Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
І што тады, дзеткі мае, адбылося! Усе анёлы стаялі навокал пасаду і сьсівелых ад доўгага веку дзядоў, у якіх бароды цягнуліся па зямлі ў некалькі аршынаў – як воблакі плылі па зямлі, і як па небе, і не чуваць было нават, як яны, бароды, сунуліся па зямлі. Яшчэ тамсама стаялі чатыры жывёліны, і яны няўзнак укленчылі перад пасадам, упалі пысамі ў зямлю і сукланіліся Богу. Так яны ў маўклівасьці стаялі працяглы час, даказваючы і паказваючы сваю павагу і любоў, а потым мовілі ўжо не такім, як натоўп, зычным голасам, а нейкім сцішаным, пакорлівым і спадзеўным:
– Амін! Амін! Амін!..
– Багаслаўленне і хвала, і мудрасьць, і падзяка, і чэсць, і моц, і сіла Богу нашаму на вечныя вякі! Амін!
І тады ж, у тое імгненьне, азваўся адзін з тых сівых пракаветных дзядоў, якія пражылі мо не адну тысячу гадоў, павярнуўшыся да Яна, стаўшы на поўны рост, выпнуўшы наперад грудзі:
– Адкажы мне – гэтыя, апранутыя ў белыя шаты, – хто яны і скуль прыйшлі?
Ян, усміхнуўшыся, мовіў з хітрым прымружам вачэй:
– Быццам ты і сам, васпане, не ведаеш, адкуль і чаго яны завіталі сюды?
І адказаў тады сцвярджальна і радасна доўгабароды, што сьвяты Ян усё чысьценька ведае і адчувае, што ад чаго дзеецца і да чаго прыдзе, ускінуўшы да неба рукі і барада яго гэтак жа ўзьнялася да неба, зьлілася з кужэльнымі воблакамі:
– Так, сапраўды, гэта тыя, што прыйшлі зь вялікага гора. Так, яны памылі апранахі свае і выбелілі апраткі свае ў крыві Ягняці! Дзеля гэтага яны перад пасадам Бога, і служаць Яму ўдзень і ўначы ў храме Ягоным. І сам ведаеш, васпан Іаан, што і Сядзячы на пасадзе жыцьме ў іх. Так трэба. Так загадана Богам і Небам. І таму ня будуць яны ўжо хацець есьці ані піці, і не падзе на іх сонца, аніякая жадная спёка. Бо Ягня, што пасярод пасаду знаходзіцца, будзе іх пасьвіць і вадзіць іх да жывых крыніцаў. І абатрэ тады Бог кожную слязінку з вачэй іхніх, асабліва дзіцячых...
Апавядальніца зноў заціхла, услухоўваючыся ў сябе, у хлапечыя душы, перажывала адначасова – ці не нагаварыла чаго непатрэбнага для іх, бо не разумеюць жа яны ўсяго, пра што яна казала-мовіла, – калі ўжо на тое, то яна і не ім апавядала, а самой сабе апавядала, правяраючы, ці ў суладдзі яна з Богам, ці не забылася пра тое, што апавядаў сьвяты Ян-Іаан, але ў тайнічках сваёй душы верыла ўсё ж – хаця ж і не ўсё зразумелі яе малыя слухачы-субяседнікі, але зярняткі надзеі і спадзявання яна ўсё ж пасеяла ў іх душэўную ральлю. І гэта яны потым, калі падрастуць і стануць мудрымі, стаўшы дарослымі чалавекамі, успомняць яе словы. Абавязкова ўспомняць. Не плевелы-пустазелле яна кідала ў ральлю, а Божае слова, дабрыню і пяшчоту. Зярняткі некалі прарастуць і вырастуць буйным і магутным дрэвам. У іх народзіцца вера ў светлае і добрае, і яны павераць, пераканаюцца потым – усім на свеце кіруе Бог. А чалавеку пакідае толькі магчымасць і жаданне служыць яму, Богу. У іх наперадзе цэлае жыццё, і таму яе словы былі як бы абярэгам ад уздзеяння на іх душы чорных сілаў...
Хлапчыкі разважалі над словамі Васіліхі. Сваім дзіцячым розумам яны не разумелі сапраўднага сэнсу сказанага, але адчувалі, што баба расказвала ім не казку пра чароўныя пераўтварэнні і цуды, а нешта больш значнае, без чаго не абыходзіцца ні адзін чалавек на зямлі. Нешта падобнае расказвала і маці, але яна гаварыла неяк не так, трошкі інакш, больш проста і коратка. У бабы ж Васіліхі тое атрымлівалася нейк прыгожа і таямніча, словы захоплівалі, бралі ў палон, абвалоквалі мройным туманом, суцішвалі боль, а замест яго тут жа падкатвалася суладнасць і супакаенне.
– Баба, а баба, а што ж было далей? Што сталася з тым Ягнём? Ты не думай, што мы маленькія і нічога не разумеем. Мы ўсё чысценька разумеем, толькі пераказаць не можам. Бо не ўмеем мы яшчэ пісаць і чытаць. Але з цягам часу навучымся, вось пабачыш...
Васіліха стомлена ўсміхнулася:
– Навучыцеся, хлопчыкі, навучыцеся, чаму ж не навучыцеся? На тое і мае чалавек розум, каб навучыцца грамаце. А што далей было, пытаецеся? Цікава было далей. Але не ўсё ж адразу і расказваецца. Ва ўсіх добрых клопатах павінны і перапынкі быць, бо чаго зашмат, тое не на карысць і ўжо нецікавым робіцца. Вы разбярыцеся з тым, што пачулі, а потым праз нейкі час зноў наведайцеся.
– А калі, баба Васіліха? – удакладніў Віцька.
– А вы самі павінны пра тое ведаць, – усміхалася, гледзячы на іх, бабуля, паднялася з услона, патэпала да печы. Прыўзнялася на дыбачкі, прасунула некуды руку і, мусіць, з нейкага патаемнага мяшэчка зачарпнула жменю і другую гарбузікаў з арэхамі, сушоных дзічак-грушак... – Во, вазьміце, патачыце зубкі...
Жанчына забожкала, зноў гледзячы ў вокны. На дварэ пачынала ссутоньвацца, на шыбах вымаляваліся дзвосныя ўзоры. Ведама ж – дужэў мароз, браўся ў сілу. Жанчына як бы ўжо й не глядзела на хлапчукоў, якія завіталі да яе ў госці, яе ўжо непакоіла нешта іншае – трывожнае і неадступнае. Яна прыкусіла ніжнюю маршчакаватую губу, задумалася на момант – як вырашала нейкую сваю задачку, якая непакоіла яе, турбавала. Васіліха то падыходзіла да печы і заглядвала ў яе чорнае чэрава, то спынялася каля акна, зноў жа нешта выцікоўваючы. Але што можна было там ўбачыць, калі па шыбах спрэс мароз намаляваў дзівосныя казачныя галіны і карункі...