Золата князёўны
- Автор: Ляхновіч Павел
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- ISBN: 978-985-6107-38-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Золата князёўны». Краткое содержание книги:
- Тодарка, зямляк! Ты за тую бойку злуешся? Ну прабач, зямляк, п’яны быў, нічога не памятаю.
- Зброя ёсьць?
- Якая зброя? Нахалеру мне тая зброя? Німашака нічога! – Вывернуў кішэні, расьхінуў крысьсё фрэнча, задраў кашулю. – Во! Нахалеру яно мне!
- Ну, то выходзь. – Тодар крыху адступіў у бок і прапусьціў Сідара ўперад.
Выйшаў Сідар на ганак, і – шусь пад парэнчу, ды за вугал, ды з усяе сілы – праз падворак, да лесу.
- Стой, Курлян! Не ўцячэш! – закрычаў Макіцкі і паклаў свой ППШ на парэнчу. – Стой, кажу!
Ня слухае Курлян, ляціць што лось, нават галаву як лось закінуў. Выцаляў тады Тодар і ляснуў адным стрэлам. І разьбіла куля апошні пазванок у хрыбетніку. Прамазаў Тодар, ніжэй цаляў, па мяккаму.
Пагрузіў зьнерухомелага Курляна і ськінуў ажно ў Ракаве, на мосьце. Сам, мармычучы нешта пад нос, паехаў дадому і там добра-ткі напіўся. Сам-адзін.
Спалоханыя вочы бялелі з-за шыбаў. Спалоханыя фурманы, што ехалі з кірмаша ў Паморшчыну і Вялікае Сяло асьцярожна абміналі нерухомае цела. Кроў працякла праз шчыліны насьціла і буйнымі кроплямі падала ў хуткія шкляныя струмені ўтвараючы мутныя ружовыя воблачкі. Вакол іх круціліся чародкі гаркуш і верхаводак. Падабралі калі сьцямнела…
***
Курляна не судзілі. Краіне патрэбны былі працаздольныя зэкі. Моцы ў ім яшчэ заставалася на дваццаць пяць гадоў. Ён правёў іх на ложку ля вакна, што выходзіла на ракаўскае возера, сярод якога ўздымаецца старажытны курган.
А Макіцкі згарэў хутка, як сьвечка.
Неспасьцігальныя задумы Твае, Госпадзе…
Апошні нячысьцік
(ненавуковая фантазія аб мутантах)
Вясну перажылі двое, Кырр і Куга. Вяртаючыся з Выраю птушкі прынесьлі на крылах Мору, і шмат іх засталося ўскалмачанымі рознакаляровымі купінамі ляжаць на берагах рэк і азёр. Драпежнікі аб’ядаліся падлай. Потым Мора разьятралася, як дзік, што адчуў смак крыві, і накінулася на людзей. Людзі трэсьліся, пакрываліся пухірыкамі, заходзіліся сухім дзярпучым кашлем і на пяты дзень сыходзілі ў Вырай. Целы ахвяраў закапвалі ля ўваходаў у буданы, а калі Мора ахапіла ўсё племя і закапваць ужо не было каму, засталіся ляжаць. Ад іх па навакольлі расьцякаўся цяжкі пах тлену. Мядзьведзі і ваўкі ішлі на гэты пах і расьцягвалі трупы па навакольлі.
Кырр прачнуўся на досьвітку ад гукаў ваўчынай грызьні ў суседнім будане. Працягнуў руку за зброяй – палкай з уціснутым і моцна абвязаным у расшчэп на канцы вострым крэменем. Выйшаў з будана і заплюшчыўся – вочы балюча разанула няяркім яшчэ ранішнім сьвятлом. Вельмі балела галава і скура, яна была адчувальнай як адкрытая рана. Ваўкі з разьдзьмутымі жыватамі стаялі непадалёку і разглядалі яго строгімі жоўтымі вачыма. Кырр хрыпла закрычаў, замахнуўся дроцікам. Потым падняў ламачыну, кінуў. Ваўкі ляніва адскочылі і зьніклі ў падлеску. Пайшлі ў бок ракі. Наеўшыся мяса ваўкі заўжды п’юць.
“Яшчэ пяць разоў я ўбачу ўзыход Яра. – Падумаў Кырр. – І сустрэнуся з бацькамі, з братамі”. Цела калацілі дрыжыкі, выламвала суставы, гэта было вельмі пакутліва і Кырр хацеў хутчэй трапіць у Вырай.
Разьдзіраючы кашаль пачуўся аднекуль зьверху. Кырр падняў галаву і высока на дрэве заўважыў гняздо складзенае з галінак сярод тоўстых сукоў. Кашлялі там. Рукі і ногі не слухаліся, сэрца калацілася і Кырр, пакуль дабраўся да гнязда ўвесь пакрыўся халодным, ліпкім потам. Там, раськідаўшыся на скуры аленя ляжала Куга, дзяўчына зь іхняга племя. “Тут нас разьдзяўбуць, гэта лепш, чым быць зьедзенымі ваўкамі, нашы целы стануць птушкамі і будуць блізка ад Яры, а ўвосень яны палятуць у Вырай. Цікава, ці пазнаем мы там свае целы ўвасобленыя ў птушак?” – Падумаў хлопец, прымошчваючыся каля Кугі.
* * *
…Кырр ляжаў за паваленым дрэвам на краі вялізнай паляны. Цікаваў за статкам аленяў. На паляне пасьвілася дзічыха, узьдзіраючы пласты зямлі доўгім магутным лычам, за ёю зь віскам корпаліся маленькія паласацікі і леташнія чорна-бурыя, падрослыя ўжо падсьвінкі. Дзічыха – чорная і гарбатая, з хібам на ўзноўні Кырравага падбароддзя – выглядала сярод свайго статку як курган сярод купін. Дзікі пакрысе набліжаліся і можна было б паспрабаваць здабыць падсьвінка, але Кырр добра ведаў нораў дзічыхі, ня раз ужо ратаваўся ад яе на дрэвах. Таму ўсю ўвагу засяродзіў на аленях. Іх было шмат – каб падлічыць не хапіла б пальцаў на руках і нагах разам у Кырра, Кугіы і іхняга малога, што нарадзіўся дзьве Луны таму. Сярод аленяў дурэлі, пацешна скакалі на доўгіх танклявых ножках шэра-рыжыя, у белых плямах аляняты. Тыцкаліся пысачкамі да матчыных цыцак, смакталі, потым адыходзілі і клаліся ў траву – зьнікалі, губляліся сярод блікаў, што пасылаў на зямлю скрозь лістоту Яр. Кырр ведаў – малыя аляняты будуць таіцца да апошняга, а старыя проста ўцякуць.