Золата князёўны
- Автор: Ляхновіч Павел
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- ISBN: 978-985-6107-38-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Золата князёўны». Краткое содержание книги:
- Няўжо за паганую папяросу на сваіх дакладваюць?
- Ня ведаю... Людзі розныя... Іншыя хоць забівай іх – подласьць не зробяць, а іншыя самі шукаюць – як прадацца. Хоць бы і за недакурак абсьлінены. Такія рэчы ты сам павінен ведаць – не хлапчук ужо.
- Слухай, а што рабіць, калі зьбіваць пачнуць?
- А скуль я ведаю?... Кажуць, ёсьцека ў іх пара вялі-ікіх адмыслоўцаў па гэтай справе. Тут думка мая такая: Гледзячы ў чым прызнацца хочуць прымусіць. Бо могуць і замардаваць, а справы было – ну, скажам на гадоў на колькі там зьняволеньня. То ў такім выпадку лепей падпісаць, ды жывым застацца. А ўвогуле – не ўгадаеш, у іх як што – куля ў патыліцу. Не, не ведаю я...
Маркотна Сяргею на душы. Ня верыцца нават, што гэта ён, зьбіты сядзіць зараз у сьмярдзючым сутарэньні пад будынкам былога калегіюма. Здаецца яму, што гэта сон, што варта толькі прачнуцца і ўсё будзе на сваіх месцах – маленькая, але ўтульная кватэра з двух пакояў, Пётрык, жонка. Дзе яны зараз? Што зь імі?
- Як пана на імя? – На плячо кладзецца нечая рука. – Чы то вы, пане Крыўда?
- Ойча Казімеж, вы? Дык і вы тут! А летась, калі службу забаранілі, то казалі – вас некуды ў Сібір гэты кляты зьвезьлі. Амаль кожную ноч цягнікамі звозяць.
- Не, былэм пад сьледствам. Але юш вкрутцэ – на Сібэр’я. Естэм шпэгам Ватыкану. – Казімеж горка ўсьміхаецца. – Пятнасьце лят увензьненя.
- О-ёй-ё-ёй ! Пятнаццаць гадоў! І цэлы год сьледства ішло? І суд быў?
У цемры засьмяяліся:
- Пра які суд ты кажаш? Прыйшлі сюды, зачыталі вырак. Нейкая тройка завочна судзіць. Клопов – сакратар гарадскога камітэту бальшавіцкага, Корч – начальнік НКВДэшны, і яшчэ нехта трэці. А сьледства... сьледства, братка тут па-рознаму. Можа пару тыдняў, а могуць некалькі месяцаў марнаваць бязь ніводнага допыту.
Сяргей сядзіць на краі памоста абхапіўшы галаву і качаецца ўлева-управа, улева-управа. “Спокуй! Спокуй, пане Крывда!” – сьвятар кладзе яму на лоб халодную далонь, і Сяргею лягчэй. Ён падцягвае ногі да падбародка і засынае. І там усе падзеі сёньняшняга вечара здаюцца яму сном.
* * *
Ды-н-н-к-г! – Ляснула так, што зазьвінелі шыбы і са сьценаў пасыпалася тынкоўка. Эмануэль уціснуў галаву ў плечы, звыкла чакаючы дажджу з каменьчыкаў. – Не, гэта не гарматка чырвонаармейцаў. Гук нашмат мацнейшы і час занадта раньні, толькі-толькі сонца выкаціла над зялёным морам трысьнягу за ракой. Азірнуўшыся – ці не бачыць хто – Эмануэль пакінуў ганак і забег за кут будынка. Чорны слуп дыму падымаўся над заходняй часткай горада.
- Вартавы, т-т-ваю маму распранагіб-бон...! Дзе вартавы! – О, халера! Начальства прынесла апраметная. І трэба ж якраз тады, калі пакінуў ганак на хвілінку! Ой, як несвоечасова! Ну, зараз пачнецца...
- Тут я, таварыш Корч! – Што гэта зь ім? Чырвоны, потны, быццам ад сабак уцякаў, расхрыстаны. – Я тут. Глядзеў, што гэта там грымнула.
- Праз дваццаць хвілін – да мяне! – І пераскочыўшы праз чатыры прыступкі зьнік у праёме. Здаецца, пранесла. Але што там гарыць?
...У прасторным кабінэце Карча прахалодна, хоць заканчваецца чэрвень. Чэкісты, грукаючы затыльнікамі вінтовак па брудным дубовым паркеце расьселіся на шырачэзных, падваконьніках, на нешматлікіх крэслах, прысланіліся да сьценаў. Голас начальніка нязвыкла згубіў іранічна-скандальныя ноты, гучыць трывожна і няўпэўнена:
- Хлопцы, здаецца – вайна. У парткам тэлефанавалі – сёньня немцы перайшлі мяжу. С-с-саюзьнічкі, дышла ім в жупан!... . Потым сувязь прапала. Добра, каб гэта было толькі правакацыяй, але трэба рыхтавацца да горшага. Першае – у нас пяцьдзесят два чалавекі ў сутарэньні. Выпускаць іх нельга. Там усе – ворагі народнай улады, дарма, што сьледства ня скончана. Да вечара, сама пазьней заўтра іх трэба ліквідаваць. І – каб ціха. Месца для ліквідацыі – лясны масіў за вёскай Гарадок. Якраз недалёка чыгунка. Да Гарадка – ў вагоне, пад выглядам эвакуацыі, каб не панікавалі і не паспрабавалі зьбегчы. Далей – такая легенда: немцы разбамбілі чыгунку і трэба прайсьці колькі там пехатой... Ліквідацыяй зоймуцца ты, ты, ты,... - пачаў тыцкаць пальцам Корч, пазначыўшы чалавек дзесяць. – Старшым, і адказным за ход аперацыі назначаю... будзеш ты, Эдзік... Эману...ля, цьху, язык зломіш!, Остмана! Эдзік, потым застанешся – падрабязна пагутарым.
Далей! Ты, ты, ты і ты – падрыхтоўка дакументацыі і маёмасьці да эвакуацыі... – На стале слаба дрынькнуў тэлефон. – Слухаю, Корч! Так! Так! Ну, і што? Я вам што – пажарны? Аляксей Ахрэмавіч! Зьбірай паперы, тыя што найбольш важныя, ахову вам і дакументацыі арганізую, а пажар тушыць – выбачай, не мая справа. Добра. Добра! Разам! Мае хлопцы і твае. Прышлі каго, хай зброю атрымаюць. І наконт транспарту паклапаціся. Што ў мяне? У мяне адзіная палутарка, і тая ледзьве дыхае! – Абвёў вачыма падначаленых. – Клопов тэлефанаваў, сакратар. Здаецца, наклаў у штаны. Будзем дапамагаць ім даваць дралу... Раніцай самалёт бомбу на збройны склад ськінуў, гэта ён зараз гарыць... Ну, і хай сабе. Ня наша справа!