Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
— Мячык дурдын-мурдын? — запыталася ў Франкіхі мадам Джугашвілі.
— Мячык дурдын, Воршына мурдын, — са злосьцю адказала Франкіха й падзьмула сабе на чырвоныя, як пасьля сьціркі, рукі.
Тацяна неахвотна палезла ў хмызы. Насустрач ёй па-змоўніцку ўсьміхнулася адтуліна ў плоце. За адтулінай віднелася вуліца. Выпадак сядзеў на судзейскай вышцы, круціў на пальцы сьвісток са слановай косткі і глядзеў на аблокі.
Вуліца была нейкай дзіўнай. Тацяна йшла ды йшла па нагрэтым бруку, з радасцю адчуваючы, што вецер забраўся ў дзірку на яе новым спартовым касьцюме ды куляецца там, як кот пасьля валер'янкі, — а ніводнага чалавека насустрач ня трапілася. Белыя будынкі ўсё шчыльней абступалі Тацяну, на шчасьце, потым дарога пайшла ўгору... неўпрыкмет Тацяна выбралася на ўзвышша. Аніводнае жывое душы навокал. Якое ж было захапленне, калі вочы Тацяны выхапілі з суцэльнай белізны і рванага блакіту дрогкую кропку. Па-над двухпавярховым будынкам мэтраў за дзьвесьце адсюль, які прыкрываўся ад вуліцы ябланевым садзікам, лунаў непараўнальна яркі на фоне бальнічных колераў чырвона-зялёны сьцяг. „Наш,” — забілася ў Тацяны сэрцайка. „Наша,” — усьцешана закаціўся пад ветрам сьцяг.
Садзік з будынкам простакутнікам атачалі пабеленыя краты. Ад брамкі з гульлівым званочкам у форме рамонку да ўваходу ў будынак ішла дарожка, прыпудраная жоўтым пясочкам, абапал яе драмалі сытыя чырвоныя ды залатыя цюльпаны. Тацяна ледзь ня ўдарылася галавою аб брамку, як гарналыжнік спусціўшыся з крутога брукаванага схілу. Тут цішыня стаяла нейкая іншая, чым у белым бязьлюдным гарадку... І будынак, і сад здаваліся вельмі знаёмымі. Гэта была амбасада, а можа, нейкі выканкам або РУУС. Ды чым бы гэта ні было, яно было сваім. Тацяна тарганула брамку, нібыта тая ўлезла ў чаргу ні на сваё мейсца, брамка, натуральна, не паддалася. Тады Тацяна пазваніла. Увесь сад павярнуўся да яе заспаным тварам, але на будынку не варухнулася ніводная аканіца. Тацяна пазваніла яшчэ, доўга й нецярпліва, званок мэлядычна й ветліва паказаў поўную адсутнасць руху ў доме.
Тацяна аддыхалася, села на тратуар, цюльпаны зноў утаропіліся ў па-жаноцку фрызаваную траву й жоўты пясок. Тацяна прысела ля брамкі, там, дзе адна зь яблыняў нахілілася на вуліцай, справіла малую патрэбу. Потым пазваніла ў трэці раз. Пэўны час ёй падавалася, што і цяпер адказу ня будзе, але дом пажаваў губамі і на ганак выйшаў маленькі мужчына ў гальштуку, што вольна боўтаўся на расшпіленай белай кашулі. Мужчынка хмура паглядзеў на бясхмарнае неба, пазяхнуў і выдастаў з кішэні бляшанку піва.
— Адчыніце! — крыкнула Тацяна. — Эй, адчыні, я свая! Чуеш? Чуеце? — паправілася яна, падумаўшы, што чалавек перад ёй, нягледзячы на непрэзэнтабельны выгляд, мусіць, мае ўсё ж некалькі кіляграмаў улады.
Чалавек ушчыкнуў бляшанку, са смакам зрабіў глыток і абыякава зірнуў на Тацяну.
— Я заблудзілася! — закрычала Тацяна, — Я ад групы адстала! Я ў трыццаць шостай краме працую, ведаеце? Упусьціце мяне, я ж свая! Гэй!
Чалавек пачасаў грудзі, задуменна паглядзеў на жоўты пясок і паставіў бляшанку побач з сабой на ганак. Потым паглядзеў на сонца і пасунуўся трошкі далей у цень. Пазяхнуў, пачасаўся яшчэ раз, выцер лоб.
— Ну няма ў мяне дакументаў! — заверашчала Тацяна. — Дык ты ж бачыш, што я свая! Я ваша, свая, наша!
Чалавек дапіў піва, паставіў бляшанку ў ног, потым неахвотна падняўся й схаваўся ў доме, які зноў зрабіў стомленую грымасу й замёр.
— Ты куды, ты куды? — заквохтала Тацяна.
— Таварыш! Спадар!
Яна задаволена адзначыла, што мужчына вярнуўся, толькі на галаве цяпер быў трапічны шлем, а гальштук зацугляў шэры, звычайны да замілавання пінжак.
— Я ж казала, што ня хлушу... ня хлусю... ну што гэта, ну, — загаварыла радасна Тацяна. Голас яе адскокваў ад цішыні, чэз, бляднеў. — Я ж казала...
Мужчына зрабіў некалькі крокаў па дарожцы, размахнуўся — у бок Тацяны, акурат на тратуар, шмякнуўся папяровы пакет. Яна зьдзіўлена правадзіла поглядам зьнікаючага ў доме мужчыну, разгарнула...
Кволым птушанём выляцела нейкая брашура, за ёй пакаціліся, нібы танцавальны сэкстэт Гуінпленаў, матрошкі, наколькі менш, настолькі пачварней адна за другую. Апошняй з пакету выпала каробка цукерак „Камунара”. Тацяна, з роту якой ужо гатовыя былі вырвацца салодкія пракляцці, падняла брашуру й прачытала назву: „40 год ансамблю „Журавінка”
— Каб ты здох, — павольна вымавіла Тацяна і ўпала ў рукі як заўсёды своечасова пабеглага Выпадкі.