Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Добрага шляху! – выгукнуў Эямэр. – Няхай вам пашанцуе знайсьці тое, чаго шукаеце! Вяртайцеся хутчэй, і хай тады нашыя мечы зазьзяюць разам!
– Я вярнуся! – вымавіў Арагорн.
– I я таксама, – дадаў Гімлі, – словы пра панну Галадрыель яшчэ паміж намі. Магчыма, мне давядзецца навучыць вашаць ветлівасьці.
– Ну, пабачым, – сказаў Эямэр. – Столькі дзівоснага адбылося, што й навука шанаваньня прыгожай панны пад добразычлівымі ўдарамі гномскай сякеры ўжо не падаецца незвычайнай. Да сустрэчы!
Так і разьвіталіся. Хутка беглі роханскія коні, і калі праз хвіліну ці дзьве Гімлі азірнуўся, Эямэрава харугва ўжо падавалася жменькаю далёкіх маленькіх постацяў. Арагорн не паварочваўся, бо, нізка нахіліўшыся над шыяю Хазуфэла, сачыў за сьлядамі. Неўзабаве сягнулі берагу Энтуі й там напаткалі другі сьлед, пра які распавёў Эямэр і які вёў з усходу, ад панізьзяў ракі.
Арагорн саскочыў з каня, каб пабачыць сьляды на зямлі, тады зноў сеў верхам і асьцярожна праехаў колькі на ўсход побач зь сьледам, каб не папсаваць яго. Зноў саскочыў ды ўгледзеўся ў пазнакі, ходзячы туды й сюды.
– Няшмат засталося, – вярнуўся да сяброў, – галоўны сьлед увесь папсавалі вершнікі, калі вярталіся. Калі ехалі туды, трымаліся, напэўна, бліжэй да ракі. Але ўсходні сьлед адметны й выразны. I аніякай прыкметы адваротнага руху, назад, да Андуйну. Цяпер мы мусім ехаць павольней, каб пераканацца, што аніякія сьляды не адгаліноўваюцца ні ў адзін бок, ні ў другі. Тут оркі павінны былі зразумець, што іх перасьледуюць. I маглі зрабіць што-небудзь зь вязьнямі – адаслаць іх, пакуль роханцы не нагналі асноўны натоўп.
Дзень паступова змрачнеў. Нізкія аблокі прыпаўзьлі з-за панізьзяў Энтуі. Сонца зацягнула смуга. Зарослыя лесам схілы, краі Фангарну, набліжаліся, павольна цямнеючы, калі сонца рушыла на захад. Ад галоўнага сьледу анічога не адгаліноўвалася, але там і тут пагоня мінала мёртвых оркаў, што ляжалі ўздоўж сьледу з шэрапёрымі стрэламі ў сьпінах альбо глотках.
Сутоньне рабілася ўзьвячоркам, калі вандроўнікі сягнулі ўзьлеску й на шырокім лузе непадалёк ад першых дрэваў знайшлі рэшткі вялікага вогнішча. Прысак яшчэ дыміўся. Побач ляжала вялізная куча шаломаў ды броняў, пасечаных тарчаў, паламаных мечаў, лукаў, дзідаў ды іншай ваярскай зброі. Пасярод на кол была ўзьдзетая вялізная гоблінская галава. На расьсечаным шаломе вылучалася пазнака – белая рука. На адлегласьці, бліжэй да берагу ракі, там, дзе яна выцякала зь лесу, высіўся курганок. Сьвежы: насып з сырой зямлі быў абкладзены нарэзаным дзёрнам, а над ім тырчэла пятнаццаць дзідаў.
Арагорн зь сябрамі абшукаў усё месца бітвы, але дзённае сьвятло цьмела й вечаровы змрок, вогкі й туманны, засьціў вочы. Да цемры так і не знайшлі аніякіх сьлядоў Піпіна з Мэры.
– Болей мы анічога ня зробім, – затужыў Гімлі. – Мноства загадак паўстала перад намі з таго часу, як мы сягнулі Тол Брандыру, але гэтую цяжэй за ўсё адгадаць. Баюся, спаленыя косткі нашых сяброў перамешаныя цяпер з оркавымі. Цяжкая будзе гэтая вестка для Фрода, калі ён толькі дажыве да таго, каб пачуць яе. Дый для старога хобіта, што чакае ў Долым Яры, таксама. Эльранд быў супраць таго, каб маладыя хобіты выпраўляліся з намі.
– Але ж Гэндальф быў за, – запярэчыў яму Ляголас.
– Гэндальф абраў сябе самога, каб рушыць з намі, і загінуў першы, – азваўся на тое Гімлі. – Ягонае прадбачаньне падвяло яго.
– Гэндальфавы ўчынкі й парады былі ня дзеля найвялікшай бясьпекі ані для яго самога, ані для астатніх, – давёў Арагорн. – Пэўныя справы лепей пачаць у любым выпадку, чым адмовіцца ад іх, нават калі яны могуць прывесьці да змрочнага зыходу. Я не пакіну гэтага месца. Так ці йнакш, мы дачакаемся тут сьвітанку.
Крыху адышлі ад месца бойкі дый уладкаваліся на ноч пад купчастым дрэвам. Выглядала яно, нібыта каштан, але на галінах яшчэ вісела мноства леташніх лістоў, шырокіх, бурых, – як сухія далоні з доўгімі растапыранымі пальцамі. Лісты паныла шамацелі пад начным ветрыкам.
Гімлі перасмыкнуў плячыма. Коўдраў захапілі ўсяго па адной на чалавека. Прапанаваў:
– Мо распалім вогнішча? Трасца зь імі, оркамі. Няхай сабе зьлятаюцца на полымя летнімі матылямі!
– А калі нашыя няшчасныя хобіты блукаюць па лесе, дык мы прывабім іх агнём, – памеркаваў Ляголас.