Золата князёўны
- Автор: Ляхновіч Павел
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- ISBN: 978-985-6107-38-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Золата князёўны». Краткое содержание книги:
Сапраўды не бачыў. Нават тады, калі ў пачатку вайны ўзялі ў палон таго... Фрыдрыха...?, так, Фрыдрыха, як Энгельса клікалі, а вось прозьвішча забыўся. Нешта з валасамі... Хаар? Не, не Хаар. Як па-нямецку “грыва”? Мейнэ! Дакладна, Фрыдрых Мейнэ! Дык як яго прыйшлося ў распыл пусьціць – бо не цягаць жа з сабою, калі абстаноўка такая няясная! – то званітавала будучага Героя. Чыстаплюй! Толькі і мог, што растрэльныя сьпісы падпісываць! І гэтаму – Герая! А яму, Эмануэлю Остману – хрэн з гарчыцай.
Дарэчы! Дарэчы вось недзе тут тое ўсё і было! Як усё памянялася! Не пазнаць! Во, помнік нейкі ля дарогі. Абстракцыя нейкая. Можа тым падзеям?
...Уперадзе заблішчэлі чырвоныя “габарыты”. Фура. Нумары нямецкія. Зачасьцілі фрыцы. Відаць, гуманітарку вязуць. Так, пераключыцца на бліжняе сьвятло, і на абгон. Акселератар па плешку!
І раптам у бліжнім сьвятле фараў, - зусім блізка, - воз з сенам! Па левай абочыне, с-сука! Тармазіць! Позна! Управа! Фары на імгненьне выхапілі стаўбур дрэва, потым трэск і моцны ўдар у грудзі. Апошняе, што ён убачыў, былі чырвоныя ліхтары “Мэрсэдэса”...
Помста
Па Іслачы плылі раздутыя трупы. Плынь паласкала іхныя раскручаныя абмоткі, падобныя на доўгія водарасьці. Начамі ў вокны хат асьцярожна стукалі і патрабавалі ежы. Вайна, як сялянскі воз па бруку, прагрымела паўз Ракаў і заціхла ў менскім накірунку, пакінуўшы новую ўладу ў выглядзе трох паліцыянтаў.
Ядзя Макіцкая, дэпутатка Вярхоўнага Савету, сабірала рэчы для ўцёкаў. Каторы ўжо дзень угаворвала Тодара, мужа:
- Сабірайся, пойдзем у Душкава да сястры, там перачакаем, паглядзім што будзе. Бо чуе маё сэрца – прыйдуць за намі…
- Ага! Разумная! А гаспадарку хто глядзець будзе? Скаціну куды – на вуліцу, ці можа суседзям раздаць? Не-е, любачка! Табе, можа і трэба дзе перачакаць, а зь мяне які спрос? Я ў “таварышчаў” не засядаў!
- Можна і суседзям… Жыцьцё даражэй…
Загрукалі на ганку прыступкі, ляснула клямка, у хату ўварвалася расчырванелая, задыханая суседка. Садрала з галавы хустку, выцерла ўпацелы твар:
- Ядзя! Курлян са сваімі паліцаямі сюды ідуць! У-уцякайце! Бо заб’юць!
- Ну, Тодар! – У вачах адчай. – Прашу цябе!
- Мяне не зачэпяць, што я ім? Бяжы, давай! Як усё сьціхне – прыеду ў адведкі. – Падхапіў клунак і падштурхнуў Ядзю да задніх дзьвярэй. – Хуценька агародам у лес, потым вакол Паморшчыны. І на чыстае не выходзь, хмызамі ды лесам старайся.
Правёў у канец агароду, дапамог перабрацца праз плот, падаў клунак. Мядзьведзявата, сарамацячыся, абняў:
- З Богам! – Спрытна, як шашок шуснула ў лес. Лес пачынаўся адразу за агародам.
Тодар вярнуўся, падпёр кійком заднія дзьверы, у прабой пярэдніх уставіў трэску, каб відаць было, што нікога няма. Выйшаў за брамку і пакрочыў у цэнтр мястэчка. Насустрач небясьпецы.
Курляна сустрэў на мосьце. Аднаго. Хацеў кіўнуць і шмыгануць міма, але той загарадзіў дарогу і падступіў ушчыльную. Аж патыхнула самагонкай і часнаком. Пырскаючы пенай з вывернутых чырвоных вуснаў, прасіпеў:
- Здароў…
- Дзень добры, Сідар… - пад сэрцам засмактала і Тодар пашкадаваў, што не паслухаўся Ядзю.
- Што чуваць?
- Ну…, дык…, усё добра. Дзякуй Богу. – Тодар, рассыпаючы тытунь засьлініў самакрутку. – Прыпаліць ёсьць чым?
- Я табе зараз прыпалю! – Зьняў з пляча карабін. – Ты гэтта… Дзе твая сучка? – Погляд мутных вачэй цяжкі і непрыемны.
- Хто!? Якая яшчэ сучка!?
- Бальшавіцкая сучка, жонка твая дзе?
- Думаеш – стрэльбу ўзяў, і ўжо над усімі пан? Сучка – твая матка! – Ухіліцца не пасьпеў. Удар прыклада зламаў нос і кінуў на брудныя дошкі. Потым доўга, мо хвілін дваццаць Сідар тоўк Тодара нагамі. Калі змарыўся, хістаючыся і мармычучы нешта пад нос пакрочыў назад, у цэнтр мястэчка. Кроў працякла праз шчыліны насьціла і буйнымі кроплямі падала ў хуткія шкляныя струмені ўтвараючы мутныя ружовыя воблачкі. Вакол іх круціліся чародкі гаркуш і верхаводак. Спалоханыя вочы бялелі з-за шыбаў. Спалоханыя фурманы, што ехалі з кірмаша ў Паморшчыну і Вялікае Сяло асьцярожна абміналі непрытомнае цела. Падабралі калі сьцямнела…