Золата князёўны
- Автор: Ляхновіч Павел
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- ISBN: 978-985-6107-38-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Золата князёўны». Краткое содержание книги:
- Жывы... Аглушыла, відаць як з вазка вываліўся аб зямлю вяцнуўся добра... Хлопцы! Паліце яго вадой, хай ачухаецца!
Праз пару хвілінаў са сьмехам і жартачкамі падвялі немца.
- Васіль Рыгоравіч, відаць трэба яго дапытаць?
- Зараз... Эдзік! Остман! Дапытай немца.
- Што пытацца?
- Ну... Зь якой часткі... Нахалеру нам яго частка?. Спытайся, як клічуць.Чаго ехалі – І, панізіўшы голас, зьвярнуўся да Клопова: - Аляксей Ахрэмавіч, думаю – нам на Івацэвічы зараз рухаць нясьледуе. Нарвёмся яшчэ, і не раз. Давай вернемся назад у горад, там будзем думаць, што далей. Дакументы, што вязём – у балота. Ніхто іх тут ніколі ня знойдзе.
- Згодзен. А што нам з гэтым немцам? Не цягаць жа з сабою!
- Разьбяромся... Эдзік! Дапытаў?
- Значыцца, так! Клічуць немца Фрыдрыхам Мейнэ. Суправаджаў палкоўніка ў якасьці аховы. Больш нічога не ведае.
- Добра. Давай, арганізуй зараз – мяшкі з дакументамі, і немцаў таксама – у балота. Ну, што ты ў твары мяняешся? Ты ж ужо гэтым займаўся, трэніраваны...
... Пётрык, асьцярожна ступаючы па абочыне, дзе расла трава, бо дарожны пыл распаліўся на сонцы і пёк ногі, пачуў ззаду два стрэлы. Азірнуўшыся, убачыў, як жаўнеры раскачалі і кінулі ў багну немцаў. Балота забурчэла, выпусьціла сьмярдзючыя бурбалкі, сквапна засмактала, паглынаючы здабычу...
...Вечарэла. На даляглядзе за балотамі вісеў барвовы шар, кідаючы на навакольле доўгія цені ад скарлючаных дрэў і зарасьнікаў ракіты. На ямах, залітых вадой, плюхаліся, перакульваючыся ўніз галовамі крыжанкі. Аднекуль здалёк прыляцела сойка з жалудом у дзюбе. Пакінуўшы на дарожным пыле крыжыкі сьлядоў, па-зладзейску азірнуўшыся, яна шмыганула ў прыдарожную траву, прыхавала жалуд, і з пераможным крыкам паляцела назад у лясы.
Высока ў небе, раськінуўшы вострыя крылы плыў у блакіце сапсан, азіраючы прастору бязьлітаснымі зоркімі вачыма. Сойка нават не пачула імклівага посьвісту сакаліных крылаў... Так на ўскрайку шашы, былым гасьцінцы, над невядомай магілай нямецкага салдата Фрыдрыха Мейнэ, падняўся праз гады адзінокі дубок.
* * *
Вечарэла. Барвовы шар амаль схаваўся за даляглядам. Гарэлі асушаныя балоты. Дымы тарфяных пажараў расьцякаліся па навакольлі і ў паветры стаяў іх удушлівы пах. Пётрык Крыўда – так і застаўся Пётрыкам, нягледзячы на сьсівелую галаву – прыціснуў локцем лейцы, разьлёгся на пахкім сене. Сьледам за ягоным возам паўзла белая на фіялетавым небе поўня, ўзбуджала цьмяна акрэсьленыя думкі і тугу пад сэрцам. Маленькі вараны конік спакойна цокаў капытамі па асфальце, ціха шамацелі гумовыя колы. Конікам не трэба было кіраваць. Пётрык драмаў, змораны доўгім, ад цямна да цямна, працоўным днём. Сны мітусіліся вакол яго, блытаючыся зь явай. Часам узьнікалі твары маці і бацькі. Няма ўжо маці, а бацьку як схапілі НКВДзісты напярэдадні вайны, так і прапаў. Зрэдку расплюшчваў вочы і дзівіўся, як за ягонае жыцьцё зьмяніўся навакольны пейзаж. Вось там, дзе зараз малады дуб, рускія на ягоных вачах застрэлілі немца і кінулі ў балота. Зараз ад балота не засталося і сьледу...
...Цямнела. Зручна разьмясьціўшыся за штурвалам грузавога “Мэрсэдэса”, Вольфганг Мейнэ з хваляваньнем разглядаў нязвыклы дзікі пейзаж. Далёка, аж пакуль сягае пагляд, раськінулася плоская як стол раўніна, перарэзаная сеткай меліярацыйных каналаў, парослая там-сям непралазнымі хмызьнякамі і невялікімі выспачкамі маладых хвойнікаў. Куды ні павернеш галаву – зарывы пажараў. І непрыемны пах тарфянога дыму... На краі раўніны паказаліся агні горада. Недзе ля гэтага гораду на пачатку вайны з рускімі прапаў бацька, Фрыдрых. Колькі дзесяцігоддзяў таму позірк яго спыняўся на гэтым даляглядзе, на гэтай рацэ... Можа, дзесьці тут ляжаць ягоныя косьці? На сэрцы Вольфганга было ўрачыста і горка...
...Эмануэль Барысавіч Остман ціснуў на акселератар “Джыпа”, не тармозячы нават калі праносіўся праз цёмныя, без ніводнага агеньчыка вёскі. Сяляне кладуцца рана. Вочы сачылі за дарогай, рука ляжала на штурвале, думкі былі далёка. Абдумваў чарговы артыкул кніжкі мемуараў.
Жыцьцё амаль удалося. Ён – генерал. Ён быў прыбліжаны і аблашчаны самымі высокімі людзьмі... І нават зараз, на пенсіі, ён не губляе сувязяў з моцнымі. Яго не забываюць. Тое, што яго, сёньня жыхара другой краіны, аб’явілі ганаровым грамадзянінам гэтага гарадка, дзе пачалася кар’ера, вельмі грэе самалюбства... Хоць якая Беларусь іншая краіна, калі Федэральная Служба Бясьпекі робіць тут што хоча! Вось – дазволілі ганароваму грамадзяніну разьмясьціць тут сваю справу. Нават памяшканьне далі. Гэта, натуральна крыху каштавала, але тое, што для маскоўскага генерала – капейкі, для мясцовага чыноўніка вялізныя грошы... Адзінае, што ўсе апошнія гады не дае спакою, дзярэ і цісьне знутры – несправядлівасьць, зь якой прыйшлося сутыкнуцца. Чаму? Чаму так абышліся менавіта зь ім? Ён жа пра гэтага Клопова ведае ўсё. Хто ён такі, гэты Клопов? У мемуарах будзе так: “У чэрвені сорак першага быў пакінуты ў тыле ворага членам падпольнага камітэта КП(б)Б, а ўжо ў верасьні ён пакінуў сваіх таварышаў, сышоў у родную вёску, адсядзеўся там, адпусьціў бараду, потым перайшоў лінію фронту і апынуўся ў шыкоўнай “зямлянцы” гасьцініцы “Масква”. Прасядзеў у сталіцы да верасьня 1942 года. Потым самалётам закінулі Клопова ў Беларусь, ужо сакратаром падпольнага камітэту партыі. Праз некалькі месяцаў – прысвоілі званьне генерал-маёра, а потым і Героя Савецкага Саюза. За што? Немца жывога ў вочы не бачыў.”