Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Падціскаў ужо ладны марозік, дужаўся з кароткім зімовым днём, рожкамі маладзіка біў пад бокі, браў верх. Заходзіліся ў шпары ногі, праз дзіравыя чаравікі дапякаў холад, але Пятрусь не спяшаўся ўцякаць ад яго ў хату, хаця не адзін раз гукала маці і пагражала нават:
– От бо выйду, ды перацягну бацькавай дзягай па рэбрах – не хапала яшчэ, каб застудзіўся на такой халаднечы... От, Божачка, неслух расце, ну што з ім паробіш!.. Ідзі дадому – зараз жа!
Пятрусь усміхаўся, чуючы матчын голас, але ведаў, што яна зусім і не злуецца, занятая сваімі клопатамі ў хаце, а сварыцца для прыліку, каб паказаць сваю злосць, што не адабрае яго стаяння на вуліцы.
– Іду, іду! – адгукваецца сын, але ўсё яшчэ не адрывае позірк ад вялікага сланечніка-круга, не ведаючы, чаму ў яго ногі прыраслі да ўмерзлай са снегам зямлі, і якая колецца тысячамі іголачак, што і ўтрываць нельга, як не танцуе, пераступаючы з адной нагі на другую.
А сонца завісла над Шкрадзюковымі платамі, што ледзьве тырчаць з-за гары снегу, – яно акурат уціснулася ў разгаліну куртатай дзічкі, – як зачапілася сядно ў тую расшчэліну і не мела сілы адарвацца, вылузацца з палону і нырнуць за высокія сумёты шэрай смугі гарызонту.
Недзе брахнуў коратка і як бы боязна сабака – ці не ў Аўгушовых, а мо і за імі ў каго, не разабраць. Рэха паскакала па сумётах і платах, як мячык, – і зглухла ў кустоўі, што падступаліся да лугоў.
Ногі ўжо, здавалася, не адчувалі холаду. Яны ўжо зліліся з халадэчай, і Пятрусь забыўся на перасцярогу – адно “танцаваў” і слухаў, як парыпвае пад дзіравымі падэшвамі чаравікаў крухмальны снег.
Аднекуль вынырнула нячутна сініца, пырхнула шэрымі крыльцамі і села на частаколіну, што была за паўметра ад хлапчуковых вачэй. Глядзела на яго цікаўным вочкам, як дзівілася з яго – чаго мерзне на такім марозе. Увага хлопчыка перабегла на маленькую птушачку з жоўтай манішкай на грудзіне, і ён не ведаў, як паводзіць сябе побач з ёю. Сінічка прылятала і раней, не толькі зімой, а і летам, восенню, калі з дрэваў злятала зжоўклае лісце. Цяпер жа ён ведаў, што сінічка прасіла ў яго есці. Ён пашкроб кішэні – мо што засталося там пасля сухароў, што насіў заўчора, калі пачаставала маці, – але няшмат назбіралася ў дзіцячую жменьку рэшткаў хлеба.
Выкінуў шалупінне на снег каля плоту – і туды ж адразу пырхнула сінічка, нешта знайшла для сябе, бо дзюбкай раз-пораз дзяўбла нябачны наедак.
“Значыць, засталося нешта для сінічкі, – радасна падумаў хлопчык, зноў запусціўшы руку ў кішэньку, але нічога ўжо выграбці не ўдалося – амаль пустую жменьку выняў і растапырыў пальцы. І зноў сінічка, яшчэ з большым імпэтам, накінулася на пацяруху. – Сам галодны, дык хаця сінічку падкармлю, – падумаў горычна Пятрусь, не адрываючы позірку ад крылатай госці. – Добра ўсё ж дзяліцца з некім, калі хоць нешта маеш...”
Ён зноў зірнуў на Шкрадзюкову грушку, і яго тут жа апанавала расчараванне – сонца ў разгалістай выямцы не было, яно ўжо схавалася за гарызонтам, толькі чырвоныя водсветы выпраменьваліся ў крывавых аблоках, што нізка плылі над зямлёю, у тым баку, дзе, як казаў бацька, быў Бабруйск.
Неўпрыкмет знікла і сінічка, ведаючы, што ў хлопчыка скончылася частаванне.Сонца схавалася, не паказаўшы на развітанне нават акраец свайго брыжыка. Ён здрыгануўся, сцепануўся ад холаду. Падышоў да дзвярэй, узяўся за клямку.Яшчэ раз азірнуўся: на небе нават і водсветаў чырвоных ужо не было. Сонца легла на спачын. А мо і ўцякло ад марозу.
Ён адчыняў дзверы, і першае, пра што падумаў, дык гэта пра тое, як яму цяпер адагрэць ногі: іх амаль не адчуваў.
2.
– А што ж было пасля, баба Васіліха? – папытаўся Пятрусь у жанчыны, седзячы насупраць, пазіраючы ў яе светлыя і спагадлівыя вочы. – Раскажы, баба Васіліха...
– Ото калі цікава вам, нябожкі, то і раскажу. Чаму ж не расказаць...
Васіліха нахіліла ў правы бок галаву, прымружыла вейкі, як усё роўна старалася ўбачыць тое, пра што збіралася апавядаць хлапчукам – Петрусю і Віцьку, – уздыхнула, сашчапіла на каленях вузлаватыя спрацаваныя пальцы, вялікімі круціла адзін вакол аднаго, на нейкі момант замоўкла, як збіралася з сіламі і думкамі.
– І пасьля гэтага Гасподзь угледзеў чатырох анёлаў, а яны, у сваю чаргу, стоячы на чатырох вуглох зямлі, трымалі чатыры вятры зямлі, вельмі ж стараліся, каб ня дзьмуў вецер ні на нашую зямлю, ні на глыбокае мора, ні на якае дрэва – малое і вялікае...
“Як толькі такое і можа быць – чатыры вуглы зямлі? – недаўменна думаў Пятрусь, але стараўся не перабіваць бабу Васіліху, бо ведаў, што яна надта ж не любіць, калі яе перабівалі – саб’ецца з думкі і зусім перастане расказваць пра тое, што сніла-мроіла. – Як цікава Васіліха расказвае – дзень і ноч слухаць яе можна...”