад бездапаможнасці Анісім. I ён мне таксама свой, таму што мы з ім аднолькава бездапаможныя, хаця я не адказваю яму мацюком. Не магу адказаць. Што толку ў нашых узаемных мацюках, нават у тым, калі мы зараз схопімся біцца. Выкажам назапашаную намі бездапаможнасць, адыдзем і на тым разыдземся. Ці, наадварот, купім пляшку, вып'ем, памірымся. I жыццё здасца нам больш светлым. Мо на такое выйсце, абкладаючы мяне мацюком, і рабіў намёк Анісім, на самай жа справе, што рабіць двум мужыкам, калі рабіць больш няма чаго. Але я не спраўдзіў яго спадзяванак.

Суботнік на Курскай дузе зацягнуўся, ён доўжыўся мне больш як год. I мне сумна, што нічога талковага я не зрабіў і не дамогся. Расказваць аб ім і то сум бярэ. I неяк, адчуваю я, не кладзецца гэты расказ у тыя рамкі, што адвёў сабе тут я сам. Яго трэба было, мусіць, рабіць асобна. I ўсё звялося б, як кажуць, да прыватнага выпадку, які б нікога пе закранаў, а галоўнае, пісалася б больш лёгка. Не ад мяне, не праз мяне, а проста як той жа зноў прыватны выпадак, і фон бы тут меўся быць інакшы, нікому б не калола вочы разбураная сірочая хата, мая вёска, мае землякі. I гэта, пэўна, было б больш разумна і больш бяспечна. Але што зробіш, мне позна ўжо брацца за розум. А воз свой выбраў я сам, сам упрогся ў яго, самому трэба i цягнуць; няма чаго ківаць, што намуляў карак, і зноў жа не ўся праўда за гэтым ківаннем. Выпадалі ў тым зацяглым суботніку і светлыя хвіліны. І вынік яго не такі ўжо i безнадзейны, калі зірнуць на яго з вышынь жыцця i пры святле не толькі сённяшняга сонца, сонца адзінага дня. Жыццё неаднамернае, i тое, што здавалася ўчора паражэннем, заўтра можа выглядаць i як перамога. А з дарогай я зведаў мноства паражэнняў, i адно за другое горшае.

1 ... 185 186 187 188 189 190 191 192 193 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)