Гэта самотная зорка Венера
- Автор: Аляшкевіч Аляксандр
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Гэта самотная зорка Венера». Краткое содержание книги:
Каля дзвярэй Антон раптам узяў яе за руку.
– Хочаш, я ў наступную суботу запрашу цябе ў наша кафэ? – прапанаваў ён. – Там добрая кухня і цудоўная музыка.
Таццяна няпэўна паціснула плячыма і, каб пазбавіцца ад Антона, адказала, што падумае.
Назаўтра яна забылася пра Антона. Думкі яе займаў Аляксей. Яна з нецярпеннем чакала сустрэчы з ім. Але ў сераду яе нечакана выклікалі са справаздачай у райцэнтр. Вярнулася толькі пад вечар. Адразу ж накіравалася ў кафэ. Але на пытанне – ці цікавіліся ёю? – пажылая напарніца Таццяны адмоўна захітала галавою: “Ды не, ніхто…”
Не прыйшоў Аляксей у кафе і на наступны дзень.
“Можа, даведаўся часам пра Антона? – няпэўна разважыла яна. – Але ж у мяне нічога з ім не было. Ну, пагаманілі крыху, правёў да кватэры. Не, не трэба было дазваляць праводзіць. Дурман тады табе ў галаву стрэліў, ці што? Гэта ж пасёлак. Усё разбалбочуць старыя сарокі…”
Ўвечары яна зноў зайшла да сяброўкі.
– Во, на лаўца і звер бяжыць! – адчыніўшы дзверы, гучна ўсклікнула Галіна. – Што ж, заходзь. Тут адна справа да цябе ёсць! Праходзь у залу, сядай, а я зараз. Хутка мой цюлень з’явіцца з работы. Падагрэю суп, бо першае слова ў яго, як пераступіць парог: “Есці!” – усміхнулася сяброўка і пабегла на кухню.
Праз хвіліну вярнулася, пільна зірнула на Таццяну:
– Ты чаго сёння такая ўзрушанная? І вочы чырвоныя! Не спалася ноччу? Што, і сёння не прыйшоў твой новы знаёмы?
– Не– а, не прыйшоў, – ціха ўздыхнула Таццяна.
– Падумаць толькі, усяго адна сустрэча, але яе ён цябе ачмурыў! – з’едліва прамовіла Галіна. – вядома ж гадоў на дзесяць старэйшы – вопыт! Ды не думай ты пра яго, выкінь з галавы! Ну хто ён такі?
– Казаў, настаўнік.
– Ха! Зануда і прычэпа! Да таго ж – галота! – з сарказмам кінула Галіна.– Таму і жонка збегла ад яго ў Мінску! Будзеш сядзець усё жыццё з аднапакаёўцы і слухаць бясконцыя натацыі! Пра сына хоць падумай! – Яна пасунулася бліжэй да Таццяны: – Паслухай лепш, што табе скажу. Тут Антон тэлефанаваў. Казаў, каб перадалі, што хоча прыехаць за табой ў суботу, звазіць ў Мінск. Відаць, прычаравала ты хлопца! Вось каго трэба хапаць за шчэлепы! Высокі, малады, здаровы. Трохпакаёвая кватэра ў Мінску. Машына. Да таго ж ахоўнік прэстыжнага кафэ. Будзеш за ім як у Бога за пазухай! Ды і сваячкамі з табою станем, – усміхнулася Галіна. – Ну, дык што яму перадаць?
– А, – махнула рукою Таццяна. – Скажы, хай прыязджае.
Яна падумала: “І сапраўды, чаму я не магу з’ездіць у Мінск адпачыць? Я ж – вольная жанчына! Дый Антон – прывабны малады чалавек…”
Вялікая, ярка залітая святлом зала ўразіла Таццяну бляскам пазалоты, крышталю і веліччу высокіх прамавугольных акон, што ўзнімаліся амаль да столі і былі напалову завешаныя беласнежнымі хвалямі цюлю. Антон падвёў Таццяну да кабіны з шырокім прысадзістым столікам і паўкруглай канапай. Адрэкамендаваў маладую пару, што сядзела за столікам:
– Знаёмцеся, мой лепшы сябар Мікола і яго чароўная спадарожніца…
– Зіна, – перабіла Антона маладая русая жанчына і запрасіла Таццяну сесці побач з ёю. – Пра цябе ўчора Антон усе вушы пратрубіў! – весела прамовіла яна. – Ну што, не пужае наша сталічнае разгульнае жыццё? Прызнаюся, я сама ўпершыню ў гэтым кафэ. Сюды амаль немагчыма трапіць, бо ў асноўным тут адпачывае наша эліта.
Таццяна ўважліва агледзела залу, якая была ўжо амаль поўная, сапраўды прыкмеціла некалькі знаёмых твараў: палітыкаў, артыстаў, спявачак, якіх раней бачыла толькі па тэлевізары. Невысокі хударлявы афіцыянт, што выйшаў з бакавога праходу, пачаў спрытна выстаўляць з падноса на іх столік стравы. У зале загучала меладычная музыка.
– Паглядзі, на чым ездзіць наша эліта, – прымусіла Зінаіда азірнуцца Таццяну на акно, што знаходзілася за іхнімі спінамі.
За празрыстым шклом на шэрай пляцоўцы былі відны доўгія рады шыкоўных машын.
– А вось і адзін з нашых беларускіх бізнес– багоў, як гаворыцца, уласнай персонай! – паказала вачыма Зінаіда на белы доўгі лімузін, які заязджаў на пляцоўку. – Я працую ў яго фірме. Дарэчы гэтае кафэ таксама належыць яму.
– Хоць гадзіннік па ім звярай, – павярнуўшы галаву, вымавіў Антон. – Штодзень з’яўляецца сюды на вячэру роўна ў дзевяць. Толькі яму дазволена ўваходзіць у залу з аховай. Як жа, гаспадар!
– Заробіш уласнай галавою такія вялікія грошы, як ён, і табе будзе ўсё дазволена! – упікнуў сябра Мікола.
Калі Таццяна павярнула галаву, столік ужо быў заставлены гарачымі стравамі, ад якіх ішоў прыемны пах. Антон напоўніў крыштальныя фужэры шыпучым віном, запрасіў узняць іх:
– Ну што, за агульнае знаёмства!
Таццяна прыгубіла віна, з цікаўнасцю зірнула на высокага статнага мужчыну ў дарагім чорным касцюме, які зайшоў узалу ў суправаджэнні двух ахоўнікаў і прывабнай бялявай жынчыны, і ледзь не выпусціла з рук відэлец. Яе твар спалатнеў, з грудзей ледзь не вырваўся глухі выкрык: “Аляксей!” – бо менавіта ён нетаропка ішоў па зале.