Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Золата князёўны - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Золата князёўны

Электронная книга - «Золата князёўны». Краткое содержание книги:

“Золата князёўны” – чарговая кніга пісьменніка, перакладчыка, сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў. У зборнік увайшлі апавяданні і байкі. Большасць апавяданняў – гэта гісторыі з уласна перажытага, перадуманага. Аўтар, былы паводнік добра ведае і доўгае расстанне з домам, і сум па бацькоўскай хаце, і радасці вяртання, і шчаслівыя моманты сяброўскіх, сямейных сустрэч. Апавяданні, сабраныя ў зборніку, рознапланавыя, рознаколерныя і шматкультурныя. Кожнае з іх – гэта іншая часапрастора, але ўсе разам спалучае добрае пяро аўтара, яго здольнасць назіраць за чалавечымі паводзінамі, уменне разумець захаванні і парывы душы кожнага са сваіх персанажаў. Невялікія па аб’ёме творы нясуць у сабе багаты арсенал інфармацыі, пачуццяў, планаў.
1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 44
Перейти на страницу:

- Ну, сакратар, што рабіць будзем? – Зьвяртаецца да Клопова Корч, калі канчаткова стала зразумела, што ўдыхнуць жыцьцё ў рухавік не ўдасца. – Далей удвох небясьпечна, наскочым на немцаў – як адбівацца будзем? Прапаную адправіць зараз тваёй машынай некалькі хлопцаў у Стычанічы, хай двое-трое калёс у кулакоў рэквізуюць. О! Хай легкавік твой на падводы зьмяняюць! Ха-ха! Ашчасьлівяць шляхцюкоў! Бо калі мы машынай, то наша ахова за намі не пасьпее. Дні за два да Івацэвічаў дабярэмся, там нашых сустрэнем. А грузавічок трэба з дарогі прыбраць – можа ўвагу з паветра прыцягнуць...

...- Даюць нам, здаецца, па мордзе, сакратар. “Есьлі завтра вайна, есьлі завтра в паход...!”, курва! “Будзем біць врага на яго церыторыі...!” – Разьлёгшыся на сярэднім возе бурчыць Корч, калупаючы ў зубах сухой саламінкай. – Што гэта ты такі невясёлы? Боязна?

Твар Клопава сапраўды невясёлы і пакамечаны.

- Сам думай, што ўслых казаць! Нічога! Усёроўна мы пераможам! – Сьцішана, амаль шэптам адказвае сакратар і вачыма паказвае на сьпіну Эмануэля Остмана, што з дубцом сядзіць уперадзе, за фурмана, і раптам крычыць дзіка, вылупляючы вочы: Ціха! .Ціха, кажу!

Перабіваючы рыпеньне колаў уперадзе, за паваротам дарогі, чуцён трэск рухавікоў.

- Дачакаліся, р-рудая п-піцунда! – Твар Клопова са счарнелага робіцца зеленкаватым. – А можа нашы?

- Якія нашы?! Матацыклеты! Гэта немцы! – Корч ускоквае на ногі. – Хлопцы! Усе ў трысьнёг! Падрыхтавацца да бою!

Як гарох з сыпанулі з дарогі. Зачвякала пад коламі, захрабусьцеў трысьнёг. З-за павароту выехала чорная легкавушка. Ззаду і сьпераду – матацыклы з вазкамі. Немцы. Пярэдні падняў руку. Спыніліся.

* * *

...Фрыдрых Мейнэ, зручна ўмасьціўшыся ў вазку матацыклета, трымаючы правай рукой за рукаятку “Машынэнгэвэр”, з задавальненьнем разглядаў чужы дзікі пейзаж. На павароце дарогі, што зарасла паабапал высокім трысьнягом, яны дагналі басаногага бруднага хлапчука з вудай і трыма вялізнымі рыбінамі, начэпленымі на лазовую галінку. “Багатая краіна. – Падумаў Фрыдрых. – Няблага было б атрымаць тут маёнтак. Калі ўжо смаркачы могуць лавіць такіх монстраў... Зямлі мала, але можна арганізаваць гадоўлю рыбы. Загарадзіць сажалкі, разьвесіць над імі электралямпачкі. Тут шмат балотаў, значыць павінна быць шмат камароў, начных матылёў. Яны будуць ляцець на сьвятло і падаць у ваду. Рыбу не трэба будзе падкармліваць...”

Закончыць думку не далі. “Опель”, за якім яны ехалі, спыніўся. На пярэднім матацыкле суправаджэньня ўперадзе заўважылі фурманку, што нырнула ў трысьнёг.

...Пётрык Крыўда з цікавасьцю разглядаў нябачаныя траскучыя машыны, што дагналі і спыніліся ля яго. Той, што сядзеў у легкавушцы нешта гергетнуў і махнуў рукой. Задні матацыклет з кулямётам на вазку асьцярожна аб’ехаў легкавушку, затрашчэў мацней, шпарка, хістаючыся і падскокваючы паімчаўся ўперад. Праехаўшы метраў трыста, ён раптам, не збаўляючы хуткасьці вільнуў з дарогі і перакуліўся. “Тах-тах-тах” данесліся праз некалькі імгненьняў вінтовачныя стрэлы. Легкавушка не разьвярнуўшыся ірванула задам па дарозе адкуль прыехала, а кулямётчык з матацыкла, што застаўся даў некалькі чэргаў па трысьняговых зарасьцях. Потым паімчаў сьледам. Усё адбылося так хутка, што Пётрык не пасьпеў нават спалохацца. Стаяў і глядзеў, як яны аддаляюцца. Калі немцы ўцяклі, патэпаў уперад, да перакуленага матацыкла.

Сонца падала на дарогу праз трысьняговую сьцяну. Тварам уверх ляжаў на дарозе чалавек у шэра-зялёным адзеньні. Чорная кроў запяклася на тым твары. Як у бацькі, калі яго забралі з дому. Дзе ён? Чаму не вяртаецца? Мама нічога не адказвае, толькі плача, калі Пётрык пытае яе пра тату.

- Мальчык, немцы зьехалі? – Трысьнёг зашамацеў, заварушыўся, і на дарогу выбраўся жаўнер, мокры і брудны. У сіняй фуражцы. Той самы, што вёў тады тату. Пётрык насупіўся і маўчаў.

- Эдзік! Правер, ці жывыя матацыклісты? Асьцярожна падыходзь! Вазьмі на мушку!

Трымаючы нагатове рэвальвер жаўнер сьхіліўся над акрываўленым немцам, потым падыйшоў да другога, той ляжаў нагамі ў балоце, тулавам на сухім.

- Гэты гатовы!... А гэты дыхае, здаецца! – Затрашчэў трысьнёг, загаманілі людзі, зачвякала балота. Храпучы, коні вывалаклі на дарогу тры сялянскіх вазы.

- Хлопчык, ты дадому ідзеш? То ідзі! Раскажы там людзям, маўляў партызаны ўступілі ў бой з вялікай колькасьцю немцаў і ў тым баі перамаглі. – узбуджана кажа Клопов. Увогуле зараз усе узбуджаныя, гаманкія і ўсьмешлівыя. – Васіль Рыгоравіч, што з тым немцам?

1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 44
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)