Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
— Нас разьдзяляюць дзьверы, драўляныя дзьверы таўшчынёю ў некалькі сантымэтраў. Па адзін бок дзьвярэй можна хадзіць голым, расчляняць трупы, здымаць порнафільмы, вырабляць фальшывыя грошы, сьпяваць, паліць траву й піць гарэлку. Па другі бок можна толькі атрымаць за ўсе пералічаныя дзеяньні заслужанае пакараньне. Ад штрафу ў розгах-мінімалках да найсправядлівейшае дзяржаўнае кулі... Два твары — твой і мой — па розныя бакі дзьвераў, дзьве пары вачэй, якія намагаюцца глядзець адна на адну ва ўпор праз зафарбаванае дрэва, два галасы, балянсуючыя на той уяўнай мяжы, зьлева ад якой — напружаны слых суседзяў, справа — неразборлівы шэпт. Ну як, спадабалася?
Што адказвалі маладому чалавеку з-за дзьвярэй, чуваць не было, але адчыняць яму пакуль не зьбіраліся. Зрэшты, па далейшай размове Каспарыха шмат зразумела, і госьць яе прыдуркаватых суседзяў паціху страціў сваю прывабнасць.
— Я хачу толькі ўбачыць цябе... клянуся. Разумею, разумею твой недавер. Ну, адчыні, і я ўсё растлумачу... Я... Я папросту ня ведаю другога спосабу пазнаёміцца з табой. Ты так доўга была для мяне таямніцаю... але ўчора...
Малады чалавек выпрастаўся, памахаў ружамі. Адказ з-за дзьвярэй на момант сказіў ягоны твар.
— Я разумею, што гэта сьмешна, але твая таямніца ўжо выпальвае мяне знутры. Можа быць, я буду расчараваны, калі ўбачу цябе... Я... Я ўжо ведаю пра цябе трохі, ты маеш доўгія валасы, ты любіш глядзець з вакна на трамваі ўвечары, ты можаш быць задуменнай... Прашу цябе, адчыні, я толькі пагляджу на цябе й сыйду.
Выслухаўшы адказ, госьць нахмурыўся, выдастаў насоўку, відаць, прапітаную цярпеньнем, выцер твар. Голас ягоны, аднак, усё гэтак жа мякка бруіўся праз поры ўпартых дзьвярэй.
— Па-першае, твайго, як ты кажаш, мужа ў кватэры няма, ты дома адна, ён сыйшоў гадзіну таму. Па-другое, ён табе ня муж, ня брат і ня сьвёкар.
— Пра прапіску ў яе спытай, — прашаптала Каспарыха, патрэсшы ўспацелым бюстам і адцягнуўшы ад яго на пару сэкундаў мокры станік.
— Хаця... мне да гэтага ніякае справы няма. Я толькі паглядзець...
Малады чалавек прысеў на прыступку, запаліў цыгарэту. Праз вочка Каспарысе здавалася, што лесьвічная пляцоўка зараз перакуліцца дзіўным госьцем уверх і сонечная пляма на паверсе вышэй апынецца якраз на клятчастай анучы ля каспарыхаўскіх дзьвераў.
— Ну вызірні хаця б у вакно... давай зробім так: я кладу кветкі ля дзьвярэй ды сыходжу, а ты вызіраеш у вакно... пры дзённым сьвятле... я ўбачу цябе пры дзённым сьвятле...
Каспарыха не спяшалася адыходзіць ад вочка, хаця стары Каспар ужо роспачна біў учэпістай кляшнёю па коле каляскі, і, як высветлілася, зрабіла слушна. Дзьверы прыадчыніліся, мільгануў уніз цёмны клін валасоў, і раптам белы кветачны вагонь успыхнуў у мутным вочку, засланіўшы Каспарысе агляд. На шкло вочка села кропля вады й памкнула праз увесь экран — рэзкімі рыўкамі. Відаць, суседка Каспарыхі стаяла на парозе й трымала ружы ў руках. Тут жа пад'езд выбухнуў грукатам, наваліўся блакіт, зьнік, зьявіўся зноў. Каспарыха, аматарка ўсялякіх тэлевізійных журналісцкіх выведваньняў, успомніла, што так зьмяняецца выява на экране, калі пачынаюць біць апэратара. Нарэшце перад Каспарыхаю засталася адно пустая пляцоўка ды, як заўсёды, замкнёная дзьверы. Адсунуўшы ўбок каляску са свьвідруючым яе вачыма мужам, Каспарыха кінулася да тэлефону, набрала нумар:
— Таісься? Ты бачыла, Таісься?
— А то! — урачыста й змрочна адказала Таісься, праціраючы крысом халата мышыныя акуляры.
8
На новым мейсцы Тацяна Воршына пачувалася ня надта блага. Хутка яе нельга было ўжо вылучыць з агульнага кодла старых дам, якія, шляхетна прыпадымаючы крысьсё доўгіх шаргатлівых сукенак, дробненька й чынна тупаючы па паркетнай падлозе йшлі на сьняданак, у танцавальную залю альбо на валейбольную пляцоўку. Някепскія стасункі склаліся ў яе са спадарыняй Мусаліні — тая была ахвочая да размоваў, часта садзілася побач, шчыльна сціснуўшы калені, нібы дзяўчынка ў караценькай сукенцы, і пачынала свае доўгія маналёгі. Па Тацяніным твары прабягала пакутлівая рабізна, яна намагалася знайсьці ў гэтай няспыннай плыні хаця б адно знаёмае слова, і часам знаходзіла, што не давала ёй ніякай карысці. Дачакаўшыся, пакуль спадарыня Мусаліні спыніцца, каб перавесьці дух альбо паглядзецца ў люстэрка, Тацяна цяжка ўздыхала, нібы зацягваючыся „Беламорам”, ды змрочна гаварыла: